Сейм Літвы разгледзіць папраўкі да закону аб сельскай гаспадарцы, якія прадугледжваюць часовую забарону на імпарт і транзыт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, якія паходзяць зь Беларусі ці Расеі, паведамляе Delfi.
Пералік тавараў, на якія будзе распаўсюджвацца забарона, павінен будзе вызначыць урад.
Калі новую рэдакцыю закону зацьвердзяць у прапанаваным выглядзе, забарона будзе мець сілу з 15 красавіка 2024 году да 1 ліпеня 2025 году.
- Першай краінай ЭЗ, якая забараніла імпарт сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі зь Беларусі і Расеі, стала Латвія. 22 лютага Саэйма Латвіі ўхваліла забарону на ўвоз гэтай прадукцыі зь Беларусі і Расеі, а таксама з трэціх краін. Забарона ня тычыцца прадукцыі, якая ідзе праз Латвію ў іншыя дзяржавы ЭЗ.
- Эмбарга пачне дзейнічаць з 8 сакавіка. 5 сакавіка ўрад Латвіі зацьвердзіў пералік забароненай для ўвозу зь Беларусі прадукцыі. Забарона распаўсюджваецца на гародніну, садавіну, ягады і арэхі, збожжавыя, кармавую сыравіну і гатовыя кармы. Так, у пераліку забароненых для імпарту — бульба, памідоры, цыбуля, часнык, капуста, морква, агуркі, іншая гародніна. Таксама ў Латвію нельга будзе ўвозіць пшаніцу, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, рыс, сорга і грэчку. Агулам сьпіс забароненых тавараў вялікі.
- 4 сакавіка прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў пра намер ініцыяваць увядзеньне «поўных санкцыяў» на ўвоз у Эўразьвяз сельскагаспадарчых і харчовых тавараў зь Беларусі і Расеі.