Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш дзяўчаты дзяўчатам дораць». Як беларускія школьнікі сьвяткуюць Дзень закаханых, нягледзячы на забарону


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ужо другі год як у беларускіх школах забаранілі сьвяткаваць Дзень закаханых 14 лютага. Аднак дзеці адзначаюць яго неафіцыйна.

«Больш дзяўчаты дзяўчатам дораць»

Бацька школьніцы-падлетка Іван* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў Свабодзе, што дачка нічога не казала сёлета пра школьныя імпрэзы, прысьвечаныя Дню сьвятога Валянціна. Аднак дзяўчаты ў клясе ўсё адно рыхтуюць невялікія падаруначкі да гэтага дня — сяброўкам.

«Падаруначкі заўсёды можна дарыць», — мяркуе бацька.

Маці школьніцы сярэдніх клясаў Марыя таксама заўважыла, што дачка цэлы тыдзень рыхтавала віншавальныя паштоўкі для сябровак да Дня закаханых. Ідэі падглядала ў TikTok.

«Больш дзяўчаты дзяўчатам дораць. Хлопчыкі менш у гэтым удзельнічаюць. Менш „любоўнага“ складніка, гэта хутчэй пра сяброўства», — дзеліцца назіраньнямі маці пра віншаваньні з Днём закаханых сярод школьнікаў.

«Ніякіх скрыначак з „валянцінкамі“»

Настаўніца адной зь беларускіх школ Наста расказала, што сёлета, як і летась, афіцыйнага сьвяткаваньня Дня закаханых у школах ня будзе.

«Нельга сьвяткаваць ні ў якім выглядзе. Ніякіх скрыначак з „валянцінкамі“. Пра самое сьвята гаварыць нельга. Школу ўпрыгожваць нельга. Ананімную пошту, як раней, рабіць нельга», — расказвае настаўніца.

Дзень закаханых у школах набыў такі ж статус, як і Гэлаўін. Яго называюць «буржуйскім сьвятам».

«Гэта сьвята недружалюбных краінаў, замежнае, заходняе, навязанае, маўляў, ня мы яго прыдумалі — нам ня трэба», — тлумачыць суразмоўца.

Пры гэтым Наста адзначае, што сходаў, нарадаў, пэдагагічных нарадаў на тэму Дня сьвятога Валянціна не было. Гэтую тэму публічна ўвогуле не падымаюць.

«Усё ціха», — кажа яна.

Пры гэтым усе і так разумеюць, што сьвяткаваць забаронена. Гэта перадаюць хутчэй у кулюарах. Часам настаўнік можа забыцца і падрыхтаваць заданьне, зьвязанае з 14 лютага, аднак потым сьпешна яго касуе.

«Калі летась сталі пытацца, куды будзем апускаць „валянцінкі“, дзе будзе стаяць паштовая скрыня, кіраўніцтва сказала: „Вы што? Нідзе! Мы больш не адзначаем такога“», — успамінае настаўніца.

Аднак калі дзеці самастойна прыносяць адно адному паштоўкі, падарункі ў гэты дзень, настаўнікі часта закрываюць на гэта вочы, а хтосьці і сам рыхтуе дзецям прыемныя сюрпрызы да Дня закаханых.

«Усе радыя, што няма лішняй працы. Ня трэба нічога рабіць дадаткова. Ня трэба прыдумваць сцэнары. З „валянцінкамі“ раней былі незадаволеныя, калі старшыя клясы разносілі пошту, то палова ўроку ўжо была сарваная», — кажа пра рэакцыю калег на забарону настаўніца.

Яна дадае, што, нягледзячы на забарону сьвяткаваць у школах, у беларускіх крамах прадаецца ўвесь асартымэнт да Дня закаханых у розных аддзелах.

«Усё запоўнена сэрцайкамі», — кажа Наста.

Дар’я, маці студэнта адной зь беларускіх вучэльняў, расказала, што выкладчыкам таксама забараняюць папулярызаваць сярод моладзі «каштоўнасьці, не ўласьцівыя сыстэме традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасьцяў беларускага народу», а таксама сьвяткаваць «навязаныя заходняй прапагандай адпаведныя гэтым каштоўнасьцям даты».

Замест 14 лютага студэнтам прапануюць адзначаць 8 ліпеня — Дзень каханьня, сям’і і вернасьці.

Што было раней

Яшчэ два гады таму, як і ў папярэднія гады, у беларускіх школах і ўнівэрсытэтах шырока адзначалі Дзень сьвятога Валянціна.

На калідоры ў вучэльні ставілі паштовую скрыню, куды кожны ахвотны мог кінуць «валянцінку» — паштоўку ў форме сэрца з прызнаньнем у каханьні або зь сяброўскімі віншаваньнямі. На паштоўцы пазначалі адрасата — імя і клясу. Настаўнікі адпускалі некалькіх старшаклясьнікаў разносіць «любоўную пошту». «Паштальёнам» дазвалялі працаваць і падчас урокаў.

Раней да Дня закаханых упрыгожвалі школу, рабілі тэматычную фотазону, арганізоўвалі дыскатэкі, імпрэзы з «хуткімі спатканьнямі», салодкія сталы або прагляд рамантычных фільмаў. У сьвяткаваньні браў удзел нават БРСМ.

Аднак у 2023 годзе студэнтам забаранілі сьвяткаваць 14 лютага, бо гэта «заходняе, навязанае сьвята». У школах дзецям не агучвалі строгай забароны на сьвяткаваньне, але ніякіх імпрэзаў ужо ня ладзілі. Сёлета сытуацыя паўтараецца.

Раней, у сьнежні 2022 году, Савет міністраў Беларусі забараніў сьвяткаваць Гэлаўін і выкарыстоўваць замежных пэрсанажаў накшталт цацак Хагі-Вагі ва ўстановах адукацыі. Гэта нібыта супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям беларускага народу. Замест гэтага Савет міністраў рэкамэндаваў выпрацаваць «прапановы для культурнага імпартазамяшчэньня і ўмацаваньня духоўна-маральнай бясьпекі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG