Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра вайну і пра яйкі. Што засьведчыла «прамая лінія» Пуціна 


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас «прамой лініі», 14 сьнежня 2023
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас «прамой лініі», 14 сьнежня 2023

Упершыню з пачатку вайны Расеі супраць Украіны Уладзімір Пуцін правёў сваю традыцыйную «прамую лінію». Гэта своеасаблівая PR-акцыя, падчас якой прэзыдэнт РФ адказвае на пытаньні яе грамадзян і журналістаў.

Магчыма, сёлета, зважаючы на «спэцыяльную ваенную апэрацыю», Пуцін зноў прапусьціў бы яе, як летась, але ў Расеі набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары.

Сьцісла:

  • З развагаў Пуціна вынікае, што ён не прызнае наяўнасьці асобнага ўкраінскага народу.
  • Раней Пуцін ня раз казаў пра «трыадзіны народ» (расейцы, украінцы, беларусы). А калі няма асобных народаў, то не патрэбныя і асобныя дзяржавы.
  • Непрыхаваная імпэрская пыха гучала ў словах Пуціна пра сяброўства Малдовы ў СНД.
  • Непасрэдна пра Беларусь Пуцін узгадаў у зьвязку з дэфіцытам яек у Расеі. Маўляў, Беларусь тут можа дапамагчы.

Выступ Пуціна 14 сьнежня можна лічыць пачаткам ягонай выбарчай кампаніі. Як і ўсякая іншая PR-акцыя, «прамая лінія» была яўна зрэжысавана. Пуцін у вобразе бацькі нацыі даваў адказы, вырашаў асобныя прыватныя пытаньні сваіх падданых.

Відавочна, больш за ўсё цікавілі гледачоў адказы на пытаньні, зьвязаныя з вайной Расеі супраць Украіны. Галоўны адказ быў такі: «Мір будзе, калі мы дасягнем сваіх мэтаў. Яны не мяняюцца. Гэта дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя Ўкраіны і яе нэўтральны статус».

Тут узьнікаюць пытаньні. Напрыклад, такое. Чатыры часткова акупаваныя вобласьці Украіны афіцыйна далучаныя да Расеі. Ці зьбіраецца РФ іх вяртаць у абмен на згоду Украіны дэмілітарызавацца?

З развагаў Пуціна вынікае, што ён не прызнае наяўнасьці асобнага ўкраінскага народу. Ён ужо каторы раз даказвае, што расейцы і ўкраінцы «ў аснове сваёй адзіны народ», а тое, што цяпер адбываецца, параўнальна з грамадзянскай вайной. «Адэса — наагул расейскі горад, мы ж ведаем пра гэта», — сказаў Пуцін. Ён намякнуў, што не прызнае «ўсялякую гістарычную лухту» пра распад СССР і абгрунтаваньне зьяўленьня на постсавецкай прасторы незалежных дзяржаваў.

Усе гэтыя развагі тычацца і Беларусі. Раней Пуцін ня раз казаў пра «трыадзіны народ» (расейцы, украінцы, беларусы), які, маўляў, штучна падзялілі нейкія ворагі. Дык калі няма асобных народаў, то не патрэбныя і асобныя дзяржавы накшталт Украіны і Беларусі.

То бок тут Пуцін, калі кажа пра мэты вайны, проста недагаворвае. Яго не задавальняе існаваньне Ўкраіны як такой. Ці, магчыма, задаволіў бы такі статус Украіны, які цяпер мае Беларусь (г. зн. статус марыянэткі).

Непрыхаваная імпэрская пыха гучала ў словах Пуціна пра Малдову, якую ён назваў «найбяднейшай краінай Эўропы»: «Для нас вялікай каштоўнасьці прысутнасьць гэтай краіны ў СНД ня мае.... Але мы гатовыя, мы не адмаўляемся, ні ад кога не адштурхоўваемся». З гэтых словаў вынікае, што, паводле расейскага лідэра, СНД — гэта не добраахвотны саюз незалежных дзяржаваў, а арганізацыя, створаная Крамлём і падпарадкаваная яму, і менавіта Масква вырашае, каго туды прымаць, каго не і на якіх умовах. На агульнае рашэньне краін СНД Пуцін нават не спасылаецца. Мяркуючы з усяго, ён не заўважае некарэктнасьці сваіх выказваньняў, прамаўляючы ўсё гэта «на аўтамаце».

Непасрэдна пра Беларусь Пуцін узгадаў у зьвязку з раптоўным дэфіцытам у Расеі яек. І хто ў такой сытуацыі можа дапамагчы? Тут расейскі прэзыдэнт адзначыў: «Вось зараз і з Турцыі прапануюць пастаўкі дадатковыя. Зь іншых краін, зь Беларусі прапануюць. Але своечасова не адкрылі рынак, трэба было вырашыць пытаньні ў рамках ЭАЭС. Рашэньне прынята, па-мойму, вось днямі. І сытуацыя, без усялякага сумневу, будзе паляпшацца».

Дэфіцыт яек — адно зь першых эканамічных наступстваў вайны. Цікава, што гэтая тэма ўсплыла пад развагі Пуціна пра вялікія эканамічныя посьпехі Расеі. Маўляў, выстаялі пад санкцыямі, снарады і танкі выпукаем шпарка. І тут не да яек. А, выяўляецца, народ жа цікавіць такая рутына.
Можна меркаваць, што чым далей будзе працягвацца вайна, тым больш будзе такіх правалаў. Асабліва непрыемна для лідэра, калі гэта здараецца перад выбарамі.

Ці зможа Беларусь тут «выратаваць» вялікую Расею? Наўрад ці. Галоўнае, каб гэтая прорва, якая засмоктвае РФ, не зацягнула і хаўрусьніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG