Кнігу пра могілкі напісалі гісторык Натальля Гардзіенка і архівіст і дасьледчык эміграцыі Лявон Юрэвіч. Гэта першы альбом-даведнік пра пахаваньні беларусаў за мяжой. Гардзіенка пачала наведваць замежныя пахаваньні беларусаў у 2003 годзе. Бачыла могілкі суродзічаў у Аўстраліі, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі, ЗША, Канадзе і іншых краінах.
«Немагчыма параўнаць надмагільлі, прыкладам, вядомага мастака Хаіма Суціна на парыскім могільніку Монпарнас і простага жаўнера-беларуса з Арміі Андэрса, што загінуў на Монтэ-Касіна. Каштоўнае кожнае пахаваньне суродзіча, дзе б яно ні знаходзілася й як бы ні выглядала», — падкрэсьлівае Натальля Гардзіенка.
Ёсьць толькі двое менавіта беларускіх могілак на Захадзе — у Саўт-Рывэры і Іст-Брансьвіку (ЗША), астатнія — гэта часткі агульных гарадзкіх могільнікаў, кажа дасьледчыца.
Першыя беларускія могілкі за мяжой
Могілкі праваслаўнай царквы Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі, ЗША)
Гэта першыя беларускія могілкі, якія зьявіліся на Захадзе з ініцыятывы эмігрантаў. Беларуская царква ў Саўт-Рывэры купіла зямлю, каб хаваць сваіх прыхаджанаў, у 1953 годзе. Першае пахаваньне зьявілася там у 1955-м. Сёньня на беларускіх могілках каля 200 магіл, расказвае Натальля Гардзіенка.
Могільнік заснавалі прыхільнікі Беларускай Цэнтральнай Рады (калябарацыйная адміністрацыя 1943-1944 гадоў, якая існавала пад нямецкай акупацыяй на тэрыторыі сучаснай Беларусі). Тут спачываюць два прэзыдэнты БЦР, Радаслаў Астроўскі і Нікандар Мядзейка, і большасьць буйных дзеячаў БЦР на эміграцыі.
Тут хавалі і палітычных аднадумцаў зь іншых рэгіёнаў ЗША і нават іншых краінаў. Сярод такіх — грамадзкі дзеяч Іван Касяк з Ілінойсу і актывісты Ўладзімер і Лёнгін Брылеўскія з Флорыды.
Таксама ў Саўт-Рывэры знайшлі апошні прытулак пісьменьнікі Юрка Віцьбіч, Міхась Кавыль, Масей Сяднёў, Янка Золак, кампазытары і хормайстры Ксавэры Барысавец, Аркадзь Евец, Вячаслаў Сэлях-Качанскі, былы супрацоўнік Інбелкульту Яўхім Кіпель, мэмуарыст Пётра Палягошка.
На думку аўтаркі кнігі, сярод найбольш адметных выглядам і эпітафіямі варта адзначыць надмагільле пісьменьніка Янкі Золака. На ім выбіты вершаваныя радкі ў гонар жонкі, якая спачывае побач:
Ты не памерла,
хоць няма
Цябе на гэтым
сьвеце:
Ты будзеш жыць,
пакуль жывуць
Твой муж і дзеці.
«У эпітафіі іншага пісьменьніка Масея Сяднёва зрабілі кур’ёзную памылку: замест „беларускі паэт“ напісалі „беларускі паэм“. У эпітафіях у Саўт-Рывэры часта пішуць беларускай кірыліцай», — зазначае суразмоўца.
На могільніку паставілі крыж-помнік у гонар сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. За некалькі кілямэтраў ад нэкропалю каля царквы стаіць мэмарыяльны крыж-помнік у гонар змагароў за незалежнасьць Беларусі, дадае гісторык.
Пагоня, валошкі, беларускі арнамэнт
Могілкі царквы ў гонар Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША)
Іст-Брансьвік знаходзіцца побач з Саўт-Рывэрам. Мясцовая царква купіла зямлю пад могілкі ў 1959 годзе. Сёньня тут таксама каля 200 надмагільляў. Аднак хаваюць тут прыхільнікаў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — палітычных апанэнтаў суродзічаў з Саўт-Рывэру, працягвае Натальля Гардзіенка.
Адным зь першых тут пахавалі колішняга дырэктара беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне Аляксандра Орсу.
«Зьяўленьне двух беларускіх могільнікаў на адлегласьці некалькіх кілямэтраў стала вынікам палітычнага расколу ў асяродзьдзі эмігрантаў пасьля Другой усясьветнай вайны. Пад эгідамі канкурэнтаў, Беларускай Цэнтральнай Рады й Рады БНР, у розных краінах сталі ствараць шматлікія арганізацыі, і могілкі таксама», — разважае гісторык.
У Іст-Брансьвіку пахавалі найбуйнейшых дзеячаў Рады БНР: паваенных прэзыдэнтаў Вінцэнта Жука-Грышкевіча (ягонае цела прывезьлі з Канады) і Язэпа Сажыча (зь Мічыгану). Тут спачываюць усе першаярархі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
У Іст-Брансьвіку месьцяцца магілы літаратуразнаўцаў Антона Адамовіча і Станіслава Станкевіча, мовазнаўцы Янкі Станкевіча, скарыназнаўцы Вітаўта Тумаша, пісьменьнікаў Адама Варлыгі, Антося Галіны, Рыгора Крушыны, Васіля Стомы, журналіста Лявона Савёнка, сьпевака Пётры Конюха, дасьледнікаў і грамадзкіх дзеячаў Вітаўта і Зоры Кіпеляў.
«У эпітафіях на гэтым могільніку багата выкарыстоўваюць сьвецкую сымболіку, найперш Пагоню, валошкі, арнамэнт. Ёсьць знак віленскіх беларускіх студэнтаў-праўнікаў, знак мэдыкаў — кадуцэй», — расказвае аўтарка кнігі пра пахаваньні.
Яна зьвяртае ўвагу на помнік на магіле паэта Рыгора Крушыны. На адным ягоным баку знак Пагоні, а на другім дзьве цытаты зь ягоных вершаў:
Зямля чужая не сагрэе
Таго, хто любіць родны край.
Крушыне лес далёкі сьніцца,
Нядоляй нудзіцца сваёй.
1945
і
Божа, дай сьветлы шлях чалавеку,
Каб ня гінуў слабейшы ў прымусе.
Спраўдзі мары, што носім спрадвеку,
Дай прыгожай вясны Беларусі.
Веру: прыдзе такая часіна —
Маці ўбачыць радзімага сына.
1946.
На могільніку ў Іст-Брансьвіку ў 1970-х гадах таксама паставілі помнік у гонар змагароў за беларускую незалежнасьць.
Помнік у ЗША — магіла ў Беларусі
Беларуская частка на Riverside Cemetery ў Кліўлэндзе (Агаё, ЗША)
Беларуская царква Жыровіцкай Божай Маці ў Кліўлэндзе набыла зямлю на гарадзкіх могілках у 1978 годзе. Цяпер тут каля 50 пахаваньняў. У 1983 годзе на беларускай частцы паставілі помнік у памяць спачылых парафіянаў гэтай царквы.
Пераважная большасьць эпітафіяў тут ангельскамоўныя. На могільніку пахаваныя гісторык і грамадзскі дзеяч Аўген Калубовіч-Каханоўскі і ягоная жонка, пісьменьніца Аляксандра Саковіч (Іна Рытар), гісторык і актывіст Міхась Белямук.
«Сярод найбольш адметных варта адзначыць надмагільле грамадзкага дзеяча Сяргея Карніловіча. Гэта рэдкі выпадак спалучэньня на помніку й бел-чырвона-белага сьцяга, і Пагоні. Тут жа зьмешчаныя й радкі Янкі Купалы „і глядзеці будзе у той бок нязводна, дзе ляжаць загоны Беларусі роднай“», — расказвае гісторык.
Яшчэ адна цікавінка — кенатаф грамадзкага дзеяча Кастуся Калошы. Ён сам пахаваны на могілках у вёсцы Нагорная Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. На кліўлэндзкім могільніку застаўся помнік, які ён паставіў яшчэ пры жыцьці, з эпітафіяй «Сьпі вечным сном сын Беларусі».
Залатыя надпісы, вялікія надмагільлі
Беларуская частка на могілках Fawkner Memorial Park у Мэльбурне (Аўстралія)
Мэльбурнская беларуская грамада гуртавалася вакол царквы ў гонар Трох Віленскіх пакутнікаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Яе настаяцель айцец Аляксандар Кулакоўскі ў 1970 годзе купіў на гарадзкіх могілках Fawkner Memorial Park пляц зямлі для пахаваньняў прыхаджанаў.
Першай тут у 1971 годзе пахавалі старую беларуску Акуліну Грушу. Цяпер пахаваньняў больш за 100. Побач ляжаць і прыхільнікі Рады БНР, і прыхільнікі БЦР, бо ў 1960-х яны здолелі стварыць у Мэльбурне супольную арганізацыю. Сярод пахаваных — беларускі паэт Алесь Салавей, грамадзкія й вайсковыя дзеячы Мікола Скабей, Мікола Нікан, Янка Кудрук, Алег і Сьцяпан Шнэкі.
Пахаваньні мэльбурнскіх беларусаў вылучаюцца багацьцем аздабленьня — залатымі надпісамі, вялікімі надмагільлямі, расказвае Натальля Гардзіенка. Часта сустракаюцца беларускія кірылічныя эпітафіі, эўфрасіньнеўскі крыж, Пагоня й арнамэнт. У эпітафіях часта выкарыстоўваюць вершы беларускіх паэтаў.
«Ёсьць адзін кур’ёзны выпадак, калі радкі зь верша Сержука Сокалава-Воюша падпісаныя крыптанімам памерлага беларуса, на надмагільлі якога яны зьмешчаныя: „Мне краёў чужых ня трэба, як ні варажы. Не хачу чужога неба, радасьцяў чужых. Бо чужына сэрца джаліць, цісьне, як зьмяя. Бо гукае з дальніх даляў Беларусь мая. П.Д“», — заўважае суразмоўца.
Сярод адметных помнікаў яна згадвае ці не адзіны, дзе адкрыта пазначана, што спачылы быў у шэрагах Беларускай краёвай абароны. Эпітафія сьведчыць: «Сьв. Пам. Янка Кудрук, капітан БКА. Тут ляжыць цела маё, прах, я ўжо ўдома, вы ў гасьцях...».
На беларускай дзялянцы Fawkner Memorial Park у 1976 годзе паставілі памятны крыж «Спачылым, усім ведамым і няведамым беларусам».
«Спачываюць у адной магіле, хоць пры жыцьці ня надта ладзілі»
Беларуская дзялянка на St. Pancras Cemetery ў Лёндане (Вялікая Брытанія)
Невялікі пляц зямлі на могільніку Сьвятога Панкрата ў Лёндане купілі дзякуючы біскупу Чаславу Сіповічу, кіраўніку Беларускай каталіцкай місіі, каля 1970 году. Ён прызначаўся найперш для пахаваньня беларускіх манахаў-марыянаў. Першая магіла зьявілася ў 1971 годзе. Цяпер іх там каля дзясятка.
Тут пахаваныя беларускія пісьменьнікі й выдаўцы часопіса «Божым шляхам» айцы Леў Гарошка й Язэп Германовіч (Вінцук Адважны).
«Яны спачываюць у адной магіле, хоць пры жыцьці ня надта ладзілі міжсобку», — акцэнтуе ўвагу гісторык.
Тут пахаваны біскуп Часлаў Сіповіч, заснавальнік беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны, і ягоны пераемнік, айцец Аляксандар Надсан. Пахаваньне айца Надсана адметнае тым, што толькі на ім зьмешчаны партрэт спачылага.
«З выхадам „Кнігі могілак“ праца ў зьбіраньні зьвестак пра беларускія пахаваньні ў сьвеце не спыняецца. Працягам можа быць сайт са зьвесткамі пра пахаваньні суродзічаў у розных краінах, якія будзе магчыма апэратыўна папаўняць. Запрашаем да супрацы ўсіх, хто цікавіцца гэтай тэмай і мае інфармацыю пра месцы апошняга спачыну беларусаў у замежжы», — дадала Натальля Гардзіенка.