Пасля пагрозаў Азаронка затрымалі брат палітычнага эмігранта з Гомля
Як паведаміў «Флагшотку» Мікалай Стагурскі, ягонага 19-гадовага брата Дзьмітрыя, раніцай 4 студзеня даставілі ў Навабеліцкае аддзяленьне міліцыі — у яго нібыта знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі. На хлопца склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Як расказаў Мікалай Стагурскі «Люстэрку», ягоны брат вучыцца ў Рэчыцкім аграрным каледжы, а цяпер прыехаў на канікулы дадому ў аграгарадок Пакалюбічы. У аўторак раніцай хлопец быў дома разам зь сябрам, але пасьля 11.00 перастаў выходзіць на сувязь. Празь нейкі час ён патэлефанаваў маці (тая была на працы) і сказаў, што яго затрымалі.
Паводле сябра, затрымліваў Дзьмітрыя «не АМАП, два звычайныя супрацоўнікі». Яны правялі ў хаце ператрус, забралі ноўтбук і тэлефон.
Раней Мікалаю Стагурскаму ў сваім тэлеграм-канале пагражаў прапагандыст Азаронак у сувязі з удзелам Мікалая ў акцыі ў Ізраілі, прымеркаванай да выбараў у Беларусі.
Суд у актавай залі жлобінскага каледжа
У Жлобіне за «зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга» пачынаюць судзіць хлопца, які год таму выратаваў з возера пэнсіянэра, піша «Вясна».
На 4 лютага судом Жлобінскага раёну заплянаваны разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да навучэнца Жлобінскага мэталюргічнага каледжу Канстанціна Ц. Яго вінавацяць паводле артыкула 370 КК («Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў»). Судзьдзя — Сьвятлана Андрэева.
Адзначаецца, што пасяджэньне пройдзе не ў будынку суду, а ў каледжы, дзе вучыцца хлопец, піша «Вясна».
Год таму на сцэне актавай залі гэтага ж каледжа Канстанціна разам з трыма іншымі навучэнцамі ўрачыста віншавалі і ўзнагароджвалі лістамі падзякі — юнакі выратавалі пэнсіянэра з вады.
Ураджэнца Херсона Сяргея Белага пачынаюць судзіць у трэці раз
4 лютага ў судзе Заводзкага раёна Менска пачынаецца разгляд ужо трэцяй справы супраць палітвязьня Сяргея Белага. Гэтым разам яго судзяць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Працэс вядзе судзьдзя Жана Хвайніцкая, піша «Вясна».
Сяргей Белы родам з украінскага Херсона, але амаль усё жыцьцё пражыў у Беларусі. Мае двух непаўналетніх дзяцей. Мужчыну затрымалі ў лютым 2023 года. На відэа сілавікоў ён казаў, што пакідаў камэнтары ў тэлеграме і «прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плян «Перамога».
У першы раз яго асудзілі ў кастрычніку 2023 года за «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Наступны суд над Сяргеем адбыўся 27 верасьня 2024 года ў Менскім гарадзкім судзе. Яго абвінавацілі па 4 артыкулах – «удзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядаў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч. Вынік суда невядомы.