Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васілевіч, Савіных, Белаконеў, Ананіч. Топ-10 тых, каго, хутчэй за ўсё, ня будзе ў новай Палаце прадстаўнікоў


Зьлева направа: Андрэй Савіных, Уладзімер Андрэйчанка, Алег Белаконеў, Марыя Васілевіч, Генадзь Давыдзька, Лілія Ананіч
Зьлева направа: Андрэй Савіных, Уладзімер Андрэйчанка, Алег Белаконеў, Марыя Васілевіч, Генадзь Давыдзька, Лілія Ананіч

Ёсьць вялікая верагоднасьць, што на гэты раз у Палату прадстаўнікоў ня трапяць многія вядомыя дэпутаты. Расказваем пра іх падрабязьней.

25 лютага ў Беларусі ўпершыню адбудзецца адзіны дзень галасаваньня. Выбарнікам прапануюць прагаласаваць як за кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў, так і за будучых дэпутатаў мясцовых саветаў.

Сярод кандыдатаў сёлета ня будзе прадстаўнікоў апазыцыі. Напярэдадні выбараў Міністэрства юстыцыі зьліквідавала ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі, а таксама частку прадзяржаўных, якія даўно спынілі сваю дзейнасьць.

У Беларусі засталося толькі чатыры палітычныя партыі — «Белая Русь», Лібэральна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці.

Ужо зарэгістравалі ініцыятыўныя групы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія зьбіраюцца вылучацца шляхам збору подпісаў. З досьведу кампаній папярэдніх гадоў можна сказаць, што кандыдаты ад улады, якія ў будучыні атрымліваюць мандат, вылучаюцца менавіта такім чынам.

Свабода паглядзела, каго зь вядомых дэпутатаў, хутчэй за ўсё, ня будзе ў новым скліканьні Палаты прадстаўнікоў. Ва ўсіх зь іх яшчэ будзе магчымасьць вылучыцца ад палітычнай партыі ці працоўнага калектыву, але такая імавернасьць ня вельмі вялікая.

1. Уладзімер Андрэйчанка

Другога студзеня Андрэйчанку споўніцца 75 гадоў. Апошнія пятнаццаць зь іх ён займаў пасаду сьпікера Палаты прадстаўнікоў.

Андрэйчанка нарадзіўся ў Лёзьненскім раёне, працаваў у калгасах Віцебскай вобласьці. З 1994-га да 2008 году быў старшынём Віцебскага аблвыканкаму.

Уладзімер Андрэйчанка. Архіўнае фота
Уладзімер Андрэйчанка. Архіўнае фота

У Палату прадстаўнікоў балятаваўся ад Докшыцкай акругі чатыры разы. Прычым, паводле афіцыйных лічбаў, набіраў працэнты галасоў большыя, чым Аляксандар Лукашэнка на прэзыдэнцкіх, — 85-86%.

Цяпер у Докшыцкай акрузе вылучаецца 47-гадовы Анатоль Сіўко, дырэктар бягомельскага заводу «Ветразь».

2. Валеры Варанецкі

Гэта адзін з найбольш дасьведчаных беларускіх дыпляматаў. У сыстэме МЗС Варанецкі з 1993 году. Быў намесьнікам міністра замежных справаў, працаваў амбасадарам спачатку ў Славаччыне, а потым у Аўстрыі.

У 2016 годзе Варанецкі ўпершыню стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У 2019-м быў пераабраны. Варанецкі першы з дэпутатаў стаў актыўна весьці сацыяльныя сеткі, хадзіў на недзяржаўныя імпрэзы, размаўляў зь незалежнымі СМІ і апазыцыяй.

Валеры Варанецкі. Архіўнае фота
Валеры Варанецкі. Архіўнае фота

У 2020 годзе Варанецкі гаварыў аб неабходнасьці стварэньня Нацыянальнай рады ці круглага стала дзеля выхаду з палітычнага крызісу.

Дыплямат Варанецкі вылучаўся па Сьвіслацкай акрузе Менску. Сёлета там вылучаецца яшчэ адзін дыплямат — дарадца-пасланьнік пасольства Беларусі ў Расеі, прапагандыст Аляксандар Шпакоўскі.

3. Андрэй Савіных

Яшчэ адзін былы дыплямат, які працаваў у структуры МЗС з 1993 году. Савіных запомніўся на пасадзе прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў, а потым быў паслом Беларусі ў Турэччыне.

Андрэй Савіных. Архіўнае фота
Андрэй Савіных. Архіўнае фота

Вызначыўся адыёзнымі заявамі. Напрыклад, ён прапаноўваў айцішнікам ці пачынаць працаваць на беларускую эканоміку, ці пакаваць валізкі. У 2020 годзе быў адным зь першых, хто заявіў, што шматвэктарнасьць больш не адпавядае інтарэсам Беларусі. Савіных прадстаўляў беларускі афіцыйны бок на такіх міжнародных пляцоўках, як ПАРЭ і АБСЭ.

Андрэй Савіных быў дэпутатам ад Чкалаўскай акругі Менску. Сёлета там вылучаецца рэктар Акадэміі кіраваньня, былы кіраўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч.

4. Марыя Васілевіч

У 2019 годзе былой «Міс Беларусь» і частай спадарожніцы Аляксандра Лукашэнкі на розных імпрэзах Марыі Васілевіч было 22 гады. Яна стала самай маладой дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў.

Марыя Васілевіч. Архіўнае фота
Марыя Васілевіч. Архіўнае фота

У парлямэнце Васілевіч шмат рабіла для абароны жывёлаў. У 2020 годзе дэпутатка наведвала пабітых сілавікамі дэманстрантаў у лякарнях.

Па Кальварыйскай акрузе Менску, дзе дэпутаткай была Васілевіч, цяпер вылучаецца іншы дэпутат Палаты прадстаўнікоў — Васіль Панасюк.

5. Генадзь Давыдзька

Давыдзька да 2022 году ня толькі быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, але і ўзначальваў грамадзкае аб’ядананьне «Белая Русь» да таго моманту, пакуль яно не было перафарматаванае ў палітычную партыю.

Генадзь Давыдзька. Архіўнае фота
Генадзь Давыдзька. Архіўнае фота

Ён мае званьне заслужанага артыста Беларусі, быў генэральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. У 2010 стаў кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі і амаль адразу адзначыўся агучкай прапагандысцкага фільму «Жалезам па шкле».

Апошнім часам ён амаль цалкам зьнік з публічнай прасторы. Па Ўсходняй акрузе Менску, дзе дэпутатам быў Давыдзька, цяпер вылучаецца Натальля Дзяргач, галоўны доктар 34-й паліклінікі.

6. Тэнгіз Думбадзэ

Ураджэнец Койданаўскага раёну Менскай вобласьці, які потым жыў у Грузіі, але вярнуўся ў Беларусь. Доўгі час ён працаваў вядоўцам на тэлеканале АНТ, але звольніўся адтуль праз канфлікт з новым дырэктарам Маратам Маркавым.

Тэнгіз Думбадзэ
Тэнгіз Думбадзэ

У Палаце прадстаўнікоў Думбадзэ запомніўся тым, што быў адзіным дэпутатам, хто хадзіў на паседжаньні ў масцы падчас эпідэміі каранавірусу.

Па Партызанскай акрузе Менску цяпер замест Тэнгіза Думбадзэ вылучаецца дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, прапагандыст Вадзім Гігін.

7. Лілія Ананіч

Былая міністарка інфармацыі (2014–2017). У 2020 годзе падтрымала гвалт сілавікоў супраць дэманстрантаў. У 2021 годзе ўзначаліла Рэспубліканскую камісію па вызначэньні, ці нясе інфармацыйная прадукцыя ў сабе праявы экстрэмізму.

У 2022 годзе падтрымала вайну Расеі супраць Украіны. У сваіх сацсетках публікавала фота ў адзеньні з прынтамі цытат Лукашэнкі.

Лілія Ананіч. Архіўнае фота
Лілія Ананіч. Архіўнае фота

Раней Ананіч вылучалася па Барысаўскай сельскай акрузе Менскай вобласьці. Цяпер там ідзе сябра «Белай Русі», памочнік генэральнага дырэктара заводу «Аўтагідраўзмацняльнік» па ідэалёгіі Руслан Касыгін.

8. Алег Белаконеў

Генэрал-маёр Узброеных сілаў Беларусі. Узначальваў Генштаб Беларусі (2014–2019), быў першым намесьнікам міністра абароны.

У 2021 годзе пасьля перастрэлкі ў Менску, у якой загінулі IT-спэцыяліст Андрэй Зельцар і кадэбіст Дзьмітры Федасюк, Белаконеў выказаўся наступным чынам: «А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сартырах усіх. За аднаго — 20, 100, каб нікому не панадна было».

Алег Белаконеў. Архіўнае фота
Алег Белаконеў. Архіўнае фота

Раней Белаконеў прадстаўляў Пухавіцкую акругу Менскай вобласьці. Цяпер жа там вылучыліся адразу два кандыдаты — дырэктар Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжу Сяргей Саскавец і галоўная доктарка Пухавіцкага цэнтру эпідэміялёгіі і гігіены Алена Пархімчык.

9. Аляксандар Дубаў

Гэта былы намесьнік генэральнага пракурора. Адзначыўся тым, што ў 2020 годзе быў адзіным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, хто прадстаўляў парлямэнт у Міжведамаснай камісіі па расьсьледаваньні фактаў пабіцьця дэманстрантаў супрацоўнікамі сілавых структур.

Аляксандар Дубаў. Архіўнае фота
Аляксандар Дубаў. Архіўнае фота

Дубаў вылучаўся ад Сеньненскай акругі Віцебскай вобласьці. За гэты час акругу пераназвалі ў Талачынскую. Цяпер там вылучаецца першы сакратар БРСМ Віцебскай вобласьці Ўладзімер Бабічаў.

10. Іван Мамайка

Былы начальнік стаўпецкай міліцыі. Незвычайны тым, што часта карыстаўся беларускай мовай. У 2020 годзе на праўладным мітынгу ў Стоўпцах скончыў свой выступ словамі: «Падтрымаем уладу! Жыве Беларусь».

Іван Мамайка. Архіўнае фота
Іван Мамайка. Архіўнае фота

Цяпер жа па Стоўпецкай акрузе вылучаецца прадстаўніца «Белай Русі», начальніца ўпраўленьня адукацыі, спорту і турызму Нясьвіскага райвыканкаму Алена Клішэвіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG