Адзіны інтэрнэт-партал сацыяльных паслуг 139.бел пачаў працаваць у Беларусі, паведамілі на дзяржаўным тэлеканале ОНТ.
На старонках парталу разьмяшчаецца ўся інфармацыя, зьвязаная з сацыяльнымі паслугамі і зьменамі заканадаўства ў гэтай сфэры.
Цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня Менску прымае дзясяткі званкоў на дзень. Самыя папулярныя пытаньні — паслугі сацыяльнага работніка і сацыяльнага таксі, выплаты пэнсій і дапамог.
Таксама працуе адзіная тэлефонная служба па нумары 139. Можна паразмаўляць з апэратарам онлайн праз адмысловае акно на сайце. Створана інтэрактыўная карта для самастойнага пошуку інфармацыі.
Заяўкі па сваіх праблемах і пытаньнях можна пакідаць у любы час.
На працягу вясны партал 139.бел павінен запрацаваць напоўніцу. Распрацоўнікі стварылі і яго мабільную вэрсію.