У Беларусі плянуюць унесьці шэраг зьменаў у заканадаўства аб шлюбных і сямейных адносінах. Адпаведны законапраект падрыхтаваў урад. На разгляд Палаты прадстаўнікоў яго пакуль ня ўнесьлі.
Пра зьмены, якія прапаноўвае ўрад, расказвае выданьне «Люстэрка». Пераказваем асноўнае.
Маёмасьць у залік алімэнтаў
Згодна з папраўкамі, алімэнты можна будзе выплаціць шляхам перадачы ва ўласнасьць дзіцяці маёмасьці, уключаючы жыльлё і долі ў праве ўласнасьці. У тым ліку такім чынам алімэнты могуць быць залічаныя на будучыню — хоць да 18-годзьдзя дзіцяці.
Такі парадак разьліку можна будзе прадугледзець у пагадненьні аб выплаце алімэнтаў, а таксама калі пытаньне пра алімэнты вырашаецца ў судзе або калі справа ўжо дайшла да спагнаньня доўгу праз судовых выканаўцаў. У апошніх двух выпадках бацькі змогуць заключыць міравое або мэдыятыўнае пагадненьне, у ім можна прапісаць парадак і тэрміны выплаты алімэнтаў, у тым ліку перадачу ўласнасьці ў залік.
Магчымасьць выплаты алімэнтаў на будучыню таксама можа быць загадзя прадугледжаная шлюбным дамовай або ўжо пры расстаньні — пагадненьнем аб дзецях. У цэлым зьявіцца магчымасьць у шлюбнай дамове прапісаць памер алімэнтаў на дзяцей, спосабы і парадак іх выплаты.
Папраўкі, датычныя заключэньня шлюбу беларусамі за мяжой
У дадатак Кодэкс плянуюць дапоўніць артыкулам 238-1 аб легалізацыі ў Беларусі актаў грамадзянскага стану, атрыманых за мяжой: актаў аб рэгістрацыі шлюбу, нараджэньні дзіцяці інш. Каб зарэгістраваць іх у Беларусі, трэба будзе прадставіць зьвесткі ў ЗАГС па месцы свайго жыхарства на працягу паўгода з моманту рэгістрацыі адпаведнай падзеі за мяжой.
Раней гэтае пытаньне не было ўрэгулявана ў кодэксе, а афіцыйная магчымасьць рэгістрацыі акту грамадзянскага стану для беларусаў за мяжой прадугледжвалася толькі ў выглядзе звароту ў амбасады і консульствы Беларусі.
Таксама ў кодэкс уводзіцца новы артыкул 19-1, які ўстанаўлівае дакумэнт, які пацьвярджае адсутнасьць перашкодаў да заключэньня шлюбу па-за межамі Беларусі. Такім дакумэнтам будзе зьяўляцца «заява грамадзяніна аб адсутнасьці перашкодаў да заключэньня шлюбу, сапраўднасьць подпісу якога засьведчаная натарыюсам» ці іншай службовай асобай, якая мае права ажыцьцяўляць натарыяльныя дзеяньні. У заяве павінна быць указана, што заяўнік у шлюбе не знаходзіцца і ніколі ня быў у шлюбе або што ён раней быў у шлюбе, які скасаваны (з указаньнем падставы і даты спыненьня).
Цяпер, каб ажаніцца за мяжой, беларусам даводзіцца браць даведку з ЗАГСу аб тым, што яны не знаходзяцца ў шлюбе (некаторыя краіны расьпісваюць і безь яе), прычым зь верасьня атрымаць такую даведку можна толькі асабіста або паводле даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі, у амбасадах і консульствах іх больш не выдаюць.
Мяркуючы па ўсім, гэтай папраўкай Беларусь у дадатак да даведкі з ЗАГСу ўстанаўлівае яшчэ адзін афіцыйны дакумэнт, які можна прад’явіць для заключэньня шлюбу ў іншай краіне — завераную натарыюсам заяву, якую беларусам аформіць значна прасьцей, чым атрымаць даведку з радзімы. Праўда, магчыма, ня кожная замежная дзяржава пагодзіцца прыняць такую заяву замест даведкі.
Вышэйсказанае — толькі магчымая трактоўка новаўвядзеньня, адзначае «Люстэрка», бо адназначна сказаць, як будзе прымяняцца новая прававая норма, выданьню не змаглі нават юрысты. Гэта павінна высьветліцца падчас абмеркаваньня законапраекту ў Палаце прадстаўнікоў.
Шлюбны ўзрост
Цяпер тыя, каму няма 18 гадоў (і хто не эмансіпаваны), могуць расьпісацца ў выпадку цяжарнасьці дзяўчыны ці нараджэньня дзіцяці. Гэта дазваляецца пачынаючы з 15-гадовага ўзросту.
Законапраект прапануе прапісаць, што такі раньні шлюб дапускаецца толькі ў выпадку агульнага дзіцяці ў жаніха і нявесты (паводле дзейнага кодэксу, ня мае значэньня, чыё дзіця). Атрымліваецца, калі непаўналетняя дзяўчына цяжарная ад аднаго, але замуж мае намер пайсьці за іншага, ім гэта не дазволяць да 18 гадоў.
Бацькам раней за 15 гадоў ня станеш
Уносіцца папраўка ў артыкул аб устанаўленьні бацькоўства дзіцяці. Калі бацька і маці не знаходзяцца ў шлюбе, то ЗАГС можа зарэгістраваць бацькоўства паводле іх сумеснай заявы. Законапраект прапануе ўнесьці такую норму: розьніца ва ўзросьце паміж дзіцем і бацькам у такім выпадку павінна быць ня менш за 15 гадоў. Цяпер ніякіх узроставых абмежаваньняў няма.
Таксама новым законапраектам удакладняецца парадак адабраньня дзяцей зь семʼяў, дзе бацькі не выконваюць абавязкаў па іх выхаваньні, кампэнсацыі такімі бацькамі выдаткаў дзяржавы па ўтрыманьні іх дзяцей, нюансы абароны правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Законапраект пакуль ня ўключаны ў расклад Палаты прадстаўнікоў — калі ён будзе разгледжаны, незразумела. Пасьля прыняцьця і афіцыйнага апублікаваньня закон набудзе сілу праз 6 месяцаў.