Закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях сацыяльнага абслугоўваньня і сацыяльных выплат» Лукашэнка падпісаў 13 сьнежня.
Яшчэ на стадыі законапраекту гэтыя зьмены выклікалі спрэчкі ў беларускай Палаце прадстаўнікоў, што здараецца нячаста. У асноўным зьмены ў заканадаўства дэпутаты прымаюць аднагалосна.
Тлумачым па пунктах, што памяняе для беларусаў новы закон.
На сацыяльныя паслугі трэба ліцэнзія
З 1 ліпеня ў Беларусі ўводзяць ліцэнзаваньне сацыяльных паслуг. Цяпер арганізацыі, якія аказваюць паслугі ў дзённым пражываньні пажылых людзей ці людзей з інваліднасьцю, мусяць атрымаць ліцэнзію на гэта ў мясцовых органаў улады.
Ліцэнзію трэба атрымаць да 1 кастрычніка наступнага году.
На думку кіраўніка Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Сяргея Драздоўскага, у Беларусі сфэра сацыяльных паслуг і так манапалізаваная дзяржавай. Офіс правоў людзей з інваліднасьцю больш не працуе ў Беларусі, яго зьліквідавалі беларускія ўлады.
«Адна галіна дзяржавы хоча пачаць кантраляваць другую. Напрыклад, цэнтар абслугоўваньня насельніцтва ў нейкім раёне не атрымаў сэртыфікату, а ў раёне ён адзін. І як гэта будзе працаваць? Гэтая сэртыфікацыя ўмоўная, мусяць прайсьці ўсе. Доля прыватнікаў у сацыяльных паслугах вельмі маленькая. Яны займаюць спэцыфічную сфэру, напрыклад галіна сядзелак. Калі дзяржава пачне іх сэртыфікаваць, гэта ўскладніць жыцьцё. Туды і так няма прытоку кадраў. Калі ім ускладняць жыцьцё, яны будуць шукаць іншыя сфэры», — тлумачыць Сяргей Драздоўскі.
Пасьля 2020 году ўлады пачалі масава зьнішчаць НДА па ўсёй Беларусі. Агулам больш за 1300 НДА было зьліквідавана ці самі прынялі рашэньне аб ліквідацыі з 2020 году. Гэта закранула і арганізацыі, якія займаліся сацыяльнай падтрымкай. Такіх, як Офіс правоў людзей з інваліднасьцю (зьліквідавалі ў 2022 годзе) ці арганізацыя «Дзеці Чарнобыля» (у стадыі ліквідацыі).
Дыстанцыйная рэабілітацыя
Таксама ў законе ўводзіцца панятак «дыстанцыйнага сацыяльнага абслугоўваньня». Гэта значыць, што грамадзяне, якім цяжка перасоўвацца праз стан здароўя, будуць атрымліваць дапамогу ў рэабілітацыі, псыхалягічную дапамогу ды іншыя віды дапамогі дыстанцыйна.
Чыноўнікі будуць вырашаць, якія сацыяльныя паслугі патрэбныя людзям
Новым законам уводзіцца мэханізм ацэнкі таго, якія сацыяльныя паслугі патрэбныя грамадзяніну. Калі раней гэта вырашалася на падставе стану здароўя чалавека, то цяпер будзе ўлічвацца яшчэ шэраг фактараў: безбар’ернае асяродзьдзе, умовы жыцьця ды іншае. Як канкрэтна такі мэханізм будзе працаваць, падрабязна пакуль не тлумачылі.
Замест «дамоў інтэрнатаў» будуць «пансіянаты»
Закон прадугледжвае стварэньне сыстэмы «доўгатэрміновага догляду». Гэта значыць, што зараз людзей з інваліднасьцю будуць імкнуцца пакідаць дома, каб чалавек знаходзіўся «у спрыяльным, звыклым дамашнім асяродзьдзі».
А самі дамы-інтэрнаты пераймянуюць у сацыяльныя пансіянаты — дзеля «пазытыўнага ўспрыняцьця такіх установаў». Там плянуюць арганізаваць ня толькі кругласуткавы, але і дзённы стацыянар, дзе людзі з інваліднасьцю змогуць знаходзіцца ня ўвесь час.
На думку Сяргея Драздоўскага, ад зьмены назвы нічога не памяняецца.
«Назваць інтэрнат можна хоць касьмічным караблём. Важна, што там адбываецца. Калі ўзяць самую буйную катэгорыю, псыханэўралягічныя інтэрнаты, там праблема, што людзі пазбаўленыя любога права голасу. Таму, калі ты хочаш перадаць туды чалавека, то табе ставяць умову: ён пазбаўляецца дзеяздольнасьці, а ягоны апякун — дырэктар інтэрнату. Гэта канфлікт інтарэсаў», — кажа экспэрт.
Транспарт для ўстаноў сацыяльнага абслугоўваньня
Для людзей, якія будуць наведваць дамы-пансіянаты ўдзень (дзённы стацыянар), дзяржава абяцае арганізаваць падвоз транспартам.
Такая норма будзе працаваць для тых, хто ня зможа скарыстацца грамадзкім транспартам з прычыны стану здароўя, а таксама людзі, якія жывуць у месцах, дзе няма рэгулярных транспартных зносін.
Пэнсія — праз банк
Раней любы пэнсіянэр мог атрымліваць пэнсію ў паштовым аддзяленьні. Цяпер жа на пошце пэнсію змогуць атрымаць толькі людзі, старэйшыя за 70 гадоў, людзі з інваліднасьцю першай і другой групаў і сем’і, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасьцю да 18 гадоў. Таксама на пошце па-ранейшаму атрымліваць пэнсію змогуць вяскоўцы.
Усе іншыя мусяць атрымліваць пэнсію праз банк: на картку ці ў аддзяленьні.
Беспрацоўе — гэта яшчэ ня «цяжкая жыцьцёвая сытуацыя»
У новым законапраекце чыноўнікі скарэктавалі сьпіс прычын, зь якіх могуць прызнаць, што «чалавек знаходзіцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі» (гэта давала права разьлічваць на сацыяльную падтрымку ад дзяржавы). Напрыклад, са сьпісу выключылі такія прычыны, як «беспрацоўе», «знаходжаньне ў сям’і дзіцяці з псыхафізычнымі асаблівасьцямі». Таксама раней у законе было прапісана, што чалавека «ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі» мусяць утрымліваць сваякі. Цяпер гэтага няма.
«Закон выглядае прыгожа, але не ўпісваецца ў рэальнасьць»
Кіраўнік Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі называе новы закон «прыгожым», але не адпаведным цяперашняй беларускай рэальнасьці.
«Пра набор прапаноў гэтага закону мы гаварылі цягам 25 гадоў, гэта прагрэсіўныя рэчы. Гэта магло спрацаваць раней, але цяпер гэты закон выглядае ненатуральна, ня ўпісваецца ў рэальнасьць. Паводле закону, дзяржава адыходзіць ад групавой прыналежнасьці льготаў да сыстэмы, арыентаванай на чалавека. Аднак пытаньні да таго, як гэта будзе працаваць. Усё будзе грунтавацца на сацыяльнай экспэртызе, а гэта патрабуе супрацоўнікаў найвышэйшай кваліфікацыі, а ў Беларусі сацыяльную працу хаваюць апошнія 15 гадоў. На плечы чыноўнікаў ляжа вялікая куча рашэньняў. А хто гэтыя чыноўнікі? Там людзей з профільнай адукацыяй — меншасьць», — агучвае праблемы экспэрт.
Ён дадае, што цяпер у Беларусі не засталося незалежных структур, якія б маглі кантраляваць сацыяльную працу. Таму закон прывядзе да фармалізму.
«Мы атрымаем адчуджанасьць і фармалізм. Уплыў грамадзян на сфэру зьведзены на нішто. Чыноўнікам няма з кім гэта абмяркоўваць у прынцыпе. Закон не на чалавека артыентаваны, а сыстэмаарыентаваны. З усіх экспэртызаў выдаленыя незалежныя экспэрты, экспэртам паклічуць таго ж чыноўніка. У краіне зьнішчаны інстытут абароны правоў. Чалавек вымушаны будзе атрымліваць тое, што яму даюць, а паўплываць ён ні на што ня зможа. Чыноўнікі будуць прымаць рашэньні, зыходзячы не з інтарэсаў грамадзян, а з інтарэсаў дзяржавы. І стрымліваць гэта няма каму. Пракурорскія праверкі нічога не дадуць, бо пракуроры не спэцыялісты ў гэтай сфэры», — тлумачыць Сяргей Драздоўскі.