Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Крэмль рыхтуе дэстабілізацыю сытуацыі ў Малдове на ўзор Украіны перад сваім уварваньнем


Парлямэнт Малдовы. Ілюстрацыйнае фота
Парлямэнт Малдовы. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова заяўляў, што падставай для ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну стала яе адмова ад выкананьня «менскіх дамоўленасьцяў».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што Крэмль праводзіць інфармацыйныя апэрацыі супраць Малдовы, вельмі падобныя на тыя, што папярэднічалі расейскаму ваеннаму ўварваньню ва Ўкраіну.

«Тэрміны магчымай гібрыднай апэрацыі Расеі ў Малдове не зразумелыя, але Крэмль стварае інфармацыйныя ўмовы, каб неўзабаве яе ажыцьцявіць», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 14 лютага.

Сярод такіх папярэдніх умоў экспэрты назвалі шэраг заяў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова аб кантролі над урадам Малдовы з боку ЗША і спыненьні пад уплывам Амэрыкі і Эўразьвязу перамоўнага працэсу ў фармаце «5+2» пры ўдзеле Расеі, які неабходна аднавіць, каб 200 тысяч грамадзян Расеі, якія жывуць у Прыднястроўі, ня сталі «ахвярамі чарговай заходняй авантуры».

Сяргей Лаўроў таксама заявіў, што ўрад Малдовы спыніў дзяржаўныя субсыдыі такім рэгіёнам, як Гагаузія, якія выступаюць супраць эўрапейскай інтэграцыі краіны. Гэтую сытуацыю ён параўнаў з тым, як Захад «адмовіўся» даць час Віктару Януковічу на перагляд пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам.

Раней Крэмль абвінавачваў Украіну ў ігнараваньні так званых «менскіх дамоўленасьцяў». Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова заяўляў, што падставай для ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну стала яе адмова ад выкананьня «менскіх дамоўленасьцяў».

У ISW мяркуюць, што гэтыя заявы сьведчаць аб тым, што Крэмль і праўладныя расейскія блогеры ствараюць інфармацыйныя ўмовы, каб апраўдаць расейскія намаганьні па дэстабілізацыі сытуацыі ў Малдове. Сярод такіх умоў экспэрты таксама назвалі заявы аб тым, што ўрад Малдовы «эканамічна» цісьне на Прыднястроўе і актыўна «мілітарызуецца», каб «прымусова інтэграваць Прыднястроўе ў Малдову».

Улады Малдовы нядаўна абвінавацілі расейскіх міратворцаў у Прыднястроўі ў правядзеньні вучэньняў і выкарыстаньні зброі ў малдоўскай зоне бясьпекі, што парушае пратаколы Зьмяшанай кантрольнай камісіі АБСЭ.

Што папярэднічала

Расея з 1995 году ўтрымлівае свае міратворчыя сілы на тэрыторыі Прыднястроўя. Кожны год у кастрычніку адбывалася іхная ратацыя праз тэрыторыю Малдовы і Ўкраіны.

Пасьля ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Малдова закрыла сваю паветраную прастору для расейскіх вайсковых грузаў. Праз Украіну гэта таксама стала немагчымым — украінскія ўлады закрылі сваю паветраную прастору, увялі ваеннае становішча і цалкам спынілі супрацу з Расеяй.

Апошняя ратацыя адбылася ў кастрычніку 2021 году.

Некаторыя ўкраінскія вайсковыя экспэрты сьцьвярджалі, што Расея спрабавала праводзіць ратацыю сваіх вайскоўцаў у Малдове праз эўрапейскія краіны пад выглядам турыстаў, а запчасткі для вайсковай тэхнікі, якія можна было пастаўляць пад выглядам тавараў двайнога прызначэньня, накіроўвалі нібыта ў межах адмысловай эканамічнай дамовы з Малдовай.

Пры апошняй афіцыйнай спробе Расеі правесьці ратацыю праз Малдову ў канцы 2022 году Кішынёў забараніў уезд на малдоўскую тэрыторыю шэрагу расейскіх вайскоўцаў, якія, паводле іх, прадстаўлялі Апэратыўную групоўку расейскіх войскаў. Улады Малдовы лічаць незаконным яе знаходжаньне ў Прыднястроўі. Тады праблему ратацыі ўдалося часткова вырашыць пры дапамозе прызыву на службу расейскіх грамадзян, якія жывуць у Прыднястроўі.

Улады Малдовы неаднаразова патрабавалі ад Расеі вывесьці свае войскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG