Раней NATO пачало самыя маштабныя за апошні час манэўры «Непахісны абаронца – 24».
NATO пачынае манэўры ў паўночных раёнах Фінляндыі, Нарвэгіі й Швэцыі. У вучэньнях цягам амаль двух тыдняў возьмуць удзел 20 тысяч вайскоўцаў з 13 краін — Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Канады, Даніі, Фінляндыі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Гішпаніі, Швэцыі й ЗША.
Фінляндыя і Швэцыя даручыліся да NATO пасьля расейскага поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну 2022 году.
Паводле зьвестак арміі Фінляндыі, у вучэньнях Nordic Response 2024 пад кіраўніцтвам Нарвэгіі ўдзельнічаюць больш за 4000 фінскіх салдатаў.
«Мы павінны быць у стане даць адпор і спыніць кожнага, хто спрабуе кінуць выклік нашым межам, каштоўнасьцям і дэмакратыі. Улічваючы бягучую сытуацыю зь бясьпекай у Эўропе, вучэньні надзвычай актуальныя і важнейшыя, чым калі-небудзь раней», — гаворыць у заяве Трон Странд, камандзір Нарвэскага цэнтру паветраных апэрацыяў.
У канцы студзеня NATO пачало самыя маштабныя вучэньні з часоў «халоднай вайны» — «Непахісны абаронца – 24» (Steadfast Defender 24). У манэўрах на зямлі, моры і ў паветры, якія працягнуцца 4 месяцы, возьмуць удзел 90 тысяч вайскоўцаў з усіх краінаў-чальцоў Паўночнаатлянтычнага альянсу (цяпер іх 31), а таксама запрошаная, але яшчэ афіцыйна не прынятая ў NATO Швэцыя.
На вучэньнях будуць трэнаваць дзеяньні альянсу ў выпадку нападу Расеі на адну з краінаў – чальцоў NATO. Ананімна крыніцы ў NATO пацьвярджаюць, што, «вядома, гэты праціўнік — Расея».
Дастаткова зірнуць на геаграфію і характар заплянаваных вучэньняў, і ўсё стане яшчэ больш відавочна. «Стойкі абаронца — 24» мае дзьве фазы. Першая, якая разгарнулася ў канцы студзеня, прадугледжвае трансатлянтычнае ўмацаваньне сілаў.
Зь сярэдзіны лютага да канца траўня адбудзецца шэраг у асноўным наземных і паветраных апэрацыяў, куды залучаць да 80 самалётаў, такіх як зьнішчальнікі F-35, гелікоптэры і дроны, а таксама больш за тысячу сухаземных баявых машын, у тым ліку 166 танкаў. Галоўныя падзеі разгорнуцца ў Польшчы і краінах Балтыі, а таксама ў Нямеччыне, якая стане асноўным вузлом падмацаваньня і каардынацыі.