Арышт работніка «Нафтану»
Судзьдзя ў Наваполацку Зінаіда Балаболава 25 студзеня нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Telegram арыштавала на 15 дзён работніка ААТ «Нафтан» Аляксандра Ляшкова. Гэта чацьвёрты запар адміністрацыйны арышт удзельніка страйку 2020 году, які доўжыцца 59 дзён.
У судзе заявілі, што Аляксандар праз Telegram нібыта пераслаў паведамленьне з «экстрэмісцкага» канала «Беларусь галаўнога мозгу».
Мужчына ў судовым паседжаньні віны не прызнаў, піша «Віцебская Вясна».
У Бярозаўцы за падпіскі затрымалі завуча і сакратарку школы
30 студзеня ў СШ № 1 затрымалі намесьніцу дырэктара Алу Чуйко і сакратарку Сьвятлану Козел, паведамляе @lida_grab_court. Прычына — «падабайкі» і падпіскі на нібыта «экстрэмісцкія» каналы.
Паведамляецца, што школьнікі былі ў шоку, калі затрымліваць жанчын у школу прыйшлі пяць чалавек. У выніку жанчынам прысудзілі штрафы па 30 базавых велічынь (1200 рублёў).
Маці непаўнагадовага, затрыманую на мяжы, асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У Воранаве 3 студзеня адбыўся суд над жанчынай, якая выхоўвае маленькае дзіця. Паводле матэрыялаў справы, у пункце пропуску «Беняконі» падчас праверкі тэлефона ў жанчыны знайшлі падпіску ў Instagram на «экстрэмісцкую» старонку.
Суд прызначыў ёй 25 базавых велічыняў штрафу (1 000 рублёў).