Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнігаўскія ўлады расказалі, як беларусы дапамагалі ўкраінцам у часе акупацыі рэгіёну ў пачатку расейскага ўварваньня


Выстава «З Украінай у сэрцы» ў Вільні (Літва), чэрвень 2023. Ілюстрацыйнае фота
Выстава «З Украінай у сэрцы» ў Вільні (Літва), чэрвень 2023. Ілюстрацыйнае фота

Цягам 2014–2022 гадоў, абараняючы Ўкраіну, загінулі 9 этнічных беларусаў з Чарнігава.

Першая намесьніца старшыні Чарнігаўскай абласной рады Ніна Лемеш заявіла, што беларусы дапамагалі чарнігаўцам, якія ў лютым–красавіку 2022 году апынуліся ў расейскай акупацыі.

Як паведаміла чарнігаўскае выданьне 0462.ua, пра гэта Ніна Лемеш заявіла на адкрыцьці ў Чарнігаўскім абласным музэі фотавыставы «З Украінай у сэрцы» аб беларускіх добраахвотніках, якія загінулі, абараняючы Ўкраіну.

«Вельмі добра памятаю люты-сакавік 2022 году, калі жыхары, якія апынуліся ў поўнай акупацыі, мелі сувязь і знаходзілі гэтую сувязь з нашымі неакупаванымі тэрыторыямі, асабліва моцнае плячо падставілі беларусы. Але гэта ня той рэжым беларускі, які зрабіў усё, каб з тэрыторыі Беларусі ляцелі ракеты і ішлі войскі», — сказала Ніна Лемеш.

У інтэрвію выданьню першая намесьніца старшыні Чарнігаўскай абласной рады ўдакладніла, што ў часе акупацыі зь Беларусі атрымлівалі прадукты і мэдыкамэнты.

«Ёсьць такія факты, калі жыхары акупаванай тэрыторыі ехалі ў Беларусь і прывозілі адтуль прадукты, лекі. Яны ехалі ў Беларусь, знаходзілі там кантакт, куды ехаць, каб купіць. Гэта не адзінкавыя выпадкі. Яшчэ ў красавіку, калі мы размаўлялі [з жыхарамі дэакупаваных тэрыторый Чарнігаўшчыны], казалі пра неадназначнасьць: зь Беларусі паляцелі ракеты і пайшлі расейцы, але там шмат людзей не падтрымліваюць гэтага, яны там проста не гавораць пра гэта ўголас, але яны падтрымліваюць менавіта Ўкраіну. У Беларусі былі такія кантакты і дапамога была», — дадала Ніна Лемеш.

На вайне загінулі 9 этнічных беларусаў з Чарнігаўшчыны

Настаяцель чарнігаўскага храма ў гонар Іаана-Воіна айцец Яўген Орда, беларус паходжаньнем, паведаміў, што цягам 2014–2022 гадоў загінулі 9 этнічных беларусаў з Чарнігава, абараняючы Ўкраіну.

«Гэтыя людзі — сапраўдныя грамадзяне нашай дзяржавы. Я ведаю дзевяць беларусаў, якія аддалі сваё жыцьцё за нашу ўкраінскую дзяржаву. Іх пахавалі на Яцэве (могілкі ў Чарнігаве. — РС). Яны заўсёды былі ўкраінцамі і заўсёды застануцца беларусамі», — працытавала айца Яўгена чарнігаўскае выданьне.

«Беларусы не падтрымліваюць вайну»

Кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч (ён займаецца арганізацыяй экспазыцыі «З Украінай у сэрцы» у розных гарадах Украіны і Эўропы) адзначыў, што такія мерапрыемствы дапамагаюць патлумачыць украінцам розьніцу між беларускім народам і прадстаўнікамі дзяржавы, якія падтрымалі расейскую агрэсію супраць Украіны.

«Мы тут для таго, каб жыхарам Чарнігава патлумачыць і паказаць розьніцу між лукашыстамі і беларусамі. Беларусы — гэта тыя, хто з 2014-га аддаюць свае жыцьці за эўрапейскі выбар і эўрапейскія каштоўнасьці. Беларусы — гэта тыя, хто плячо ў плячо з украінцамі стаяць тут, супрацьстаяць расейскім акупантам, а лукашысты — тыя, хто даў сваю тэрыторыю для поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну.

На маю думку, у Беларусі больш беларусаў. Але варта разумець, што пакуль што Беларусь знаходзіцца пад двайной акупацыяй: першая акупацыя — злачынны рэжым Лукашэнкі, другая — акупацыя Расейскай Фэдэрацыі. І сёньня нам трэба супрацьстаяць расейскай прапагандзе, змагацца за сьвядомасьць беларусаў, каб між нашымі народамі зноў будаваць партнэрскія дачыненьні», — сказаў Аляксей Францкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG