Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год — 2580 крымінальных спраў паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў у адным Менску


Адно з грубых затрыманьняў пратэстоўца падчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году
Адно з грубых затрыманьняў пратэстоўца падчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году

Лічыліся толькі справы, зьвязаныя з выбарамі ў 2020 годзе.

Такую лічбу агенцтву «Мінск-Навіны» назвала афіцыйная прадстаўніца Ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Кацярына Гарлінская. Згодна зь ейнымі словамі, «плянамерная праца» па выяўленьні ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году «праводзіцца штодня».

Толькі за адзін 2023 год у адным Менску пачалі 2580 крымінальных справаў паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Тысячу трох чалавек прызналі падазраванымі ў «грубым парушэньні грамадзкага парадку» (ч. 1 арт. 342 КК), больш за тысячу спраў завялі за «абразу» Лукашэнкі і сілавікоў у інтэрнэце.

Гарлінская заявіла, што падазраваныя верылі ў «поўную ананімнасьць і беспакаранасьць», нібыта ўжывалі ненарматыўную лексыку і абразы, запалохвалі насельніцтва, супрацоўнікаў дзяржаўных органаў і нібыта пагражалі расправай іх сем’ям.

Пры гэтым матэрыял у дзяржаўным СМІ мае загаловак «Раскаяньне мяцежнікаў 2020-га не дапаможа ім пазьбегнуць адказнасьці. Пошук вінаватых працягваецца».

У ліку «экстрэмісцкіх» артыкулаў, паводле якіх заводзяць крымінальныя справы на менчукоў, ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»), ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, пацягнулі парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый») і ч. 1 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай варожасьці і звады паводле прыкметы нацыянальнай прыналежнасьці»). Затрыманых паводле такіх артыкулаў зьмяшчаюць пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG