У Варшаве прэзэнтавалі кнігу палітвязьня і філёзафа Ўладзімера Мацкевіча «Ўводзіны ў філязофію», якую выдала ў студзені 2024 году выдавецтва «Янушкевіч», паведамляе «Белсат».
«Уводзіны ў філязофію» — ужо трэцяя кніга Ўладзімера Мацкевіча, выдадзеная, пакуль ён за кратамі. У 2021 годзе выйшлі «Нататкі філёзафа са шкодным характарам», у 2022-м — «Свабода і мысьленьне».
Кніга складаецца з 17 лекцыяў, прачытаных філёзафам у 2008–2009 гадах на мэтадалягічным сэмінары ў Менску, расказаў на прэзэнтацыі мэтадоляг, вучань Мацкевіча Андрэй Ягораў. Цэнтральныя паняцьці кнігі — індывідуальнасьць і мысьленьне.
«Мысьленьне для Мацкевіча — нейкая зьнешняя субстанцыя, у якую ня так проста ўвайсьці і стацца чалавекам мысьленьня. А індывідуальнасьць для яго — інтэрсуб’ектыўная катэгорыя, пэўная калектыўная сутнасьць узаемадзеяньня чалавека з чалавекам. І ў гэтым сэнсе нацыя для Мацкевіча — частка гэтай калектыўнай індывідуальнасьці», — расказаў Андрэй Ягораў.
Кніга — не падручнік з гісторыі філязофіі ці гісторыі філязофскіх ідэяў. «Гэта ўводзіны ў філязофскую размову. Праз размову з Мацкевічам мы можам дайсьці да межаў таго, што мы ведаем», — падсумаваў Андрэй Ягораў.
Навукоўца, былая жонка філёзафа Сьвятлана Мацкевіч расказала пра сацыяльна-гістарычны кантэкст, у якім Мацкевіч прыходзіў да ідэі стварэньня новага беларускага ўнівэрсытэту (у будучым — Лятучы ўнівэрсытэт) і да тэзісаў, агучаных у лекцыях на мэтадалягічным сэмінары ў 2008 і 2009 гадах.
Паводле Сьвятланы Мацкевіч, гэтаму папярэднічалі падзеі 2006 году, калі Беларусь таксама перажывала «рэвалюцыйны ўсплёск», а сам Мацкевіч браў удзел у галадоўцы пратэсту, якую трымалі тады вернікі царквы «Новае жыцьцё». І гэта паставіла філёзафа перад экзыстэнцыйным выбарам: што рабіць далей? На яе думку, стварэньне Лятучага ўнівэрсытэту было для Мацкевіча спробаю «выйсьця з сытуацыі сцэнараў, якія паўтараюцца». «Навучыць мысьленьню кожнага» — і тады інструмэнт мысьленьня, як яго разумеў Мацкевіч, стане асноўным спосабам выхаду Беларусі з той сытуацыі, у якую яна трапляе раз за разам.
«Гэтая кніга — пра тое, як мы павінны разьвязваць нашыя нестандартныя беларускія праблемы і як маем выйсьці на іншы сцэнар, — адзначыла Сьвятлана Мацкевіч. — Гэта кніга пра тое, як, напрыклад, нам зараз зладзіць свой протапарлямэнт. Як арганізаваць ужо не лятучы, а іншы беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт. Гэта кніга пра тое, як і пры якіх умовах мы можам вярнуцца ў сваю краіну. Вярнуцца і зрабіць яе сваёй. Зрабіць яе індывідуальнай, не падобнай да іншых. Зрабіць яе эўрапейскай краінай».
Кнігу Ўладзімера Мацкевіча «Ўводзіны ў філязофію» ў студзені 2024 году надрукавала беларускае выдавецтва «Янушкевіч». Яе можна замовіць онлайн (магчымая дастаўка) або набыць у кнігарні «Кнігаўка», якая на мінулым тыдні адкрылася ў Варшаве.
Хто такі Ўладзімер Мацкевіч
- Уладзімер Мацкевіч — беларускі філёзаф і мэтадоляг — быў затрыманы 4 жніўня 2021 году. Яму выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК).
- Канчатковае абвінавачаньне было ўжо па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. У выніку Мацкевіча асудзілі на пяць гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Спачатку зьняволены філёзаф адбываў пакараньне ў Шклоўскай ПК № 17, але на пачатку 2023 году яму зьмянілі рэжым утрыманьня на больш жорсткі і перавялі ў магілёўскую турму № 4.
- МУС уключыў Уладзімера Мацкевіча ў сьпіс асобаў, якія нібыта датычныя да экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Уладзімер Мацкевіч у няволі ўжо больш за 900 дзён.