Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве штогод разглядаюць каля 18 тысяч заявак на ДНЖ, 20–30% зь іх ад беларусаў, — Дэпартамэнт міграцыі краіны


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту беларусаў супраць дыскрымінацыі ў Літве каля Сэйму, 20 красавіка 2023, Вільня
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту беларусаў супраць дыскрымінацыі ў Літве каля Сэйму, 20 красавіка 2023, Вільня

Дэпартамэнт міграцыі пры МУС Літвы кожны год разглядае каля 18 тысяч заявак на атрыманьне або падаўжэньне дазволу на жыхарства (ДНЖ), ад 20 да 30% зь іх паступае ад грамадзян Беларусі, заявіла 26 сьнежня кіраўніца ведамства Эвэліна Гудзінскайце, піша Delfi.lt.

Такія лічбы яна прывяла, тлумачачы прычыны затрымак разгляду дакумэнтаў, пададзеных беларусамі.

«Сёлета мы адмовіліся выдаць або памяняць ДНЖ 1099 беларусам. У 939 выпадках — з прычыны пагрозы нацыянальнай бясьпецы. Гэта вельмі шмат. < ... > Мы павінны арыентавацца на ўзмоцненую праверку, праз вайну гэтая ацэнка стала больш жорсткай», — патлумачыла Гудзінскайце.

Паводле яе, былі выпадкі прыпыненьня разгляду хадайніцтваў «да атрыманьня дадатковай інфармацыі». У такіх выпадках чалавека інфармуюць пра гэта.

«Часам беларусы спадзяюцца, што рашэньне будзе прынятае па ўсіх працэдурах на працягу 2 месяцаў, а тэрмін зацягваецца да 3-4. Дык вось чакаюць рашэньня якраз 2000 беларусаў», — адзначыла кіраўніца дэпартамэнту.

Паводле яе, больш за ўсё «пагрозаў нацыянальнай бясьпецы» выяўляюць у асяродзьдзі работнікаў, якія «прыяжджаюць і ўладкоўваюцца працаваць кіроўцамі цягачоў або на будоўлю».

«Калі мы ня хочам рызыкаваць, тады падчас вайны людзей з гэтай групы наагул нельга ўпускаць. Тым больш калі ёсьць магчымасьць прывезьці работнікаў зь іншых краінаў, навошта тузаць льва за вусы? Што тычыцца тых, хто бяжыць ад рэжыму, для іх усе шляхі застаюцца адкрытымі, дэпартамэнт індывідуальна разглядае іх сытуацыю», — заявіла Гудзінскайце.

Паводле яе, амаль 20-30% работнікаў, якія атрымліваюць часовы дазвол на жыхарства па працы, «выкарыстоўваюць дакумэнт як прыкрыцьцё», таму «Літва павінна ўзмацніць жорсткасьць парадку ўезду і пражываньня іншаземцаў у краіне».

  • 26 сьнежня Сейм Літвы ўхваліў папраўкі да закону аб прававым статусе іншаземцаў, якія сярод іншага дазволяць выдаваць беларусам, што прыбылі краіну пры пасярэдніцтве МЗС, дазвол на жыхарства з гуманітарных прычын не на адзін, а на тры гады.
  • Закон адправілі на подпіс прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседу.
  • Прапанову павялічыць тэрмін дзеяньня гуманітарнага ДНЖ да трох гадоў унесла міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Яна аргумэнтавала гэта тым, што адпаведны дакумэнт выдаюць у асноўным грамадзянам Беларусі, якія ратуюцца ад рэжыму Лукашэнкі, а сытуацыя ў Беларусі ўжо «доўгі час не мяняецца».
  • Камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны Сейму, які ўзначальвае дэпутат Лаўрынас Кашчунас, выступіў супраць гэтай прапановы, камітэт замежных справаў такія папраўкі падтрымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG