Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прапануюць дазволіць жанчынам працаваць на цяжкіх і небясьпечных работах


Цяпер жанчынам забаронена працаваць у пажарнай службе. Ілюстрацыйнае фота
Цяпер жанчынам забаронена працаваць у пажарнай службе. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ініцыююць на заканадаўчым узроўні скасаваньне пераліку цяжкіх работ і работ з шкоднымі і небясьпечнымі ўмовамі працы, на якія забараняецца прымаць жанчын.

Як паведаміла выданьне Office Life, гэты пералік ужо некалькі разоў пераглядаўся, а ў 2022 годзе яго скарацілі з 181 да 88 пазыцый.

У пераліку засталіся работы, зьвязаныя з пад’ёмам і перамяшчэньнем цяжкасьцяў уручную, а таксама некаторыя горныя работы. Апроч таго, жанчынам нельга займацца тушэньнем пажараў, быць вадалазамі і гэтак далей.

У сакавіку 2025 году міністар працы і сацыяльнай абароны Натальля Паўлючэнка анансавала чарговае скарачэньне сьпісу забароненых для жанчын работ, паколькі «мадэрнізуюцца вытворчыя працэсы», што дазваляе залучаць на пэўныя пазыцыі ня толькі мужчын, а і жанчын.

Цяпер прапанавалі ўвогуле скасаваць пералік. Паводле распрацоўшчыкаў адпаведнага законапраекту, беларускае заканадаўства ўжо забясьпечыла абарону здароўя жанчын, у тым ліку падчас цяжарнасьці.

Апроч таго, скасаваньне пераліку пашырыць магчымасьці ў выбары прафэсіі для жанчын.

Выданьне сьцьвярджае, што цяпер больш, чым у 140 краінах адсутнічаюць абмежаваньні для выкарыстаньня працы жанчын на небясьпечных работах, калі гэта не абумоўлена мэдычнымі прычынамі і прычынамі бясьпекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG