Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 студзеня: Затрымалі былую журналістку Catholic.bу і актывістку страйкаму; ператрус у доме палітэмігранта

абноўлена

Сілавік. Архіўнае фота
Сілавік. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Затрымалі былую журналістку Catholic.bу

23 студзеня затрымалі былую журналістку Catholic.bу Аксану Ючкавіч, паведамляе «Хрысьціянская візія».

Ючкавіч паходзіць з Параф’янава Докшыцкага раёну, яна вядомая сярод каталікоў Менску тым, што арганізоўвала многія імпрэзы.

У мінулы аўторак па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні. Праваабаронцы налічылі сама меней 84 выпадкі.

Былога палітвязьня Аляксея Раманава арыштавалі на 15 дзён

24 студзеня суд прызначыў былому палітвязьню з Гомля Аляксею Раманаву 15 дзён адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Так яго пакаралі нібыта за падпіскі ў сацыяльных сетках.

Аляксея Раманава затрымалі 23 студзеня ў Гомлі супрацоўнікі КДБ. Да позьняга вечара яго дапытвалі, потым завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Былы палітзьняволены пакутуе на анкалягічную хваробу, мае інваліднасьць 3 групы, шэраг хранічных захворваньняў.

Затрымалі былую актывістку страйкаму

Былую актывістку страйкаму на наваполацкім «Паліміры» Алену Вінакураву затрымалі 23 студзеня.

Яе дачка пра затрыманьне паведаміла ў фэйсбуку: «Затрыманая на 72 гадзіны. Адбываць будзе ў ІЧУ Віцебску».

Як піша «Вясна», Алену Вінакураву затрымлівалі 27 сакавіка 2021 году нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафавалі на 30 базавых велічынь. А зусім нядаўна, 14 сьнежня 2023-га, ёй прысудзілі 15 дзён арышту паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), а затым дадалі яшчэ 15 сутак.

Жанчына адпрацавала на «Паліміры» больш за 30 гадоў. 24 студзеня ў Алены дзень народзінаў.

За тры камэнтары берасьцейца Дзяніса Красько асудзілі да трох гадоў калёніі

Стаў вядомы прысуд 48-гадоваму берасьцейцу Дзянісу Красько, якога абвінавацілі ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці» (паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу), піша «Вясна». Берасьцейскі абласны суд завяршыў разгляд крымінальнай справы 22 студзеня.

Судзьдзя Сяргей Беразюк прызнаў Дзяніса Красько вінаватым і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурорка Марыя Бялт.

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, у сьнежні 2020 году, Красько апублікаваў у адкрытым доступе ў Інтэрнэце камэнтары, «накіраваныя на падтрыманьне экстрэмісцкай дзейнасьці, прапаганду і агітацыю сацыяльнай варожасьці» і варожасьці ў дачыненьні да сілавікоў, прадстаўнікоў судовай улады і вайскоўцаў.

Усе тры тэлеграм-паведамленьні, якія нібыта пакінуў Красько, былі напісаныя як камэнтары да публікацый на тэлеграм-канале «Вусы Лукашэнкі».

У Гомлі прайшоў ператрус у палітэмігранта, затрымалі ягоную маці

Выданьне @flagshtok паведаміла, што 24 студзеня ў гомельскага палітэмігранта Валерыя Крахмалава, які пакінуў Беларусь у 2021 годзе пасьля рэпрэсій, адбыўся ператрус.

Кватэру абшуквала міліцыя, пасьля ператрусу ягоную маці Марыю забралі ў пастарунак.

За ўдзел у пратэстах і камэнтары на адрас Лукашэнкі затрымалі менчука

Сілавікі затрымалі менчука за ўдзел у пратэстах 2020 году, данаты і нэгатыўныя камэнтары на адрас Лукашэнкі, пракурораў і сілавікоў, паведаміў 24 студзеня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал, заўважыла «Люстэрка».

44-гадовага мужчыну прымусілі расказаць на камэру, што ён жыве ў Менску і працуе ў лягістычнай кампаніі «Алідзі-вест». Акрамя таго, яго вымусілі прызнацца ва ўдзеле ў пратэстах і ў тым, што з 2020 да сярэдзіны 2023 году ён у «апазыцыйных» чатах пакінуў больш за дзьве тысячы абразьлівых камэнтароў на адрас Лукашэнкі, працаўнікоў пракуратуры і міліцыянтаў, а таксама рабіў данаты ў BYSOL.

«Медиазона» знайшла старонку затрыманага «ЎКантакце». Мянчук падпісаны там як Сяргей Харытановіч.

У якім ён статусе і па якім артыкуле яго абвінавачваюць — невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG