25 лютага 2024 году ў Беларусі ўпершыню пройдзе так званы Адзіны дзень галасаваньня. На ім будуць выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Кампанія праходзіць паводле новых правілаў. Напрыклад, цяпер улады ўтойваюць зьвесткі пра выбарчыя камісіі. У іх працу залучаны 70 тысяч «ананімных» чалавек.
«Раней мы публікавалі сьпісы ўсіх гэтых грамадзян і іх дадзеныя. Як той казаў, хацелі ўзяць прыклад з дэмакратычных дзяржаў і паказаць, што ў нас адкрытая сыстэма. У выніку атрымалі цкаваньне гэтых людзей», — заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка.
Ён лічыць, што «гэтая інфармацыя для шараговага выбарніка абсалютна не патрэбная, таму што ён выконвае сваю функцыю, камісія — сваю».
25 сьнежня завяршылася рэгістрацыя ініцыятыўных групаў у зборы подпісаў. У Беларусі зарэгістравалі больш за 11 тысяч такіх групаў. 164 зь іх — у падтрымку вылучэньня кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў, астатнія — у мясцовыя Саветы.
Цяпер ініцыятыўныя групы праводзяць пікеты па зборы подпісаў. Рэгістрацыя кандыдатаў плянуецца з 16 па 30 студзеня.
Ніводнага прозьвішча, ніводнага твару
Пікеты праводзяць БРСМ, партыя «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі і прафсаюзы. Іх адметнасьць у тым, што на шматлікіх справаздачах у абласных і раённых выданьнях няма ні прозьвішчаў, ні твараў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. У некаторых выданьнях твары нават «размылі», як у рагачоўскай раёнцы «Свабоднае слова».
Раёнка паведаміла, што прайшоў пікет «у адпаведнасьці з заканадаўствам», без аніякіх падрабязнасьцяў. Аналягічныя справаздачы апублікавалі раённыя выданьні Бабруйску, Круглага, Жыткавічаў, Лоева, Кармы і іншых раённых цэнтраў.
«На пікетах працуюць ініцыятыўныя групы, якія дадуць інфармацыю пра кандыдата, раскажуць пра ягоныя погляды, заслугі і працоўны шлях у нэўтральнай форме. Пры гэтым ніхто не агітуе галасаваць за канкрэтнага чалавека», — піша раённае выданьне Круглага і не паведамляе, хто ж той кандыдат.
Праваабаронцы: «Гэта ня выбары і нават не імітацыя, як раней»
Алена Масьлюкова зь «Вясны» кажа, што ў гэтую кампанію ўлады стараюцца засакрэціць усю інфармацыю.
«Схавалі ўдзельнікаў камісіі, цяпер хаваюць магчымых кандыдатаў. Дык што гэта за выбары і навошта такія кандыдаты, якія хаваюцца ад людзей? Гэта ўжо паказчык, што гэта ня выбары», — лічыць праваабаронца.
Яна зазначыла, што выбарчае заканадаўства не забараняе паказваць на пікетах твары і прозьвішчы магчымых кандыдатаў. У мінулыя гады гэта была даступная інфармацыя.
«Не разумею, чаго яны, улады, так баяцца, калі яны такія моцныя, дужыя?» — кажа Масьлюкова.
Юрыст, аналітык кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Павал Сапелка зазначыў, што выбары — гэта ня толькі дзень галасаваньня, але і ў цэлым усе мэханізмы і магчымасьці, зьвязаныя з выбарам тых ці іншых кандыдатаў. У тым ліку гэта магчымасьці для ўдзелу ў працы камісій, магчымасьці рэалізацыі правоў і свабоды.
«Людзі ж ня могуць цяпер выказаць сваю думку, абазначыць свае палітычныя погляды ці сымпатыі. Таму кампанія ў цэлым праходзіць непрыкметна і ананімна, нават у параўнаньні з рэфэрэндумам у 2022 годзе. Тады хоць імітавалі абмеркаваньне зьменаў у Канстытуцыю, імітавалі грамадзкую актыўнасьць. Цяперашнія выбары яны практычна не асьвятляюць, не падкрэсьліваюць значнага палітычнага характару гэтай кампаніі», — тлумачыць аналітык.
Ён кажа, што раней на пікеты выходзілі як прадстаўнікі дэмакратычнага руху, так і такія арганізацыі, як БРСМ, «каб паказаць, што ў грамадзтве ёсьць падтрымка ўлады».
«Цяпер апазыцыя ці дэмакратычныя сілы ня маюць магчымасьці ўдзельнічаць у кампаніі, у сілу інстынкту самазахаваньня не арганізуюць ніякіх бачных кампаній», — кажа Павал Сапелка.
На ягоную думку, выбары ў Беларусі «канчаткова страцілі прыкметы выбараў: відавочна, што ўлады ня бачаць цяпер ніякага сэнсу ў дэманстрацыі свайго меркаваньня, наяўнасьці праўладных сілаў, ідэй і кандыдатаў».
Аналітык дадаў, што цяпер улады дакладна ня будуць паўтараць «рэвэрансаў» у бок эўрапейскіх краінаў, як было раней, і паказваць наяўнасьць апазыцыі.
«Яны будуць дэманстраваць маналітнае адзінства ў сваіх шэрагах», — кажа Павал Сапелка.
Чыноўнікі сярод кандыдатаў
Як заўважыла Свабода, сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пераважна дзейныя чыноўнікі альбо кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. Напрыклад, у Гомельскай вобласьці ў дэпутаты вырашылі падацца намесьнік генэральнага дырэктара «Гомсельмашу» Аляксандар Канапацкі, старшыня абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Уладзімер Гаўрыловіч, намесьніца генэральнага дырэктара Гомельскага домабудаўнічага камбінату Анжаліна Сырамятнікава, намесьнік генэральнага дырэктара «Гомельэнэрга» Руслан Вягера, намесьнік старшыні абласнога суду Мікалай Маратаеў, намесьнік дырэктара «Гомельаблтрансу» Алег Цылько.
Ад Брэсцкай вобласьці ў Палату прадстаўнікоўхочуць падацца дырэктар філіялу «Белпошты» Валянціна Пух, намесьнік генэральнага дырэктара «Брэстаблгаз» Уладзімер Баравенка, прадстаўнік КДБ Андрэй Крупенькін, галоўны доктар Ляхавіцкай раённай лякарні Рыгор Хлябовіч, прадстаўнік Сьледчага камітэту Арнольд Брагінец і іншыя.
Ад Магілёўскай вобласьці на дэпутацкія мандаты падаліся намесьнік старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Вольга Жук, камандзір роты вайсковай часткі № 89417 Ільля Хайдэр, начальніца ўпраўленьня «Белшыны» Аксана Прыходзька, намесьнік дырэктара Магілёўскага мясакамбінату Ўладзімер Паўлоўскі, намесьніца начальніка падатковай інспэкцыі Натальля Куляшова, намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валеры Малашко.