Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўзбэкістане за крытыку кіраўніка дзяржавы блогераў саджаюць у турму і адпраўляюць у псыхіятрычныя лякарні


Шаўкат Мірзіёеў
Шаўкат Мірзіёеў

Па меншай меры тры чалавекі зараз адбываюць турэмныя тэрміны ва Ўзбэкістане за крытыку прэзыдэнта краіны, а аднаму мужчыну нядаўна працягнулі прымусовае «лячэньне» ў шпіталі ў сувязі з псыхічным разладам, якога, як ён сьцьвярджае, у яго няма.

Усе людзі зазналі перасьледу за допісы ў сацыяльных сетках, у якіх гаварылася, што Шаўкат Мірзіёеў ня здольны кіраваць Узбэкістанам.

Як мінімум тры чалавекі цяпер адбываюць турэмныя тэрміны за крытыку Мірзіёева ў інтэрнэце, а аднаму мужчыну нядаўна працягнулі прымусовае «лячэньне» ў псыхіятрычным шпіталі. Да свайго арышту ў 2021 годзе Валіжон Калонаў, які пражывае ва ўсходняй Джызацкай вобласьці (родным рэгіёне Мірзіёева) часта крытыкаваў кіраўніка і яго палітыку на YouTube.

У прыватнасьці, 54-гадовы Калонаў асуджаў урад Мірзіёева за тое, што той падтрымлівае добрыя адносіны з Кітаем, нягледзячы на рэпрэсіі Пэкіну супраць уйгураў і іншых мусульман у заходняй правінцыі Сіньцзян. У адным з допісаў на YouTube у сакавіку 2021 году Калонаў заклікаў грамадзян Узбэкістану пакласьці канец кіраваньню Мірзіёева, прагаласаваўшы за яго адстаўку.

Падрабязнасьці справы супраць Калонава і яго вырак не вядомыя. У выніку мужчыну адправілі ў псыхіятрычную лякарню — спадчыну савецкай эпохі, якая да гэтага часу выкарыстоўваецца ў некаторых краінах Цэнтральнай Азіі для пакараньня крытыкаў ураду, піша ўзбэцкая служба Радыё Свабода «Озодлик Радиоси».

Абраза прэзыдэнта краіны зьяўляецца ва Ўзбэкістане крымінальным злачынствам і караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў.

На гэтым тыдні сям’я Калонава паведаміла Ўзбэцкай рэдакцыі казаскай службы РС «Радио Азаттык», што ў лістападзе раённы суд у Джызаку працягнуў прымусовае «лячэньне» Калонава на тры месяцы.

Тым часам у суседняй Самаркандзкай вобласьці маладога чалавека прыгаварылі да 2,5 гадоў пазбаўленьня волі за «абразу прэзыдэнта» ў Instagram. У копіі рашэньня суду ад 26 кастрычніка гаворыцца, што 19-гадовы Дылшод Іскандараў выкарыстаў нецэнзурную лексыку ў адрас Мірзіёева і яго сям’і. Пазьней Іскандараў выдаліў камэнтар, які апублікаваў у 2022 годзе, знаходзячыся ў Расеі як працоўны мігрант.

Ва ўсходняй Фэрганскай вобласьці двое мужчын апынуліся ў судзе пасьля таго, як паскардзіліся на недахоп прыроднага газу і электрычнасьці ў сваім рэгіёне ў Telegram-канале «Коканд метан газ». 27-гадовы Ўткірбек Сабіраў «абразіў прэзыдэнта», выказаў «незадаволенасьць палітыкай ураду» і казаў аб «неабходнасьці адхіленьня» Мірзіёева ад пасады, гаворыцца ў судовым дакумэнце. Суд прыгаварыў маладога чалавека да 3 гадоў турмы.

Іншы наведнік таго ж Telegram-каналу, 30-гадовы Ахарбек Кучкораў, за аналягічнае паведамленьне атрымаў 4 гады хатняга арышту.

Раней улады Ўзбэкістану заявілі, што народ прагаласаваў за павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў, і на датэрміновых выбараў Шаўкат Мірзіёеў атрымаў пераканаўчую перамогу. Міжнародныя экспэрты і назіралдьнікі назвалі выбары фармальнасьцю ды імітацыяй выбарчага працэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG