За апошні год беларускія ўлады прыдумалі адразу некалькі спосабаў, каб сабраць больш грошай зь беларусаў.
Плата за багаж у мэтро
Пасажыры Менскага мэтрапалітэну часьцей сталі паведамляць аб дадатковай плаце за багаж. Насамрэч правілы праезду ў мэтро не мяняліся з 2020 году. Проста ім цяпер удзяляюць больш увагі.
«Мы таксама клапоцімся і аб фінансавых сродках, якія ідуць на ўтрыманьне мэтрапалітэну», — сказаў «Мінскай праўдзе» прэс-сакратар мэтрапалітэну Андрэй Дроб.
Стандартны багаж, які не патрабуе дадатковай аплаты, — той, які па сукупнасьці трох вымярэньняў (даўжыня, шырыня і вышыня) не перавышае 121 см. Гэтае ж правіла распаўсюджваецца на дзіцячыя вазкі, ровары, самакаты і іншыя аналягічныя прадметы. У выпадку перавышэньня памераў багажу могуць папрасіць дадаткова аплаціць адзін ці два жэтоны. Раней у менскім мэтро рэдка зьвярталі на гэта ўвагу.
Падатак на «багатых» індывідуальных прадпрымальнікаў
З наступнага году для некаторых індывідуальных прадпрымальнікаў могуць значна зьмяніцца правілы працы. Калі іх гадавы прыбытак перавысіць 500 тысяч рублёў, то ім, па-першае, давядзецца плаціць павышаны падатак на даходы: ня 20%, а 30%. А па-другое, трэба перааформіцца ў юрыдычную асобу. Гэта прадугледжвае законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці».
На думку чыноўнікаў, калі законапраект прымуць, зьмена закране каля 2 тысяч прадпрымальнікаў.
500 тысяч на год — гэта крыху больш за 41 тысячу рублёў на месяц, ці 13 440 даляраў на месяц паводле цяперашняга курсу.
Падатак «на багатых»
Падатак для асобаў, якія маюць высокія даходы, таксама плянуецца. Згодна з законапраектам «Аб зьменах Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь», калі фізычная асоба мае даход звыш 200 000 рублёў за год, то падаходны падатак для іх будзе вылічвацца па стаўцы 25%. 200 000 на год — гэта 16 666 рублёў на месяц. Звычайная стаўка падаходнага падатку ў Беларусі — 13%. Гэтае новаўвядзеньне запрацуе з 2024 году, калі законапраект прымуць. На думку чыноўнікаў, зьмены закрануць 2 тысячы чалавек.
Камісія 5% за аплату камуналкі з-за мяжы
Беларускі Paritetbank сумесна з правайдэрам плацяжоў Bepaid запусьціў паслугу аплаты з картак замежных банкаў у сыстэме АРІП (праз гэтую сыстэму аплачваюцца камунальныя плацяжы, падаткі, мыта, інтэрнэт і мабільная сувязь ды інш.). Аплаціць можна суму да 36 900 рублёў на дзень. Аднак ёсьць нюанс: камісія складзе 5% ад сумы.
Гэткія ж плацяжы праз АРІП зь беларускіх картак робяцца без камісій. Такую магчымасьць беларускі дзяржаўны рэгулятар Нацбанк анансаваў яшчэ ў ліпені.
Paritetbank — гэта акцыянэрнае таварыства, да 2021 году больш за 99% акцый належала Саіду Гуцэрыеву, сыну сябра Лукашэнкі Міхаілу Гуцэрыеву. У 2021 годзе ён прадаў гэты актыў расейскаму прадпрымальніку Расіму Ісмаілаву.
Паборы з таксістаў
8 чэрвеня зьявіўся праект указу Лукашэнкі, які тычыцца таксістаў. Калі яго прымуць, створаць «рэестар аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспэтчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры — ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестар, трэба плаціць. За адну машыну — дзьве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу — адна (37 рублёў). За дыспэтчара — 100 базавых (3700 рублёў).
Сёньня ж кіроўца таксі ня плаціць гэтых пабораў. А яшчэ, калі закон прымуць, кіроўцы за свае грошы мусяць абсталяваць салён машыны камэрай, каб паездка фіксавалася на відэа.
Казна пусьцее?
Рэсурсы, каб напоўніць бюджэт, абмежаваныя, а яны патрэбныя для эканомікі і ўтрыманьня сілавікоў. На гэта зьвяртае ўвагу старшая навуковая супрацоўніца Beroc Анастасія Лузгіна.
«Прымаюцца рашэньні, каб павысіць збор падаткаў, каб былі дадатковыя платы ў бюджэт. Гэтыя зьмены сьведчаць аб тым, што ёсьць праблемы з напаўняльнасьцю бюджэту. Ёсьць таксама пытаньні з ростам расходаў, трэба ўтрымліваць сілавікоў, а таксама выплачваць пэнсіі. Колькасьць работнікаў у эканоміцы скарачаецца, і трэба пераразьмяркоўваць рэсурсы, каб плаціць пэнсіі. Усё ўказвае на тое, што ёсьць цяжкасьці зь неабходнымі для дзяржавы грашыма», — кажа Анастасія Лузгіна.
Беларускае Міністэрства фінансаў прагназуе дэфіцыт бюджэту ў 2024 годзе ў 4,8 мільярда рублёў. Гэта перавышэньне расходаў над даходамі. Сёлетні бюджэт улады плянавалі з дэфіцытам 3,1 мільярда рублёў, аднак у сярэдзіне лістапада Мінфін адсправаздачыўся, што па выніку году дэфіцыту можа і ня быць, могуць выйсьці ў нуль.