Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абяцаюць зьняць з вышуку, просяць паведаміць новы адрас. Беларусы замежжа расказалі пра новую тактыку сілавікоў


Каляж
Каляж

Расказваем, як невядомыя, што прадстаўляюцца міліцыянтамі, спрабуюць выманіць у беларусаў пэрсанальныя зьвесткі.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», летась пасьля праверак на мяжы былі затрыманыя ня менш за 207 чалавек. Некаторыя беларусы, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, працягваюць вяртацца на Радзіму з-за мяжы і трапляюць за краты.

Свабодзе стала вядома пра новыя мэтады працы меркаваных сілавікоў з палітычнымі ўцекачамі. Адразу некалькі не зьвязаных паміж сабой крыніц расказалі, што за мяжой атрымліваюць паведамленьні ад людзей, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі беларускіх праваахоўных органаў. Тыя абяцаюць закрыць супраць іх крымінальныя справы, але толькі пры пэўных умовах. Сваімі гісторыямі са Свабодай падзяліліся трое беларусаў, якія жывуць за мяжой. Імёны герояў зьмененыя дзеля бясьпекі.

Здымак на фоне «замежжа» і тлумачальная

Марыя перабралася жыць у Польшчу пасьля 2020 году. У Беларусі ў яе застаўся муж. Да яго нядаўна прыйшлі міліцыянты, пыталіся, дзе жонка.

«Ён адказаў, што ня мае стасункаў са мной і хай яны самі са мной размаўляюць. Тады міліцыянты выйшлі на мяне ў тэлеграме», — кажа Марыя.

Жанчына даведалася, што на яе завялі крымінальную справу аб «абразе службовай асобы».

«Было так, што я пакінула бяскрыўдны камэнтар, зусім не пра палітыку, у адным з эмігранцкіх чатаў. Там, відаць, сядзяць і міліцыянты. Яны па маім ніку правялі „расьсьледаваньне“ і знайшлі, што я раней абразіла міліцыянта», — тлумачыць беларуска.

Суразмоўца кажа, што калі ёй у тэлеграме пачаў пісаць меркаваны міліцыянт, яна моцна спалохалася. У першую чаргу — за бясьпеку блізкіх людзей у Беларусі. Невядомы прасіў Марыю сфатаграфавацца на фоне нечага, што пацьвердзіла б, што яна сапраўды ў Польшчы.

«Я пад панікай і страхам праўда пайшла і сфатаграфавалася на фоне польскай крамы. І даслала. Ён пачаў пісаць, каб я дала яму дакладны адрас у Польшчы. Напісала, але ня свой, выдуманы. Ён дапытваўся — чаму я паехала ў Польшчу. Я патлумачыла, што гэта было не па палітыцы, я проста хацела пачаць новае жыцьцё, знайшла сабе тут партнэра», — узгадвае беларуска.

Невядомы нагадаў Марыі, што ў яе хутка скончыцца пашпарт, і запытаўся — што яна будзе рабіць? Марыя адказала, што зьбіралася ў Беларусь, але цяпер не паедзе, раз на яе завялі крымінальную справу.

«Насамрэч я нікуды не зьбіралася, проста „разводзіла“ яго на гутарку. Ён мне пачаў абяцаць, што я магу ехаць сьмела, што мне нічога ня будзе, што ён хоча зьняць мяне з вышуку. Наогул пачаў пісаць: „Я за вас, проста я не магу ўсё казаць, я хачу вам дапамагчы“», — расказвае суразмоўца.

Камплімэнты і віншаваньні з Новым годам

Невядомы працягваў пісаць Марыі. Па яе словах, скардзіўся, што яму не дазваляюць спыніць крымінальную справу ў дачыненьні да яе, бо Марыя мусіць даслаць здымак свайго дазволу на жыхарства і тлумачэньні. Ён жа паведаміў Марыі нумар сьледчай, якая вядзе яе справу. Жанчына патэлефанавала ёй.

«Але яна не адказала на мае пытаньні: за што на мяне завялі крымінальную справу, што менавіта і дзе я пісала? Яна адказвала, як робат: „Прыяжджайце асабіста, я па тэлефоне размаўляць ня буду“. Казала, што я магу прыйсьці з адвакатам і ўсё даведацца. Я адказала, што я некалі прыеду ў Беларусь, у лепшыя часы, і мы пагаворым пры адвакаце. Толькі пытаньне: каму ён будзе тады патрэбны, мне ці вам? Яна раззлавалася і пачала казаць, што я ёй нібыта пагражаю», — кажа Марыя.

Па словах суразмоўцы, невядомы пісаў ёй камплімэнты. Дасылаў паведамленьні кшталту: «Вы вельмі прыгожая жанчына, вы выглядаеце на дзесяць гадоў маладзей за свой век» (скрыншоты паведамленьняў ёсьць у рэдакцыі. — РС). На Новы год ён даслаў Марыі віншаваньне.

«Урэшце мне гэта ўсё надакучыла. Я яму сказала, што ня трэба мяне здымаць з вышуку, хай я там застануся, а вы ўсе адчапіцеся ад мяне папросту. Рабіце што хочаце», — кажа Марыя.

Яна лічыць, што мэта такіх дзеяньняў — выманіць чалавека ў Беларусь.

«Чым больш яны выманяць — тым больш „зорачак“ на пагоны атрымаюць. Ім ні ў якім разе нельга верыць! Я маю крымінальную справу і паеду ў Беларусь? Я што — зусім ужо?» — кажа жанчына.

Маніпуляцыі і запалохваньне

Арцём мае ў Беларусі некалькі палітычных крымінальных спраў. Ён уцёк пасьля падзей 2020 году і жыве ў Польшчы. Нядаўна Арцём таксама пачаў атрымліваць паведамленьні ад невядомых, якія прадстаўляюцца сілавікамі.

«Прыйшлі да маёй жонкі, якая ў Беларусі. Заявілі, што хочуць зьняць мяне з вышуку, таму я мушу сам асабіста ім патэлефанаваць, даць свой адрас у Польшчы, зрабіць здымак на фоне якой-небудзь вуліцы. Яны ўпрошвалі жонку перадаць мне, што магу, маўляў, нават са схаванага нумара патэлефанаваць ім», — кажа Арцём.

Ён вырашыў ня зьвязвацца зь міліцыянтамі.

«Яны мае ворагі! Чаго я буду зь імі размаўляць? Я ўцёк пасьля суду нада мной, „у плечы“ атрымаў яшчэ дзьве крымінальныя справы. І яны мяне будуць здымаць з вышуку? Проста сьмех! Хіба толькі дзіця на такое павядзецца», — кажа суразмоўца.

Ён лічыць, што такія дзеяньні міліцыі могуць нашкодзіць тым, хто цяпер жыве ў Польшчы.

«Напрыклад, я буду перапісвацца зь міліцыянтамі, потым яны пакажуць гэта, і палякі забяруць у мяне міжнародную абарону. Бо выходзіць, мне нічога не пагражае, раз я мірна перапісваюся зь міліцыянтамі», — разважае Арцём.

Яшчэ адна жанчына, якая мае падобную гісторыю, расказала Свабодзе, што атрымала на судзе «хатнюю хімію», пасьля чаго ўцякла з краіны. Яна папрасіла называць яе Аленай. Кажа, што даведалася пра новую крымінальную справу, ужо калі жыла ў Польшчы. У Беларусі жанчыну абвінавацілі па палітычным артыкуле і таксама прыйшлі да яе мужа.

«Прасілі празь яго, каб я напісала ім свой новы адрас, напісала заяву, чаму я жыву і працую ў Польшчы. Казалі, што хочуць зьняць з вышуку, „каб у яе не было праблем, калі яна вернецца“. Ды пра што вы кажаце? Канечне, я ім не паверыла», — кажа Алена.

Яна лічыць, што мэта міліцыянтаў — выявіць усіх, хто зьехаў за мяжу, каб потым маніпуляваць імі і іх блізкімі.

«Людзі тут, але іх блізкія ў Беларусі, і за іх баяцца. Калі раней шмат людзей хадзілі на акцыі з адкрытымі тварамі, то цяпер некаторыя пачалі баяцца гэта рабіць. Гэта мэта міліцыянтаў — палохаць людзей нават за мяжой. Яны хочуць, каб мы тут замоўклі, хочуць трымаць нас у страху», — лічыць суразмоўца.

Праваабаронца: «Міліцыянты сядзяць у тэлеграме і абяцаюць людзям немагчымае»

Праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што такія «просьбы аб вяртаньні» могуць быць зьвязаныя з Канцэпцыяй міграцыйнай палітыкі, якую нядаўна прынялі ў Беларусі.

«Вось яны і заварушыліся. Можа, нават і прэміі прыдумалі тым, хто верне некалькі чалавек назад. Інакш адкуль такі спрыт у іх? Міліцыянтам што — няма чым заняцца, апроч як сядзець у тэлеграме і ўпрошваць людзей, абяцаючы ім немагчымае? Напэўна, яны ўжо бачаць, што міграцыя павялічваецца і пагражае эканоміцы», — кажа праваабаронца.

Ён дадаў, што публічным асобам сілавікі ня пішуць, бо ведаюць адказ.

«Пішуць менш публічным і менш вядомым людзям з надзеяй, што нехта можа павесьціся на іх „чупа-чупсы“. Адрасы просяць, лічу, для справаздачнасьці сваёй. Наўрад ці перапіскі зь міліцыянтамі могуць пацягнуць за сабой праблемы з польскімі ўладамі», — кажа Леанід Судаленка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG