У Горадні вынесьлі новы вырак верніку-пратэстанту
Суд аштрафаваў дыякана горадзенскай баптысцкай царквы Дзяніса Камягіна на 30 базавых велічыняў (1100 рублёў) за падабайку ў сацыяльных сетках, піша «Хрысціянская візія».
Дзяніс Камягін — бацька чацьвярых дзяцей, выкладчык у Горадзенскім мэдычным унівэрсытэце, дыякан царквы «Сьвятло міру» і зяць пастара Васіля Трубчыка, якога нядаўна таксама аштрафавалі.
Калі адбылося затрыманьне і паводле якога артыкулу судзілі дыякана, невядома.
Сілавікі два дні праводзілі ператрусы ў Магілёве
Сілавікі 5 і 6 сьнежня праводзілі ператрусы ў жыхароў Магілёва, піша тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ператрусы маглі быць зьвязаныя з тым, што нядаўна КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» мэдыя з Магілёва: 6TV Bielarus, «Магілёў Мэдыя» і «Навіны Магілёўскага рэгіёну».
Паводле папярэдняй інфармацыі MAYDAY.TEAM, ператрусы прайшлі ў Барыса Вырвіча, Аляксандра Агеева, Аляксея Бацюкова, Ігара Шарухі, Пятра Мігурскага і Сяргея Антонава.