Адпаведная пастанова набывае моц з 1 студзеня 2024 году, паведамляе прэс-служба Мінпрацы.
У параўнаньні з 2023 годам пералік пашырылі. Ён уключае ў сябе 20 прафэсій рабочых і 15 пасадаў службоўцаў, на якія замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства ў 2024 годзе змогуць уладкавацца ў Беларусі ў спрошчаным парадку — толькі паведаміўшы органам унутраных спраў. Атрымліваць спэцыяльны дазвол ім не спатрэбіцца.
У гэты пералік цяпер уключылі наступныя прафэсіі:
- мэдыцынскія работнікі (доктар-спэцыяліст, памочнік лекара па амбуляторна-паліклінічнай дапамозе, акушэрка, мэдсястра, санітар(ка),
- сельскагаспадарчыя прафэсіі (аграном, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасьці, апэратар машыннага даеньня, вэтэрынарны лекар, вэтэрынарны фэльчар, заатэхнік, жывёлавод),
- інжынэр, інжынэр-канструктар, інжынэр-праграміст, інжынэр-тэхноляг, інжынэр-энэргетык, інжынэр-мэханік,
- будаўнічыя прафэсіі (бэтоншчык, муляр, маляр, цясьляр, токар, тынкар, фрэзэроўшчык, электрагазазваршчык, электраманцёр у рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня, рабочы ў комплексным абслугоўваньні і рамонце будынкаў і збудаваньняў),
- а таксама: швачка, кухар, кіроўца аўтамабіля, сьлесар па рамонце аўтамабіляў, сьлесар мэханазборачных работ, сьлесар-рамонтнік.
Пры гэтым да іх ня будуць прымяняць абмежаваньні па абароне нацыянальнага рынку працы.
- З 1 ліпеня 2023 году іншаземцам і асобам без грамадзянства, якія ня маюць дазволу на пастаяннае пражываньне ў Беларусі, дазволілі працаваць у краіне па 10 спэцыяльнасьцях: кіроўца аўтамабіля, сьлесар-рамонтнік, швачка, вэтэрынарны лекар, лекар-спэцыяліст, мэдсястра.
- На 27 сьнежня ў агульнарэспубліканскай базе вакансій амаль 137,5 тысячы абвестак — столькі спэцыялістаў шукаюць у Беларусі. Рэзюмэ ў гэтым жа банку толькі 11,8 тысячы. Штодня на сайце зьяўляецца ў сярэднім больш за тысячу вакансіяў.
- Паводле Белстату, за 11 месяцаў 2023 году колькасьць занятых у эканоміцы Беларусі скарацілася на 49,1 тысячы чалавек.
- Колькасьць занятых у беларускай эканоміцы стабільна зьніжаецца цягам апошніх трох гадоў. Штомесячны балянс працаўладкаваньняў і звальненьняў у буйных арганізацыях, якія ўключаюцца ў апэратыўную справаздачу Белстату, складаецца, як правіла, на карысьць звальненьняў.
- У апытаньнях кіраўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу ў апошнія месяцы на першае месца сярод бар’ераў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю, выйшаў недахоп працоўнай сілы.