Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада і Мэксыка дамовіліся з ЗША аб прыпыненьні дзеяньня ўведзеных Трампам 25-працэнтных мытаў на імпарт


Дональд Трамп і Джастын Трудо. Архіўнае фота
Дональд Трамп і Джастын Трудо. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо правёў перамовы з Трампам. Раней Трамп прыпыніў новыя тарыфы на тавары з Мэксыкі.

Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо і Дональд Трамп дамовіліся аб прыпыненьні ўвядзеньня 25-працэнтных тарыфаў як мінімум на 30 дзён, удакладніў канадзкі палітык у сацсетцы X.

«Я толькі што добра пагаварыў з прэзыдэнтам Трампам. Канада рэалізуе наш плян памежных захадаў коштам $1,3 млрд — умацуе мяжу новымі верталётамі, тэхналёгіямі і пэрсаналам, палепшыць каардынацыю з нашымі амэрыканскімі партнэрамі і павялічыць рэсурсы для спыненьня патоку [наркотыку] фэнтанілу. Амаль 10 тысяч чалавек на перадавой працуюць і будуць працаваць над абаронай межаў», — паведаміў ён.

Трамп адзначыў, што задаволены вынікамі перамоваў з Канадай, і пацьвердзіў прыпыненьне дзеяньня мытаў. Заява была зроблена за некалькі гадзін да набыцьцём ягоным указам моцы.

Раней Трамп адклаў на месяц увядзеньне мыт на тавары з Мэксыкі. Такое рашэньне ён прыняў пасьля «вельмі сяброўскай» тэлефоннай размовы з прэзыдэнткай Мэксыкі Кляўдыяй Шэйнбаўм. Яна пацьвердзіла дасягнутую дамоўленасьць.

Шэйнбаўм пагадзілася паслаць дадаткова 10 тысяч вайскоўцаў на ахову мяжы Мэксыкі і ЗША. На думку абаіх палітыкаў, гэта дазволіць спыніць прыток у ЗША наркотыкаў і нелегальных імігрантаў. Злучаныя Штаты, са свайго боку, абавязваюцца перадухіляць нелегальныя пастаўкі зброі ў Мэксыку.

Дзяржаўная Рада КНР, у сваю чаргу, заявіла, што Пэкін увядзе 15-працэнтныя тарыфы на імпарт вугалю і звадкаванага прыроднага газу з ЗША, а таксама 10-працэнтныя мыты на імпарт нафты і іншых амэрыканскіх тавараў, у прыватнасьці аўтамабіляў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Кітайскія ўлады заявілі, што меры ў адказ набудуць моц 10 лютага.

Трамп плянаваў пагаварыць і са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, аднак пакуль не зрабіў гэтага і рашэньне аб увядзеньні мытаў з боку Вашынгтона ўжо набыло моц.

Першага лютага Трамп увёў мыты ў 25% на ўсе канадзкія тавары, акрамя энэргарэсурсаў (на іх мыта складзе 10%). Таксама былі ўведзены тарыфы на мэксыканскія тавары (25%) і кітайскія (10%).

Тады ж Канада ў адказ увяла свае 25-працэнтныя мыты на амэрыканскія тавары, меркавалася, што яны будуць дзейнічаць на імпарт на суму больш як $100 млрд. Прэзыдэнтка Мэксыкі Кляўдыя Шэйнбаўм заявіла, што яе краіна прыме меры ў адказ, Кітай зьвярнуўся ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

Тавары з гэтых трох краін разам складаюць каля 40% усяго амэрыканскага імпарту. Прыкладна 20-25% усёй нафтаперапрацоўчай прамысловасьці ЗША выкарыстоўваюць нафту з Канады. У цэлым больш за 70% усяго экспарту Канады прыпадае на экспарт у Злучаныя Штаты. Прыкладна 64% усяго імпарту гародніны і садавіны ў ЗША прыходзяць з Мэксыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG