Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Польшчы ініцыяваў эўрапейскія санкцыі супраць расейскай і беларускай сельгаспрадукцыі


Дональд Туск і Інгрыда Шыманіце. Вільня, 4 сакавіка 2024
Дональд Туск і Інгрыда Шыманіце. Вільня, 4 сакавіка 2024

Заява Дональда Туска парагучала падчас яго візыту ў Вільню.

Польшча будзе прапаноўваць Эўразьвязу ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да сельскагаспадарчай прадукцыі з Расеі і Беларусі. Прэм’ер-міністар Польшчы заявіў у Вільні, што зьвяжацца са сьпікерам Сэйму адносна падрыхтоўкі такой прапановы да Эўракамісіі. Пра гэта Дональд Туск заявіў у Вільні на брыфінгу пасьля сустрэчы зь літоўскай калегай Інгрыдай Шыманіце.

Кіраўнік польскага ўраду перакананы, што супольнае эўрапейскае рашэньне будзе «значна больш эфэктыўным», чым асобныя крокі асобных дзяржаваў.

«Я хацеў бы, каб мы, увесь ЭЗ, прынялі рашэньне аб санкцыях супраць Расеі і Беларусі, якія тычацца прадуктаў харчаваньня і сельгаспрадукцыі. Гаворка ідзе пра ўзмацненьне санкцый у сувязі з нападам Расеі на Ўкраіну і супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй у гэтым нападзе», — сказаў польскі прэм’ер.

Туск таксама дадаў, што знаходзіцца ў сталым кантакце з партнэрамі ў Эўропе і Кіеве, каб хутка і эфэктыўна вырашаць праблемы, якія ўзьнікаюць на мяжы ЭЗ і Ўкраіны, перш за ўсё на польскім участку мяжы.

«Безумоўна, адна з важных задач — разблякаваць магчымасьць экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны ў трэція краіны — тыя, якія былі традыцыйнымі спажыўцамі», — запэўніў Туск.

9 лютага ў Польшчы пачаўся страйк фэрмэраў, абвешчаны прафсаюзам «Салідарнасьць». На працягу месяца плянуецца перакрыць усе пункты пропуску, а таксама дарогі і шашы ў асобных ваяводзтвах.

Акрамя забароны на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны, польскія пратэстоўцы выступаюць супраць эўрапейскай сельскагаспадарчай палітыкі, у прыватнасьці, супраць укараненьня «зялёнай сыстэмы» — маецца на ўвазе шэраг экалягічных і кліматычных патрабаваньняў. Сярод патрабаваньняў таксама падтрымка жывёлагадоўлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG