Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамляюць пра прыезды сілавікоў да родных тых, хто зьехаў за мяжу


Мікрааўтобус зь сілавікамі ў Менску. Архіўнае фота
Мікрааўтобус зь сілавікамі ў Менску. Архіўнае фота

Сваякоў тых, хто зьехаў зь Беларусі, просяць угаварыць сваіх блізкіх вярнуцца на радзіму праз «камісію па вяртаньні».

Праваабаронцы паведамляюць пра рэйды сілавікоў па родных тых, хто зьехаў за мяжу: вядома сама меней пра тры такія выпадкі, піша «Вясна».

Як даведаліся праваабаронцы, людзей просяць угаворваць сваіх сваякоў вярнуцца ў Беларусь праз «камісію па вяртаньні». Вядома сама меней пра тры выпадкі, калі да людзей прыходзілі з такімі прапановамі.

Летась у Беларусі стварылі міжведамасную «камісію па вяртаньні» для працы зь беларускімі эмігрантамі, якую ўзначаліў генпракурор Андрэй Швед. Камісія павінна паведамляць ахвотным вярнуцца ў Беларусь пра наяўнасьць ці адсутнасьць прэтэнзіяў да іх з боку дзяржорганаў і магчымасьць вярнуцца, ня трапіўшы за краты. 26 студзеня 2024 году Андрэй Швед заявіў, што за год працы «камісія па вяртаньні» атрымала больш за 150 заявак, таму яе працу прадоўжаць яшчэ на год.

Да гэтага, напрыканцы 2021 году, сілавікі стварылі праграму «Дарога дадому», якая нібыта «дазваляе тым, хто зьехаў, вярнуцца без наступстваў». Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы, па якіх яны могуць гэта зрабіць. Праграма дзейнічала да канца 2022 году.

Праваабаронцам вядомыя сама меней тры выпадкі, калі, нягледзячы на «дамоўленасьці», супраць людзей заводзілі крымінальныя справы пасьля вяртаньня з-за мяжы:

  • Адміністратарку пратэставых чатаў Тацяну Курыліну, якая скарысталася з праграмы «Дарога дадому», у выніку асудзілі на 4,5 года калёніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
  • У лістападзе 2023 году на 1 год калёніі за «абразу Лукашэнкі» асудзілі 30-гадовага берасьцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у «камісію па вяртаньні».
  • У сьнежні 2023 году прапагандысты апублікавалі інтэрвію з Тацянай Собаль, якая, як паведамляецца, таксама вярнулася ў Беларусь праз «камісію». Жанчыну прымусілі казаць, як ёй было дрэнна за мяжой і як яна, «паддаўшыся ўплыву», удзельнічала ў пратэстах у 2020 годзе. У выніку Тацяну чакае суд — ёй інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК. Цяпер яна на волі пад закладам.

Агулам, паводле праваабаронцаў «Вясны», у 2023 годзе пасьля праверак на мяжы былі затрыманыя сама меней 207 чалавек, якія вярталіся ў Беларусь. Амаль усім затрыманым прысудзілі «суткі» і штрафы за рэпосты навінаў зь незалежных СМІ, «дробнае хуліганства» або за «пікетаваньне» нацыянальнай сымболікай. А мінімум 18 зь іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, у тым ліку 12 — на тэрмін у калёніі.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў неаднаразова папярэджвалі суайчыньнікаў, якія эмігравалі, пра небясьпеку вяртацца з прычыны пагрозы арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG