Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Узбэкістану паведаміў, што на датэрміновых выбарах перамог дзейны прэзыдэнт. Яго тэрміны ва ўладзе «абнуліліся»


Шаўкат Мірзіёеў
Шаўкат Мірзіёеў

Ва Ўзбэкістане 9 ліпеня прайшлі выбары прэзыдэнта, упершыню ў гісторыі краіны яны праводзіліся датэрмінова. ЦВК Узбэкістана прызнаў, што выбары адбыліся.

Выніковая яўка склала 79,8% — прагаласавалі 15,6 млн выбарнікаў.

У выбарах удзельнічалі дзейны прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў і тры кандыдаты ад фармальна апазыцыйных партый. Ад Народна-дэмакратычнай партыі ў выбарах удзельнічаў былы міністар адукацыі Улугбек Інятаў, ад Экалягічнай партыі — Абдушукур Хамзаеў, ад Сацыял-дэмакратычнай партыі «Адолат» — намесьніца старшыні Вярхоўнага суду Рабахон Махмудава.

Міністэрства юстыцыі не дапусьціла да выбараў апазыцыянэра Хідзірназара Алакулава, не зарэгістраваўшы яго Сацыял-дэмакратычную партыю «Хакікат ва Таракіет» («Праўда і прагрэс»).

Паводле ЦВК, Мірзіёеў набраў 87,05% галасоў на датэрміновых выбарах кіраўніка дзяржавы і, паводле папярэдніх вынікаў, атрымлівае перамогу, заявіў кіраўнік ЦВК краіны Зайнідзін Нізамхаджаеў.

Паводле ЦВК, на другім месцы — Махмудава (4,43%), на трэцім — старшыня Народна-дэмакратычнай парты Інаятаў (4,02%), на чацьвёртым — Хамзаеў (3,74%).

На мінулых выбарах Мірзіёеў набраў 80,31% галасоў пры яўцы 80,04%.

Тэрміны Мірзіёева «абнуліліся».

Датэрміновыя выбары прызначылі пасьля таго, як на рэфэрэндуме 30 красавіка ўхвалілі папраўкі да Канстытуцыі Ўзбэкістану. Згодна зь імі, прэзыдэнцкі тэрмін цяпер будзе складаць не 5, а 7 гадоў. У сувязі з гэтым прэзыдэнцкія тэрміны цяперашняга прэзыдэнта Мірзіёева, які знаходзіцца ва ўладзе з 2016 году, «абнуляюцца», што дае яму магчымасьць двойчы выбірацца на пасаду кіраўніка дзяржавы да 2037 года. Паўнамоцтвы прэзыдэнта таксама будуць пашыраныя.

На падрыхтоўку да датэрміновых выбараў было ўсяго два месяцы — выбарчая кампанія пачалася 7 чэрвеня і працягнулася роўна месяц. Назіральная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (БДІПЧ АБСЕ), якая працуе ў краіне, у прамежкавай справаздачы аб ходзе выбарчай кампаніі адзначыла, што «кампанія працякае млява» і гэта адлюстроўвае «адсутнасьць апазыцыі дзейнаму прэзыдэнту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG