Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова падпісала абароннае пагадненьне з Францыяй на фоне асьцярогаў наконт дэстабілізацыі з боку Расеі


Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон
Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон

Падпісваючы ключавое абароннае пагадненьне з Францыяй, прэзыдэнт Малдовы Мая Санду заявіла, што Масква плянуе падарваць стабільнасьць Малдовы і сарваць яе інтэграцыю ў Эўразьвяз.

7 сакавіка ў Парыжы прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнт Малдовы Мая Санду падпісалі двухбаковае пагадненьне аб абаронным і эканамічным супрацоўніцтве.

Пасьля падпісаньня пагадненьня ў Парыжы са сваім францускім калегам, прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам, Мая Санду адзначыла, што Масква ня спыніцца, калі пераможа ва Ўкраіне, і будзе пагражаць астатняй Эўропе, паведамляе малдаўская служба Радыё Свабода.

«Калі агрэсара не спыніць, ён будзе ісьці далей, і лінія фронту будзе набліжацца. Бліжэй да нас. Бліжэй да вас, — заявіла Санду. — Таму Эўропа мусіць выступіць адзіным фронтам», — дадала яна.

Эманюэль Макрон, у сваю чаргу, паабяцаў «непахісную падтрымку» Малдове перад тварам пагрозаў з боку Масквы.

Таксама Санду заявіла, што Масква плянуе падарваць стабільнасьць Малдовы і зьбіць яе са шляху да эўрапейскай інтэграцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму аб сяброўстве ў Эўразьвязе.

«Масква хоча дэстабілізаваць сытуацыю ў Малдове, Масква хоча запалохаць грамадзян Малдовы, тым больш што сёлета ў нас можа адбыцца рэфэрэндум аб уступленьні Малдовы ў Эўразьвяз — прынамсі, гэта мая прапанова, і я спадзяюся, што парлямэнт Малдовы падтрымае гэта», — сказала Санду тэлеканалу Digi24 6 сакавіка, незадоўга да вылету ў Парыж.

Яна адзначыла, што з ваеннага пункту гледжаньня Малдову абараняе ад магчымага нападу Расеі яе ўсходні сусед Украіна, якая апошнія два гады змагаецца з поўнамаштабнай расейскай агрэсіяй.

«Да Малдовы Масква не дацягнецца, па-першае, таму што Ўкраіна — наш шчыт, а Ўкраіна супрацьстаіць [агрэсіі Расеі] і будзе супраціўляцца, а па-другое, таму што ў Малдовы ёсьць магутныя сябры і яна вырашыла быць на баку вольнага сьвету», — заявіла Санду.

7 сакавіка беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў Малдовы Міхаем Папшоем у Бухарэсьце падчас Кангрэсу Эўрапейскай народнай партыі (EPP). Падчас сустрэчы абмеркавалі спробы Расеі дэстабілізаваць сытуацыю ў Прыднястроўі. Таксама Ціханоўская расказала пра спробы падрыву сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Папшой расказаў Ціханоўскай пра крокі Малдовы па эўрапейскай інтэграцыі.

Таксама Ціханоўская і Папшой абмеркавалі правядзеньне супольнай рэгіянальнай канфэрэнцыі па бясьпецы, прысьвечанай пытаньню нэўтралітэту і геапалітычным выклікам.

  • 5 сакавіка Служба выведкі і бясьпекі Малдовы (SIS) выпусьціла папярэджаньне аб тым, што Расея плянуе крокі па дэстабілізацыі краіны, якая імкнецца пазбавіцца шматгадовага ўплыву Масквы і стаць сябрам ЭЗ. Кіраўнік SIS Аляксандар Мусьцятэ заявіў, што ягонае ведамства атрымала «пэўныя дадзеныя» аб заплянаваных на гэты і наступны год дзеяньнях, якія могуць паставіць пад пагрозу ўступленьне Малдовы ў ЭЗ і вярнуць яе ў сфэру ўплыву Расеі.
  • Пры празаходняй прэзыдэнтцы Маі Санду, якая прыйшла да ўлады пасьля перамогі над прамаскоўскім Ігарам Дадонам у лістападзе 2020 году, Малдова заняла цьвёрдую пазыцыю што да эўрапейскага выбару, рашуча асудзіла ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.
  • Кішынёў, як і Кіеў, атрымаў запрашэньне адкрыць перамовы аб сяброўстве ў ЭЗ, а сёлета павінен правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум аб далучэньні да Эўразьвязу.
  • На канец гэтага году ў Малдове прызначаныя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, Санду плянуе балятавацца на другі тэрмін. Яе партыя PAS набрала больш за 40 працэнтаў галасоў на мясцовых выбарах і паперадзе іншых на парлямэнцкіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG