Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы вызначылі, што беларускае балота Ельня нашмат старэйшае, чым меркавалася раней


Балота Ельня
Балота Ельня

Балота Ельня ў Віцебскай вобласьці аказалася нашмат старэйшае, чым лічылася раней: яму каля 13 тысяч гадоў.

Гэта ўдалося ўстанавіць дзякуючы экспэдыцыі, якую агенцтва экскурсіяў YelniaTrip правяло сумесна з Інстытутам прыродакарыстаньня НАН, піша партал «Люстэрка».

Мэтай экспэдыцыі было вызначыць узрост Ельні, дасьледаваўшы тарфяныя паклады ў месцах самага глыбокага заляганьня (паводле дадзеных выведкі 50-х гадоў). Для гэтага выкарыстоўвалі мэтад радыёвугляроднага аналізу, дакладнасьць якога — амаль 98%.

— Інтрыгавала найбольшая лічба 8,3 мэтра, пазначаная геолягамі, якія вывучалі Ельню да нас. Мы спрабавалі знайсьці ўказаную глыбіню, але першая частка экспэдыцыі скончылася пасьля некалькіх дзясяткаў спробаў патапленьнем сьвідра ў нетрах балота, — расказалі ў агенцтве.

Аднак максымальная глыбіня, якую ўдалося знайсьці падчас экспэдыцыяў, склала 7,25 м. Аналіз паказаў, што торф, здабыты з гэтай глыбіні, сфармаваўся ў дыяпазоне 12 821 — 13 114 гадоў таму.

— Сярэдняе значэньне гэтага дыяпазону — 12 968 гадоў, і гэта афіцыйны ўзрост балота Ельня! — заяўляюць дасьледчыкі.

Такім чынам, самае вядомае беларускае балота з унікальнай экасыстэмай, па плошчы параўнальнае зь Менскам, аказалася нашмат старэйшае, чым лічылася раней: дагэтуль навукоўцы лічылі, што яму каля 9 тысячаў гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG