Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вывад расейскіх войскаў і мірнае разьвязаньне сытуацыі. Як у сьвеце адрэагавалі на зварот Прыднястроўя да Расеі


Зьезд дэпутатаў усіх узроўняў Прыднястроўя, Тыраспаль, 28 лютага 2024 году
Зьезд дэпутатаў усіх узроўняў Прыднястроўя, Тыраспаль, 28 лютага 2024 году

Свабода сабрала рэакцыі Вашынгтона, Кіева, Кішынёва і экспэртаў на зварот Прыднястроўя да парлямэнту Расеі.

У ЗША заявілі, што пільна сочаць за сытуацыяй у Прыднястроўі пасьля звароту «зьезду народных дэпутатаў усіх узроўняў» да парлямэнту Расеі з просьбай абараніць рэгіён ад эканамічнага ціску Малдовы.

«Улічваючы ўсё больш агрэсіўную ролю Расеі ў Эўропе, мы ўважліва сочым за дзеяньнямі Расеі ў Прыднястроўі і за сытуацыяй у цэлым», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў аб падтрымцы «сувэрэнітэту Малдовы і тэрытарыяльнай цэласнасьці ў міжнародна прызнаных межах».

«Мы працягваем заклікаць Кішынёў і Тыраспаль да супольнай працы і пошуку рашэньняў надзённых праблем грамад па абодва бакі Днястра», — сказаў Мэт'ю Мілер.

У Кіеве лічаць нядзейным перамоўны фармат з удзелам краіны-агрэсаркі

Пільна за разьвіцьцё сытуацыі сочаць і ў Кіеве. У Міністэрстве замежных спраў Украіны заклікалі да мірнага вырашэньня праблемных пытаньняў эканамічнага і сацыяльна-гуманітарнага характару ў дачыненьнях Кішынёва і Тыраспаля безь якога-небудзь вонкавага ўмяшаньня.

«Украіна выступае за мірнае ўрэгуляваньне прыднястроўскага канфлікту з забесьпячэньнем сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Малдова. Мы лічым перамоўны фармат „5+2“ нефункцыянальным у сувязі з прысутнасьцю ў ім дзяржавы-агрэсаркі Расеі, якая ня можа выступаць у ролі міратворца ні ў якім мірным урэгуляваньні», — адзначаецца ў камэнтары МЗС Украіны.

Апроч таго, у Кіеве падкрэсьлілі, што Ўкраіны працягвае выступаць за хутчэйшы вывад з тэрыторыі прыднястроўскага рэгіёну Малдовы расейскіх войскаў, утылізацыі боепрыпасаў на складах у населеным пункце Кабасна і перафарматаваньне місіі на Днястры з вайсковай на цывільную.

У Малдове ня бачаць рызык анэксіі Прыднястроўя Расеяй

Віцэ-прэм’ер Малдовы Алег Серабран зьвязаў правядзеньне «зьезду дэпутатаў усіх узроўняў» у Тыраспалі з заплянаваным на 29 лютага выступам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў расейскім парлямэнце.

«Цалкам верагодна, што Ўладзімір Пуцін згадае сярод іншага і прыднястроўскі рэгіён. Цалкам верагодна, што ён згадае пра 200 тысяч расейскіх грамадзян у прыднястроўскім рэгіёне. Адзначу, што 90% жыхароў Прыднястроўя — грамадзяне Малдовы. Гэта вельмі важна», — заявіў Алег Серабран у інтэрвію тэлеканалу Euronews România.

Віцэ-прэм’ер Малдовы нагадаў, што ў прыднястроўскім рэгіёне, як і на ўсёй тэрыторыі Малдовы, дазволена мець некалькі грамадзянстваў.

«Шмат хто мае ўкраінскае грамадзянства, у тым ліку і спадар Ігнацьеў, міністар замежных спраў Прыднястроўя. Ёсьць вельмі шмат грамадзян Расеі, Польшчы, Баўгарыі, Румыніі», — дадаў ён.

Алег Серабран таксама ня выключыў, што Ўладзімір Пуцін у сваім выступе «пусьціць сьлязу ад пакут, якія нібыта адчуваюць жыхары гэтага рэгіёну».

«Але ў любым выпадку я ня думаю, што ёсьць шанец, што ён скажа, што Расейская Фэдэрацыя прымае прыднястроўскі рэгіён ці прызнае яго незалежнасьць», — працытавала віцэ-прэм’ера малдоўскае выданьне newsmaker.md.

Інстытут вывучэньня вайны: у Прыднястроўі стварылі перадумовы для эскаляцыі сытуацыі ў Малдове

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што мэтай рашэньняў, ухваленых на зьезьдзе дэпутатаў Прыднястроўя, зьяўляецца стварыць для Крамля глебу для «шырокага кола магчымых эскаляцыйных дзеяньняў супраць Малдовы — дзеяньняў, якія Расея можа ажыцьцявіць неадкладна і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве».

Крэмль усё часьцей агучвае рыторыку пра «суайчыньнікаў Расеі за мяжой», да якіх уключаюць этнічных расейцаў і расейскамоўных, каб яшчэ больш апраўдаць сваю вайну ва Ўкраіне і, імаверна, стварыць інфармацыйныя ўмовы для правакацый у краінах, дзе пражываюць расейскія «суайчыньнікі».

Экспэрты таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што ў рашэньні зьезд выкарыстаў унівэрсальнае слова «абарона», якому пры жаданьні і неабходнасьці Расея можа надаць ваенны сэнс.

«Прыднястроўскія афіцыйныя асобы, імаверна, імкнуцца да таго, каб гэтыя заклікі паслужылі асновай для любога патэнцыйнага расейскага ўмяшаньня ў Прыднястроўе і Малдову ў найбліжэйшай або доўгатэрміновай пэрспэктыве, паколькі яны супадаюць з расейскімі апраўданьнямі папярэдніх інтэрвэнцый, у першую чаргу яе ўварваньня ва Ўкраіну», — адзначаецца ў справаздачы інстытута ад 28 лютага.

Зварот Прыднястроўя да міжнародных арганізацый, у тым ліку да Эўразьвязу, ААН, АБСЭ, Чырвонага Крыжа і АБСЭ экспэрты ISW расцэньваюць як спробу ўладаў рэгіёну легітымізаваць гэтую тэрыторыю як сувэрэнную адзінку, адасобленую ад Малдовы, без прэтэнзій на незалежнасьць і адначасова прадстаўляючы Крамлю падрыхтаваныя абгрунтаваньні для эскаляцыі і ўмяшаньня Расеі пад выглядам выкананьня яе міжнародных абавязкаў.

«Прыднястроўскія звароты не заклікаюць Расею да канкрэтных дзеяньняў і, падобна, маюць шырокі ахоп, каб даць Крамлю найбольш шырокі набор магчымых інструмэнтаў для эскаляцыі і ўмяшаньня, накіраваных на дэстабілізацыю сытуацыі ў Малдове», — мяркуюць экспэрты інстытуту.

Што папярэднічала

Зьезд народных дэпутатаў Прыднястроўя ўхваліў дэклярацыю, у якой абвінаваціў Малдову, што тая разьвязала супраць рэгіёну эканамічную вайну, «наўмысна ствараючы перадумовы для шматмільённага дэфіцыту бюджэту».

Паводле ініцыятывы ўдзельнікаў зьезду, гэты дакумэнт накіруюць у арганізацыі мясцовага самакіраваньня Расеі, Эўрапейскага Зьвязу, АБСЭ, СНД і ў Чырвоны Крыж.

«Зьвярнуцца ў Савет Фэдэрацыі і Дзяржаўную Думу Расеі з просьбай аб рэалізацыі захадаў па абароне Прыднястроўя ва ўмовах узмацненьня ціску Малдовы. У Прыднястроўі жывуць больш за 220 тысяч грамадзян Расеі. Расея ўдзельнічае ў міратворчай місіі на Днястры і зьяўляецца гарантам і пасярэднікам у перамоўным працэсе», — адзначаецца ў рашэньні зьезду.

Зьезд дэпутатаў усіх узроўняў склікаў кіраўнік рэгіёну Вадзім Краснасельскі. Мясцовая апазыцыя сьцьвярджала, што на гэтым сходзе прагучыць зварот да расейскіх уладаў з прапановай далучыцца да Расеі.

Наўпрост такога закліку не прагучала, хоць Краснасельскі выказаў шэраг абвінавачаньняў на адрас уладаў Малдовы, у тым ліку ў генацыдзе жыхароў Прыднястроўя, дыскрымінацыі іх пры перасячэньні мяжы, блякаваньні перамоваў і невыкананьні ранейшых дамоўленасьцяў. Гэта, як адзначаецца ў дэклярацыі, «супярэчыць эўрапейскім прынцыпам і падыходам у галіне абароны правоў чалавека і свабоднага гандлю».

Расея ўтрымлівае ў Прыднястроўі сваю вайсковую групоўку — так званыя міратворчыя сілы. Раней Расея праводзіла іх ратацыю праз Украіну.

Пасьля ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Малдова закрыла сваю паветраную прастору для расейскіх вайсковых грузаў. Праз Украіну гэта таксама стала немагчыма — украінскія ўлады закрылі сваю паветраную прастору, увялі ваеннае становішча і цалкам спынілі супрацу з Расеяй.

Апошняя ратацыя адбылася ў кастрычніку 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG