У мінулы аўторак па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні. Паводле апошніх зьвестак праваабаронцаў, агулам за 23-24 студзеня пад пераслед трапілі сама меней 164 чалавекі. Расказваем, што адбылося.
Ранкам 23 студзеня да сваякоў палітвязьняў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і КДБ.
«А шостай раніцы ўварваліся ў дом, перапалохалі дзяцей, суседзяў, нарабілі гвалту. Рабілілі ператрус, што шукалі — невядома, забралі тэлефоны і тэхніку», — расказала Свабодзе сястра адной з затрыманых беларусак, муж якой сядзіць у калёніі «за палітыку».
«Нам стала вядома, што сястру затрымалі за харчовую дапамогу ад ініцыятывы Ineedhelp. Але якое злачынства ў тым, што чалавек, муж якой сядзіць і ня можа забясьпечыць жонку, дзяцей, атрымала ад добрых людзей кіляграм грэчкі і літар алею, умоўна кажучы?» — абураецца сваячка.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што пасьля візытаў сілавікоў некаторых з родных палітвязьняў затрымалі, рэшту адпусьцілі дадому. Ва ўсіх зь іх бралі падпіску аб маўчаньні. Супраць часткі зь іх завялі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Некаторых затрыманых судзілі па адміністрацыйных справах. Вялікая частка людзей выйшла на волю пасьля допытаў, але ў якім статусе, невядома.
Некаторым супрацоўнікі КДБ казалі, што затрыманьні і ператрусы нібыта зьвязаныя з праектам INeedHelpBY, які кагадзе быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праект арганізоўваў прадуктовую дапамогу рэпрэсаваным, у тым ліку выкарыстоўваючы для гэтага папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Эўраопта» і «Гіпа».
Па інфармацыі праваабаронцаў, сярод іншага супрацоўнікі пыталіся, «хто дапамагае зь перадачамі і хто аплачвае кошыкі з прадуктамі». Некаторым паказвалі раздрукоўкі аплат зь «Е-кошыкаў», шукалі ў тэлефонах аплікацыі замежных банкаў, а таксама патрабавалі тлумачэньняў наконт грашовых пераводаў на беларускую картку з-за мяжы. Паведамляецца, што сілавікі нібыта праглядаюць аплаты ў сэрвісах зь літоўскіх і польскіх картак і зьбіраюць інфармацыю пра сумы аплат.
Жонку палітвязьня і экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча Марыну Адамовіч, якую затрымлі ранкам 23 студзеня, асудзілі на 15 сутак нібыта за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).
Вядома, што ператрус прайшоў і ў маці праваабаронцы Марыны Касінеравай, якая ўдзельнічае ў ініцыятыве Dissidentby. Праводзілі вобшук супрацоўнікі мясцовага КДБ.
Як стала вядома Свабодзе, пасьля шматгадзіннага допыту ў гомельскім упраўленьні КДБ былы палітвязень Аляксей Раманаў трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня. Каля 22:00 яго падвезьлі пад дом, дзе ён жыве, каб сваякі перадалі яму рэчы і лекі. На наступны дзень Раманаву прысудзілі 15 дзён арышту па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) нібыта за падпіскі ў сацсетках. Раманаў мае шэраг хранічных захворваньняў.
Свабодзе таксама вядома пра людзей, якія не вярнуліся дахаты пасьля допытаў. Гэта ў асноўным сваякі палітвязьняў і валянтэры, якія дапамагалі ім. Сілавікі падчас ператрусаў пакідалі сабе тэлефоны тых, да каго прыходзілі.
«Вылічылі празь «Е-дастаўку»
Ініцыятыва IneedHelpBY паўстала на хвалі пратэстаў у 2020 годзе. Яе стварылі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША. Сутнасьць ініцыятывы ў тым, што чалавек (пераважна гэта былі беларусы, якія жывуць за мяжой. — РС) апякуецца адной ці некалькімі сем’ямі, пацярпелымі ад рэпрэсій, і купляе для іх неабходныя прадукты. На сайце ініцыятывы напісана, што з 2020 году яны ўжо аказалі падтрымку на суму 1 551 400 даляраў. Усяго харчовую дапамогу аказвалі каля 15 тысяч разоў.
Кіраўніцтва ініцыятывы INeedHelpBY, якая дапамагае людзям прадуктамі, 25 студзеня пракамэнтавала ў Instagram масавыя затрыманьні сваякоў палітвязьняў у Беларусі:
«Запэўніваем, што з нашага боку ніякіх узломаў сыстэмы і выцекаў інфармацыі не было», — заявіў кіраўнік праекту Філіп Гаўрышаў.
Пра тое, што IneedHelpBY прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем, стала вядома акурат 23 студзеня. Зрабіў гэта КДБ.
«У мяне склалася меркаваньне, што людзей вылічылі празь „Едастаўку“ (сэрвіс онлайн-заказу харчоў. — РС), якой ахвочыя і дапамагалі прадуктамі сем’ям палітзьняволеных. Думаю, што прасачыць гэтую дапамогу магчыма, калі паглядзець на аплаты з-за мяжы і пэрыядычнасьць дастаўкі. Тым больш сваякі палітвязьняў і так уразьлівая катэгорыя, яны на воку ў сілавых органаў», — выказалася сваячка аднаго з затрыманых былых палітвязьняў.
Крыніца «Люстэрка» з Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі на ўмовах ананімнасьці расказала, што 23 студзеня сілавікі таксама затрымалі людзей, якія знаходзіліся ў тэлеграм-чаце сваякоў і былых палітвязьняў. Паводле крыніцы, доступ да сьпісу ўдзельнікаў чату сілавікі атрымалі каля двух тыдняў таму пасьля затрыманьня адной з удзельніц і «проста пайшлі па ўсіх кантактах, якія знаходзяцца ў Беларусі».
Акрамя гэтага, паводле актывіста АПБ, ёсьць сярод затрыманых і тыя, хто ня ўдзельнічаў у чаце і не карыстаўся дапамогай ініцыятывы INeedHelpBY.
Праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова ў камэнтары Свабодзе зазначыла, што «ніхто да канца не разумее, што сёньня адбываецца ў краіне, але гэта відавочна парушэньне правоў чалавека, узмацненьне рэпрэсій і ціску на людзей».
Па яе словах, нават у сёньняшнім беларускім заканадаўстве няма нормы, якая забараняе падзяліцца зь іншым чалавекам прадуктамі, аказаць ці прыняць харчовую дапамогу.
«Былі прэтэнзіі да людзей, што яны атрымлівалі прадукты. Тады ў мяне пытаньне да тых, хто выконваў гэтыя бязглуздыя загады ці аддаваў іх: вы наагул людзі ці вы нелюдзі? Вы сваімі дзеяньнямі паставілі людзей у цяжкія жыцьцёвыя ўмовы, калі іх блізкія сядзяць у турмах, дык хай іх жонкі і дзеці галадаюць, цярпяць нястачу, а астатнія будуць спакойна назіраць за гэтым? Гэтыя акты ня толькі бязглуздыя, яны бесчалавечныя, гэта поўнае расчалавечваньне сыстэмы», — лічыць Алена Масьлюкова.