Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр шматгадовы лідэр ТБМ на Віцебшчыне Іосіф Навумчык


Іосіф Навумчык, архіўнае фота
Іосіф Навумчык, архіўнае фота

Вядомаму палітычнаму і грамадзкаму дзеячу было 86 гадоў.

Настаўнік паводле адукацыі, Іосіф Навумчык да сярэдзіны 1980-х зрабіў пасьпяховую кар’еру ў кіроўнай Камуністычнай партыі Беларусі: на пасадзе сакратара Віцебскага абкаму КПБ быў куратарам ідэалёгіі і сацыяльнай сфэры.

Два гады быў дарадцам ЦК КПСС у Кабуле. На гэтай тэрыторыі падчас вайны працавалі і іншыя службоўцы, камандзіраваныя зь Беларусі. Іосіф Навумчык пра свой аўганскі досьвед напісаў кнігу «Афганістан у маім жыцьці. Успаміны дарадцы ЦК КПСС у Кабуле».

Іосіф Навумчык дапамагаў пастаноўцы ў 1970-я на сцэне коласаўскага тэатру п’есаў Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі».

У час кіраваньня Таварыствам беларускай мовы ў Віцебскай вобласьці стварыў разгалінаваную сетку рэгіянальных арганізацый.

Журналіст Сяргей Навумчык напісаў пра свайго бацьку:

«Тата належаў да вельмі вузкага кола кіраўнікоў, якія мелі тое, што сёньня мы называем нацыянальнай сьвядомасьцю. Вузкага нагэтулькі, што пералік іх імёнаў зьмесьцяцца ў два радкі, калі ўвогуле не адзін. У 20-х, 30-х гадах і пазьней усё нацыянальнае ў сфэры эліты было вычышчана; у суседняй Літве гэты працэс пачаўся на адно пакаленьне пазьней, магчыма, таму там бразаўскасы і выйшлі на першыя афіцыйныя пазыцыі і зрабілі тое, што мусілі зрабіць».

Сяргей Навумчык зазначыў, што ягоны бацька быў адным з тых, хто паўплываў на рашэньне Гарбачова і Палітбюро вывесьці войскі з Афганістану:

«У гуманітарным сэнсе ягоная бясспрэчная заслуга — выратаваньне тысячаў жыцьцяў, бо ў якасьці дарадцы ЦК КПСС у Кабуле ён быў адным з тых, хто паўплываў на рашэньне Гарбачова і Палітбюро вывесьці войскі з Афганістану. У нацыянальным — спрыяньне беларускім пісьменьнікам, у прыватнасьці пастаноўцы ў 70-я на сцэне коласаўскага тэатра п’есаў Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі», а таксама стварэньне цэлай сеткі арганізацый ТБМ на Віцебшчыне.

Таварыства беларускай мовы было сэнсам ягонага жыцьця апошніх дзесяцігодзьдзяў. Ён быў сузаснавальнікам (у 1989) ТБМ імя Скарыны, уваходзіў у яго кіраўніцтва, а пасьля выхаду на пэнсію 25 гадоў — чвэрць стагодзьдзя — узначальваў Віцебскую абласную Раду ТБМ. Папрасіўся ў адстаўку толькі тады, калі ўжо ў літаральным сэнсе ногі не дазвалялі амаль штодзённа абыходзіць установы з просьбамі ды патрабаваньнямі і езьдзіць у раёны (але застаўся ганаровым старшынём аж да моманту ліквідацыі ТБМ)», — напісаў пра бацьку Сяргей Навумчык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG