Пасьля мінулых «выбараў» у Беларусі разбураная грамадзянская супольнасьць, запоўненыя палітвязьнямі турмы, працягваюцца масавыя ўцёкі людзей за мяжу, зьліквідаваныя рэальныя СМІ... Чарговая выбарчая кампанія вядзецца выключна гвалтам, фізычным прымусам і страхам — літаральна «пад дулам аўтамата». І гэта ўжо не мэтафара.
Сьцісла:
- Лукашэнка павіншаваў Трампа, назваўшы яго бульдозэрам, бо не ўяўляе, што нехта можа перамагчы праз сумленны падлік галасоў.
- У незалежнай краіне ўлада легітымная і моцная, паміж іншым, сваёй пераемнасьцю, калі кіраўнікі зьмяняюцца, але лінія гісторыі цягнецца ад пачатку дзён.
- Калі няма даверу да кіраўніка, няма даверу і да ўсіх інстытуцыяў улады, распадаюцца сацыяльныя сувязі паміж людзьмі.
Выбары як давер/недавер
Звычайна выбары — гэта калі народ выказвае давер або недавер кандыдату. Усё вельмі проста, калі ёсьць сапраўдныя выбары. Як захоплена пасьля перамогі віншаваў Лукашэнка прэзыдэнта ЗША: «Трамп як бульдозэр!». Быццам пра сябе казаў — якім бы хацеў бачыць сябе самога. А Трамп не бульдозэр, яго рэальна выбралі, яму выказала давер большасьць амэрыканцаў, гэта значыць, яго надзяліў адказнасьцю народ. Нікога не абдурыў, не эфэмэрны самапрызначэнец, не ўзурпатар улады. Трамп — рэальная ўлада, якую ня трэба бараніць ад народу ні бульдозэрам, ні танкам. Наадварот, народ, які цябе выбраў, будзе цябе і бараніць як свой выбар. Тут дзейнічае зусім іншы мэханізм. Ты існуеш для народу, а ня нейкі там «народзец» — для цябе.
Зразумела, Трамп далёка, на іншым кантынэнце. Для Лукашэнкі бліжэйшы Пуцін. У Расеі пра давер асабліва ніхто і не гаворыць. Расея бязьмежная і абстрактная: ня нацыя, а імпэрскі народ. На гэтай розьніцы калісьці і страціў Лукашэнка нюх: дзе ягоная сіла, а дзе слабасьць. Згубіў нацыю, якая, па ідэі, мусіла быць яго абаронай, як у суседзяў, палякаў ці літоўцаў зь іх сувымернымі маштабамі і самым дарагім — адзінствам. Лукашэнка пайшоў у расейскі фарватар, уявіў сябе крэйсэрам ці лайнэрам, толькі няма той моцы, што зробіш. Беларусь — сярэдняга памеру эўрапейская нацыя і краіна. І цяпер яго зацягвае ў Расею Пуцін, проста змывае, няма як утрымацца. А з такога становішча ісьці на выбары зусім ніяк. Грамадзтва разбуранае, ніхто ня заступіцца за такога прэзыдэнта. Хіба што «сілавікі» — але не за давер, а за грошы.
Безь пераемнасьці
Трамп, між іншым, 47-ы (і 45-ы) прэзыдэнт ЗША. Гэта падкрэсьліваецца як важная частка легітымнасьці — які ты ў шэрагу гісторыі ад пачатку дзён. Кожны прэзыдэнт хоча быць у гэтым шэрагу, зьвязаным з народам, які яго выбраў. Гэткім чынам ён упісваецца ў гісторыю нацыі, у яе культуру — у непарыўную повязь і сэнс існаваньня.
У Лукашэнкі нічога гэтага няма. Яшчэ з часоў, калі марыў заняць месца Ельцына ў Крамлі і адкінуў усе беларускія адметнасьці — мову, сымболіку, гісторыю. Ён тады сказаў, што «Беларусь перарос».
Пачаўшы свой шлях з абвяшчэньня незалежнасьці, Беларусь разьвівалася натуральна, як усе сувымерныя краіны-суседкі — са сваёй нацыяй, мовай, няпростай, але адзінай гісторыяй, адзіным самабытным вобразам у сьвеце. Толькі ў суседзяў за гэтыя трыццаць гадоў зьмянілася ўжо прынамсі пяць прэзыдэнтаў, а ў Беларусі — ніводнага. Быццам нейкі ўнутраны вораг, Лукашэнка пачаў разбураць ідэнтычнасьць беларусаў і самабытнасьць нацыі і краіны.
Хто былі ягоныя папярэднікі? Станіслава Шушкевіча ён «забыў». Першыя сакратары ЦК КПБ, апроч сымболікі і палітыкі савецкай русыфікацыі, таксама ня маюць зь ім нічога агульнага. У іх быў камунізм, у яго «так і не адшуканая» нацыянальная ідэя, якую ён папросту не прыняў. Яго пераемнасьць сягнула кудысьці ў ХІХ стагодзьдзе, да расейскіх генэрал-губэрнатараў, вешальнікаў бясконцых беларускіх паўстаньняў за свабоду.
Словам, пераемнасьць разбураная і не мацуе трываласьці і легітымнасьці ягонае ўлады. А калі няма папярэднікаў, дык ці будуць наступнікі? Вісіць Лукашэнка ў паветры ўжо трыццаць гадоў дзякуючы Крамлю, пазбавіўшы Беларусь унутранага палітычнага разьвіцьця, а цяпер яшчэ і дабіваючы ў ёй усякія памкненьні быць самастойнай і самабытнай краінай.
Дый яго самога замяніць няма кім. За мінулыя трыццаць гадоў у сувымерных краінах-суседках вырасла свая ўласная палітычная кляса з самастойных палітыкаў, з паўнавартасных партый, з парлямэнтаў, якія назапасілі немалы досьвед працы. У Беларусі на гэтым месцы нуль. Ні палітыкаў, ні парлямэнту. І з сыходам Лукашэнкі давядзецца пачынаць гэтую справу з нуля.
У выніку мы маем на чале Беларусі ўнутранага ворага беларушчыны, які фактычна васал Пуціна, а намінальна чапляецца за тытул прэзыдэнта, матывуючы гэта (іншай аргумэнтацыі няма) словам «надо». Дык за што галасаваць?
Кароль аказаўся хоць і ўзброены, але голы. Без уласнага курсу і без палітыкі, дзе ўсё трымаецца толькі на гэтай канкрэтнай пэрсоне і толькі ў гэтым канкрэтным дні.
Падумаўшы, у Беларусі ніколі й не было паўнавартасных выбараў. Народ ведаў, што ад яго нічога не залежыць, і галасаваў за ранейшую ўладу. І так цягнулася столькі, колькі былі тыя галасаваньні. Недзе ў падсьвядомасьці лічылася, што гэта і ёсьць давер.
Па інэрцыі тое ж было і пры Лукашэнку. Але ў 2020 годзе стала зразумела, што ўсё зьмянілася. Лукашэнка застаўся ранейшым, але цалкам зьмяніўся народ. Людзі паезьдзілі па сьвеце, начыталіся праўдзівых кніг і газэт, прыйшлі новыя пакаленьні... Людзі ўсьвядомілі сябе нацыяй, салідарным грамадзтвам. Гэтых перамен не зразумеў, ня змог зразумець толькі Лукашэнка і пачаў граміць, ваяваць з часам, зь пераменамі, з самім паветрам. І канчаткова страціў давер. У 2020-м ад даверу не засталося і сьледу.
Некалькі тысяч фінансава залежных ад яго функцыянэраў, мабыць, і ёсьць тыя «Саша 3%», якія народ выпісаў яму ў адказ на ягоныя 80%. За наступныя пяць гадоў месца даверу заняў страх. Праўда, і дэлегаваньня адказнасьці няма. Няма з боку народу надзяленьня прэзыдэнта адказнасьцю. За што адказнасьць? За тое, каб і далей зьнішчаў Беларусь, краіну і нацыю?
Каліноўскі наадварот
Сам грамадзкі клімат, пазбаўлены даверу і адказнасьці, псуецца на вачах, нішто ў ім ужо не супрацьстаіць бюракратыі. Прынцып Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўраду, а ўрад для народу» замяняецца на адваротны.
Каліноўскі ўяўляў сабе нацыянальную супольнасьць як сям’ю. Калі ў сям’і няма даверу, жыцьцё ператвараецца ў сапраўднае пекла. Гэтаксама давер лічыцца асновай для ўсіх сацыяльных інстытутаў.
Нацыя жыве ў сваім доме як сям’я — вобразна так і ёсьць. Прынамсі, калі ўсе да гэтага імкнуцца, жыцьцё для ўсіх робіцца больш камфортным. І беларусы даказалі, што яны салідарысты. Але Лукашэнка стаў караць за салідарнасьць. Чаму? Толькі таму, што такой выразнай салідарнасьці няма ў Расеі? Але навошта такі лад жыцьця навязваць беларусам? Толькі таму, што прэзыдэнт ня хоча траціць высілкаў і сумленна перамагаць на выбарах, а пры тым трымаецца за ўладу падманам і сілай?
Звычайна грамадзянін выбірае ўладу, бо спадзяецца на яе клопат пра сябе — сваю бясьпеку, палёгку на розных сацыяльных паваротах, спрашчэньне ўсялякіх бюракратычных працэдур. За мінулыя пяць гадоў мы ўвогуле нічога пра такія рэчы ня чулі. Улада, не надзеленая адказнасьцю, цісьне на народ усімі, часта пачварнымі, спосабамі. У выніку няма даверу ня толькі да Лукашэнкі, але і да ўсёй дзяржаўнай машыны, да судоў і міліцыі, да мясцовае ўлады, да банкаў... Да ЖКГ.
То бок гаворка ўжо ня толькі пра несправядлівыя суды і беспакаранасьць «сілавікоў». Гаворка пра разбурэньне грамадзкіх сувязяў, якое ўчыняе Лукашэнка ў адказ на адсутнасьць даверу да сябе. Гэтая помста ніякім чынам не беларуская ў сэнсе традыцыі і мэнтальнасьці. Яна робіцца паводле расейскае схемы, бо ў Расеі ўмеюць жыць без даверу. Не Лукашэнка «перарос Беларусь», а беларусы перарасьлі Лукашэнку і ягоныя «выбары пад дулам аўтамата».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум