Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя сілы падрыхтавалі прапановы па новых санкцыях да другога раўнду стратэгічнага дыялёгу з ЗША


Банэр першага раўнду стратэгічнага дыялёгу.
Банэр першага раўнду стратэгічнага дыялёгу.

Прапановы па ўвядзеньні новых санкцый у дачыненьні да Менска падрыхтавалі Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) і Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне (НАУ).

Як піша «Позірк», адпаведнай ініцыятывай дэмакратычныя сілы выступілі перад другім раундам стратэгічнага дыялёгу «Беларусь — ЗША» на пасяджэньні сумеснай працоўнай групы ў пытаньнях мэханізмаў адказнасьці і санкцый.

Каардынатарам групы зь беларускага боку зьяўляецца намесьнік кіраўніка АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка. Санкцыйныя прапановы падтрымалі аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol і «іншыя арганізацыі дэмакратычнага руху».

Сярод іншага дэмакратычныя сілы прапануюць «у мэтах спыненьня рэпрэсій» увесьці санкцыі на «таварныя пазыцыі, аналягі якіх вырабляюцца палітвязьнямі».

Акрамя гэтага, прапанавана «ўзмацніць фінансавыя санкцыі, уключаючы блякаваньне даляравых актываў рэжыму, а таксама ўвесьці другасныя санкцый супраць банкаў, у першую чаргу супраць даччыных банкаў расейскіх фінансавых структур».

Пакет уключае абмежаваньні на транзыт падсанкцыйных тавараў праз тэрыторыю Беларусі, гарманізацыю гандлёвых і большасьці фінансавых санкцый «супраць рэжыму Лукашэнкі і Расеі», «прамыя блякіруючыя санкцыі» супраць прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі.

«У мэтах захаваньня незалежнасьці Беларусі» дэмакратычныя сілы выступаюць за «шырокія санкцыі» супраць Саюзнай дзяржавы, у прыватнасьці, у дачыненьні да «службовых асоб і ўстаноў, створаных у рамках гэтага ўтварэньня».

Для «спыненьня гібрыднай агрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць дэмакратычных дзяржаў» прапануецца ўвесьці абмежаваньні супраць «прапагандысцкіх рэсурсаў Лукашэнкі».

На думку дэмакратычных сіл, «эканамічнаму паслабленьню рэжыму і стварэньню ўмоў для магчымага расколу эліт» будуць садзейнічаць санкцыі супраць «кампаній і актываў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі і зьвязаныя з рэжымам Лукашэнкі». У паведамленьні гаворыцца, што такі санкцыйны ціск можа прывесьці да «транзыту ўлады».

З прадстаўнікамі ЗША раней былі праведзены кансультацыі па тэматыцы санкцый у сувязі з падтрымкай уладамі Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны.

  • Другі раўнд стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі пройдзе 3-4 сьнежня. У беларускую дэлегацыю пад кіраўніцтвам Сьвятланай Ціханоўскай увойдуць 24 чалавекі. Гэта прадстаўнікі АПК, Каардынацыйнай рады, грамадзянскіх ініцыятываў.
  • Першы раўнд стратэгічнага дыялёгу Злучаных Штатаў Амэрыкі зь беларускім дэмакратычным рухам адбыўся 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне.

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG