Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчуку паведамілі пра сьмерць маці. На пахаваньні высьветлілася, што яна жывая, а ў труне іншы чалавек


Могілкі. Ілюстрацыйнае фота
Могілкі. Ілюстрацыйнае фота

Журналісты даведаліся, як такое магло адбыцца.

Выданьне «Сильные новости» даведалася пра здарэньне пасьля публікацыі рашэньня суду Цэнтральнага раёну Гомля, які 19 студзеня разгледзеў пазоў гамельчука да ўстановы аховы здароўя аб пакрыцьці матэрыяльнай і маральнай шкоды. У якасьці суадказчыкаў па справе прыцягнулі аддзел запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС) і адміністрацыю Савецкага раёну Гомля.

Трагічная гісторыя здарылася тры гады таму. 25 лютага 2021 году ў адну з гомельскіх бальніц даставілі пажылую жанчыну. 27 лютага са шпіталя патэлефанавалі яе сыну і паведамілі пра сьмерць маці. У аддзеле ЗАГС адміністрацыі Савецкага раёну гамяльчук атрымаў пасьведчаньне аб сьмерці, пасьля чаго заняўся арганізацыяй пахаваньня, аплаціўшы ўсе паслугі, у тым ліку памінальны стол у адной з кавярняў. Пахаваньне павінна было прайсьці 1 сакавіка (у той час у Беларусі дзейнічалі каранавірусныя абмежаваньні). Верагодна, з гэтай прычыны сваякі і блізкія ўбачылі твар нябожчыцы толькі перад самым разьвітаньнем.

«„Падчас адпяваньня былі выяўленыя адрозьненьні ў зьнешнасьці, пасьля чаго пры звароце ў шпіталь стала вядома, што маці жывая і знаходзіцца ў шпіталі“, — паведаміў мужчына ў пазове. Ён дадаў, што вестка аб сьмерці, якую яму паведамілі памылкова, прычыніла яму маральныя пакуты, „якія праз два гады выклікаюць у яго неспрыяльныя псыхічныя перажываньні“», — піша выданьне.

Гамяльчук прасіў суд кампэнсаваць прычыненую яму матэрыяльную шкоду ў памеры 1877 рублёў. У суму ўвайшлі кошт пахавальных прыладаў і паслуг: месца на могілках, замова стала ў кавярні, выдаткі па набыцьці прадуктаў і дзяржаўная пошліна. Як паведаміла ў судзе прадстаўніца пазоўніка, «набытыя рытуальныя прыналежнасьці, прадукты харчаваньня і порцыі для памінальнага стала ўтылізавалі з рэлігійных меркаваньняў».

Маральную шкоду мужчына ацаніў у 20 тысяч рублёў. Яшчэ 176 рублёў ён прасіў спагнаць як судовыя выдаткі, панесеныя ім пры разглядзе грамадзянскай справы па пазове аб ануляваньні запісу акту аб сьмерці маці.

Што пастанавіў суд і як адбылася памылка?

У выніку райсуд прыйшоў да высновы, што пазоўніку нанесьлі і матэрыяльную, і маральную шкоду. Са шпіталя на яго карысьць спагналі 1701,36 рубля ў лік кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды і 5000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Яшчэ па 196 рублёў спагналі на карысьць гамельчука з мэдыкаў і адміністрацыі Савецкага раёну за панесеныя судовыя выдаткі. У частцы задавальненьня пазову да аддзелу ЗАГС было адмоўлена.

У рашэньні райсуду тлумачыцца, што ў сувязі з транспартаваньнем пацыентаў без мэдычнай дакумэнтацыі работнікі ўстановы аховы здароўя пераблыталі прозьвішчы пацыентаў, што прывяло да памылковага паведамленьня аб сьмерці.

Журналісты зьвярнулі ўвагу яшчэ на адзін нюанс. Афіцыйна — паводле папер — пасьля памылкі мэдыкаў гамяльчанка два месяцы лічылася памерлай. 27 лютага 2021 году яна нібыта памерла, і толькі 26 красавіка суд Савецкага раёну аднавіў яе ў сьпісе жывых, ануляваўшы сваім рашэньнем запіс акту аб сьмерці.

Не адзіны выпадак у Беларусі

Альянс Расьсьледавальнікаў Беларусі з дапамогай «Кібэрпартызанаў» знайшоў дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што гэта не адзінкавы выпадак, калі ў дзяржаўных установах дапускалі памылкі з целамі памерлых.

У траўні 2021 годзе ў моргу Пінскай цэнтральнай больніцы пераблыталі труп мужчыны, 1958 году нараджэньня, замест яго з Судова-мэдыцынскай экспэртызы выдалі цела невядомага, твар якога быў забінтаваны. Сваякі замовілі паслугі рытуальнай службы, нябожчыка пахавалі на могілках у Іванаўскім раёне, толькі пасьля гэтага выявілася памылка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG