Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць зваротаў у фонд BY_help павялічылася ўтрая,  — кіраўнік ініцыятывы


Аляксей Лявончык. Архіўнае фота
Аляксей Лявончык. Архіўнае фота

У першыя дні сакавіка колькасьць зваротаў у фонд салідарнасьці BY_help павялічылася ўтрая ў параўнаньні зь лютаўскімі паказчыкамі, паведаміў «Позірку» кіраўнік ініцыятывы Аляксей Лявончык.

Паводле яго, пры такой дынаміцы ў сакавіку можна чакаць каля 250 зваротаў па дапамогу.

«Гэта вельмі шмат, — сказаў Лявончык. — Мы застаёмся адзінай групай, якая можа апэратыўна даставіць дапамогу ў Беларусь. Штрафы штурхаюць людзей на мяжу галечы. І яны зьвяртаюцца да нас, бо ім больш няма чаго баяцца».

Улады «фактычна банкрутуюць людзей гэтымі штрафамі», лічыць кіраўнік фонду.

«А каго не банкрутуюць, тых садзяць. BY_help працягне дапамагаць рэпрэсаваным і іх сваякам у Беларусі», — падкрэсьліў Лявончык.

Падрабязнасьці аказаньня дапамогі ён ня стаў раскрываць зь меркаваньняў бясьпекі.

Падчас масавых рэйдаў сілавікоў 23 студзеня і ў наступныя дні ў Беларусі затрымалі сама меней 287 чалавек, большасьць зь іх — жанчыны. Адной з прычынаў ператрусаў, допытаў і затрыманьняў стала дапамога сем’ям палітвязьняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY.

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у лютым у Беларусі ня менш як 100 чалавек трапілі пад судовы перасьлед за атрыманьне такой дапамогі. Іх прызналі вінаватымі ў «выкарыстаньні замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле арт. 24.15 КаАП. Гэты артыкул прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь (ад 400 да 1200 рублёў) з канфіскацыяй атрыманай дапамогі.

Прынамсі на 24 чалавек завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), 361-2 («фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG