Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кальварыйскіх могілках Менску правядуць рэканструкцыю


Кальварыйскія могілкі ў Менску. Архіўнае фота
Кальварыйскія могілкі ў Менску. Архіўнае фота

Спэцыялісты маюць намер сур’ёзна ўзяцца на могілках за пабудовы, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў краіны, але пасьпелі страціць прэзэнтабэльны выгляд.

Аб маючым адбыцца грамадзкім абмеркаваньні паведамляе realt.onliner.by са спасылкай на «Минский курьер». Заплянавана выканаць рамонт даху над асноўнай часткай будынку касьцёлу з заменай кроквеннай сыстэмы, рэканструяваць і рэстаўраваць вонкавыя сьцены будынку, а таксама правесьці капітальны рамонт скляпеньняў, узнавіўшы запаўненьні аконных і дзьвярных праёмаў, дэкаратыўных элемэнтаў фасадаў па захаваных аўтэнтычных узорах.

Затым спэцыялісты возьмуцца за рамонт і аднаўленьне ўнутраных інтэр’ераў будынка касьцёла, уладкаваньне сыстэм ацяпленьня (будзе прыменена электраабсталяваньне), відэаназіраньня, сыстэмы апавяшчэньня аб пажары. Заменяць усю праводку, правядуць рамонт падмурку і адмосткі.

Уваходную браму таксама будуць аднаўляць: дэкаратыўныя элемэнты і барэльеф пасьпелі часткова разбурыцца. Капліцы-пахавальні, частка зь якіх напалову разбураная, будуць узнаўляць на падставе дакумэнтальных гісторыка-архіўных матэрыялаў або аналягаў.

Грамадзкія слуханьні адбудуцца ў пэрыяд з 5 па 19 лютага ўключна. Экспазыцыя (выстава) аб’екту разьмесьціцца ў фае 1-га паверху будынка адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску. Прэзэнтацыя матэрыялаў праекту будзе разьмешчана на афіцыйным сайце адміністрацыі раёну.

Выказаць свае заўвагі і прапановы можна ў кнізе ўліку наведнікаў экспазыцыі аб’екта з 5 па 19 лютага ўключна, а таксама іх можна накіраваць арганізатару грамадзкага абмеркаваньня з паметай «грамадзкае абмеркаваньне» (паштовы адрас: 220073, г. , вул.Кальварыйская, 39, электронны адрас: frun.stroi@minsk.gov.by).

Пры гэтым канал «Спадчына» адзначае, што рэканструкцыя закране далёка ня ўсе капліцы.

Дзьве капліцы каля агароджы і гаспадарчай зоны могілак, сярод якіх адна нэагатычная капліца Віткевічаў, застаюцца без увагі. Таксама праігнаравана існаваньне капліцы, чыя гатычная арка разбурылася недзе ў 2016 годзе, адзначае канал. Ёсьць і іншыя рэшткі збудаваньняў, якія патрабуюць хоць нейкай кансэрвацыі.

Спэцкамбінат КБА яшчэ ў 2018 годзе казаў пра рэканструкцыю, якая ўрэшце пачнецца.

Кальварыйскія могілкі — адны з найбольш вядомых цьвінтароў Беларусі. Яны існуюць ад канца XVIII стагодзьдзя і зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю І катэгорыі. Там налічваецца каля 30 тысяч пахаваньняў — у чатыры разы больш, чым на Вайсковых.

Сярод славутых асоб, пахаваных на Кальварыі, — паэт і грамадзкі дзеяч Ніл Гілевіч, мастак Ян Дамель, грамадзкі і палітычны дзеяч Вацлаў Іваноўскі, мастак Пятро Драчоў, паэт Янка Лучына, пісьменьнік Іван Навуменка, шляхціц Ян Баляслаў Луцкевіч, лекар Сігізмунд Сьвянціцкі і многія іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG