Аб’яднаны пераходны кабінэт зьбірае інфармацыю пра людзей, якіх паказалі на дзяржаўным тэлеканале АНТ як затрыманых па справе «Кадравай рэзэрвы Новай Беларусі». Тыя зь іх, каго ўдалося ідэнтыфікаваць, ня маюць і ніколі ня мелі дачыненьня да ініцыятывы, сьцьвярджае яе каардынатар, намесьнік прадстаўніка АПК па транзыце ўлады Юры Губарэвіч.
«Сілавікі і прапагандысты селі ў лужыну, паспрабаваўшы атакаваць „Кадравую рэзэрву“. Ніякага доступу да базы дадзеных і сьпісу ўдзельнікаў яны не атрымалі. Заклікі „самастойна прыйсьці і пакаяцца“ пра гэта сьведчаць», — адзначыў Юры Губарэвіч.
Паводле Губарэвіча, цяпер АПК праводзіць збор інфармацыі пра 14 чалавек, паказаных на здымках у прапагандысцкім роліку АНТ.
«Тыя, каго атрымалася ідэнтыфікаваць, ня маюць і ніколі ня мелі дачыненьня да „Кадравай рэзэрвы“. Некаторыя зь іх знаходзяцца на свабодзе ці ўвогуле раней пакінулі межы Беларусі. Па некаторых былі выкарыстаныя здымкі з ранейшых затрыманьняў, не зьвязаных з „Кадравай рэзэрвай“», — паведаміў Губарэвіч.
Ён паўтарыў, што магчымасьць пабачыць сьпіс іншых удзельнікаў лекцыяў «Кадравай рэзэрвы» «тэхнічна выключаная плятформай ZoomWebinar» і што «нават адміністратар там бачыць толькі пералік асабістых нумароў замест імёнаў удзельнікаў». Разам з тым, паводле прадстаўніка АПК, праблема зь бясьпекай можа быць на баку карыстальнікаў.
«Пэўныя спробы выцягнуць інфармацыю сілавікі рабілі. Яны стварылі фэйкавы канал у Telegram і адкрылі доступ да „экстрэмісцкага“ сайта „Кадравай рэзэрвы“ з тэрыторыі Беларусі», — адзначыў ён.
- 14 лютага стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі». Ім інкрымінуюць ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
- Прапагандыст Ігар Тур 14 лютага ў сваім тэлеграм-канале заявіў, што разам зь сілавікамі ён ужо год слухаў лекцыі для ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для Новай Беларусі», а таксама пра нібыта ўзлом сьпісу навучэнцаў і затрыманьне некаторых зь іх.
- Пазьней у этэры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ паказалі нібыта кадры зь лекцыяў для ўдзельнікаў «Кадравай рэзэрвы для Новай Беларусі», а таксама выявы 14 чалавек, нібыта затрыманых па справе, і «пакаяльнае» відэа з адным з затрыманых. Прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч заявіў, што ведамства мае зьвесткі пра ўсіх удзельнікаў «Кадравай рэзэрвы».
- Кампанію «Кадравая рэзэрва для Новай Беларусі» запусьцілі летась пад эгідай Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Яе мэта — падрыхтоўка прафэсіяналаў, якія змогуць працаваць на дзяржаўных пасадах і праводзіць рэформы ў Беларусі на працягу пераходнага пэрыяду.