Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт расказаў пра крымінальныя справы за данаты ў фонды салідарнасьці і назваў сумы «адкупных»


Сядзіба Сьледчага камітэту Беларусі
Сядзіба Сьледчага камітэту Беларусі

Газэта «Беларусь сегодня» апублікавала матэрыял «У СК расказалі пра расьсьледаваньне выпадкаў фінансаваньня экстрэмістаў».

У ім распавядаецца пра некалькі справаў, якія праваахоўныя органы вялі супраць асобаў, якія ахвяравалі грошы ў фонды салідарнасьці.

У расповедзе пра справу часова непрацуючага Дзьмітрыя Слука прадстаўнік менскай управы СК Андрэй Шчаглоў тлумачыць, як улады трактуюць зваротную сілу закону: «Ня мае значэньня, калі арганізацыя прызнана экстрэмісцкай ці тэрарыстычнай. Прызнаньне іх такімі — гэта вынік дзейнасьці, а не адпраўны пункт для кваліфікацыі дзеяньняў. Па законе адказнасьць надыходзіць за фінансаваньне дзейнасьці, але ніяк не канкрэтнага фармаваньня».

Дзьмітры Слук пераводзіў данаты ініцыятыве «Кібэрпартызаны». Ён перавёў ім 0,4 біткойна, што на момант пераводу складала 2 тысячы даляраў. Слук быў затрыманы і асуджаны на 8,5 года пазбаўленьня волі.

Як можна зразумець з тлумачэньня сьледчага Шчаглова, на момант, калі Слук пераводзіў грошы «Кібэрпартызанам», яны яшчэ не былі прызнаныя тэрарыстычнай арганізацыяй, але для сучаснай беларускай судовай сыстэмы гэта ня мае значэньня.

Раней неаднойчы паведамлялася, што праваахоўныя органы вылічваюць тых, хто рабіў данаты ў гэтыя фонды, і прымушаюць іх пераводзіць данаты на дзяржаўныя ўстановы ў шматразовым памеры.

У публікацыі ў «Беларусь сегодня» са спасылкай на СК прызнаецца, што такая практыка сапраўды існуе.

Там паведамляецца пра справу менэджара па продажах Ягора Чырэйчыка. Ён зрабіў данат у адзін з фондаў салідарнасьці ў памеры 100 даляраў. «Ён прызнаў памылку. Мужчына пералічыў больш за 30 тысяч беларускіх рублёў (каля 9 тысячаў даляраў у эквіваленце) на рахунак арганізацыі, якая ўзяла на сябе клопаты, зьвязаныя з выхаваньнем больш як 280 дзяцей-сірот», — расказаў сьледчы Шчаглоў.

Гэты перавод перавысіў данат у фонд салідарнасьці больш як у 90 разоў. Чырэйчык быў вызвалены ад адказнасьці.

Іншы эпізод — справа айцішніка Аляксандра Дарафеева. У 2020 годзе ён зрабіў данат на суму больш як тысяча даляраў у адзін з фондаў салідарнасьці. «На допытах Дарафееў прызнаў віну, шчыра раскаяўся і добраахвотна пералічыў на разьліковы рахунак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі больш за мільён беларускіх рублёў (больш за 300 тысячаў даляраў у эквіваленце)», — паведамляе «Беларусь сегодня».

Перавод перавысіў данат у фонд салідарнасьці ў 300 разоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG