Дома па-польску, беларускую вучыла ў школе
Cьпявачцы з Падляшша Ніцы Юрчук 24 гады. Яна паходзіць зь Бельску Падляскага. У бацькоўскім доме яны гавораць па-польску. Дзяўчына вучыла беларускую мову ў пачатковай і сярэдняй школе, сьпявала ў фальклёрным гурце падляскіх беларусаў «Жэмэрва», які ўжо 20 гадоў адраджае традыцыю Падляшша і Беларусі. Там жа вывучыла падляскую гаворку. Грае і сьпявае ў гурце Hajda Banda, які выконвае традыцыйныя падляскія, заходнебеларускія і палескія танцы і песьні.
Вучылася ў Варшаве ва ўнівэрсытэце на фізычным кірунку, цяпер вывучае штучны інтэлект. Працуе ў карпарацыі як кансультант у штучным інтэлекце.
«На першы погляд такое не стасуецца з музыкай. Але я люблю гэтыя дзьве рэчы і не магу выбраць», — кажа Ніка.
Падляшша — сучасны рэгіён на ўсходзе Польшчы. Гістарычна ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае, потым у Карону Польскую, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай — у склад Расейскай імпэрыі. У 1918 годзе гэтыя землі абвясьціла сваёй тэрыторыяй Беларуская Народная Рэспубліка. Пасьля Рыскай дамовы 1921 году Падляшша зноў перайшло да Польшчы. У 1939 годзе большая частка рэгіёну ўвайшла ў склад СССР. У 1945 годзе Сталін перадаў Падляшша Польшчы. Дзясяткі тысяч жыхароў Падляшша вызнаюць сябе этнічнымі беларусамі. У рэгіёне ёсьць свой дыялект з шэрагам гаворак, у якіх чуваць уплыў беларускай, украінскай і польскай моваў.
«Так людзі жывуць, маюць машыны на падворку, жывёлаў»
Сярод беларусаў нядаўна «стрэліла» песьня Chadžu ja, якую Ніка запісала разам з падляскім музыкам Sw@da. Твор напісаны на матывы падляскіх традыцыйных сьпеваў, спалучаных з рэпам. Кліп здымалі ў вёсцы Карчміска каля Беластоку, дзе праходзіла ранейшая мяжа Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай.
«Наш знаёмы мае там дом. Ён запрапанаваў здымаць на сваім падворку. Там такая суворая атмасфэра. Нам гэта было важна, каб не паказваць упрыгожанага Падляшша. Мы хацелі паказаць праўдзівае Падляшша. Так людзі жывуць, маюць машыны на падворку, жывёлаў», — дзеліцца сьпявачка.
Кліп зьняты адным кадрам, каб перадаць жывую атмасфэру. У пачатку ў камэры відаць мікрафон — Ніка на відэа сьпявае ўжывую. На гэта натхніў кліп брытанскага рэпэра Stormzy Shut up.
«Ён таксама сьпяваў у чырвоным касьцюме, выконваў усё ўжывую. Гэта не было так прыгожа запісана, але моцна дадало яму аўтэнтычнасьці. Мы хацелі паўтарыць такое. Гэта было выклікам, каб пагадзіць і ўсіх дзяўчат, і ўсю харэаграфію, каб сьпеў супадаў з рухам камэры», — расказвае дзяўчына.
«Атрымліваю шмат паведамленьняў з падзякамі»
Сьпявачка кажа, што пасьля выхаду кліпу Chadžu ja атрымала вялікую колькасьць водгукаў, асабліва з боку беларусаў.
«Я ў шоку. Атрымліваю шмат паведамленьняў з падзякамі за тое, што мы робім, маўляў, людзі ня думалі, што можна так рабіць, яны не фанаты рэпу, але ім спадабалася, або што моладзь яшчэ можа гаварыць на такой мове», — кажа артыстка.
Найбольш яе цешыць, калі яе знаёмыя з IT, якія раней не слухалі такую музыку, кажуць, што ім падабаецца. Таксама дзяўчыну кранаюць фанаты, якія наведваюць кожны іхны канцэрт.
«Мы хочам злучыць тое, чаго, здаецца, ніхто раней не злучаў»
Падобную музыку артысты пачалі запісваць яшчэ ў 2019 годзе. Часам разам зь імі ўдзельнічае ў запісах польскі рэпэр Maxim. Сёлета праект #indawoods у такім стылі Ніка і Sw@da запісваюць на стыпэндыю Падляскага ваяводзтва.
«Мы запісваем нумары, якія паказваюць наш рэгіён, дзе можна пачуць і татарскі ўплыў, і падляскую мову. Хочам праз кліпы паказаць прыгажосьць Падляшша. Прыкладам, мы запісвалі відэа ў Кнышынскай пушчы. Мы хочам паказаць Падляшша ў новай форме», — дзеліцца сьпявачка.
Слухачы пісалі ў камэнтарах да відэа, што больш ніхто ня робіць такую музыку. Ніка тлумачыць, што кожны ўдзельнік іхнай каманды паходзіць з рознага асяродзьдзя: традыцыйнага падляскага, рэпэрскага і лацінаамэрыканскага.
«Мы хочам злучыць тое, чаго, здаецца, ніхто раней не злучаў. Нас адрозьнівае перадусім музыка, тое, што робіць Sw@da. У яго калюмбійскае паходжаньне, ён шмат выкарыстоўвае лацінскія ўплывы», — расказвае Ніка.
Спалучэньне традыцыі з рэпам, на думку дзяўчыны, дапамагае ім выходзіць да больш шырокага кола слухачоў.
«Я спачатку думала, што нас будзе больш слухаць моладзь, але статыстыка паказвае, і я бачу, што на канцэрты прыходзяць таксама старэйшыя людзі. Мяне гэта вельмі радуе», — прызнаецца Ніка.
Яшчэ адна іхная перавага, мяркуе сьпявачка, — падляскі дыялект у сучаснай форме.
«Маё галоўнае перакананьне — прасоўваць Падляшша рознымі спосабамі. Мне здаецца, традыцыйная музыка мае закрытае кола прыхільнікаў. Цяжка выйсьці з традыцыйнай музыкай да шырокага кола слухачоў», — думае яна.
Кліп «Bahato» запісвалі ў Беластоку на вядомым у беларусаў Кавалерыйскім рынку. Выкарысталі алюзію да бразыльскага.
«Твор пра багацьце. Мы хацелі паказаць яго тым, што на нас шмат золата. Але гэта мелася таксама паказаць, што нашае Падляшша можа шмат прапанаваць, а багацьце кожны можа разумець па-свойму», — кажа дзяўчына.
Падляшша вядомае сваёй любоўю да дыска-полё (польскі гатунак танцавальнай поп-музыкі, створаны ў 1980-я).
«Нашая музыка троху „адчароўвае“ Падляшша, паказвае, што можна рабіць штосьці іншае на падляскай мове, і гэта неканечне мае быць нешта традыцыйнае», — дадае музыка.
«Бліжэй мне акрэсьленьне „тутэйшая“»
Ніка кажа, што размаўляе па-падляску ня вельмі свабодна.
«Мае дзяды выехалі з Падляшша ў большыя гарады, больш прызвычаіліся да польскай мовы. Часам са знаёмымі яны гавораць па-падляску, але дома з роднымі — па-польску», — кажа яна.
Падляскі дыялект Ніка вывучыла праз гурт «Жэмэрва».
«Я ўвабрала адтуль усю культуру і зразумела, што гэта вельмі рэзануе са мной. Мне хацелася гэтаму вучыцца. Гэта не было так проста. Спачатку быў бар’ер, які трэба было перамагчы. Цяпер я магу паразумецца на гэтай мове», — кажа яна.
Літаратурную беларускую мову дзяўчына вучыла ў школе, у стане на ёй паразумецца. Была некалькі дзясяткаў разоў у Беларусі з гуртом «Жэмэрва», езьдзіла ў экспэдыцыі па вёсках, каб запісваць песьні ад бабуляў.
«Я люблю атмасфэру беларускай вёскі. Там усё прыязныя, гасьцінныя. Нават калі ня маюць нічога, то прымуць цябе з распасьцертымі рукамі. Я вельмі па гэтым сумую, хачу туды паехаць. Але цяпер трэба цаніць Падляшша і тут знайсьці цікавыя рэчы», — кажа дзяўчына.
Яна мяркуе, што на Падляшшы ўсё ж падляскі дыялект мае большы ўплыў, чым літаратурная беларуская мова.
«Падляскую часьцей можна тут пачуць. Надалей вялікі ўплыў маюць мяшанкі. У залежнасьці ад таго, дзе мы знаходзімся, падляская мова будзе гучаць па-іншаму. У Карчміску больш чуваць беларускі ўплыў», — расказвае яна.
Ніка брала ўдзел у акцыі беларускага фонду «Тутака» да перапісу насельніцтва ў Польшчы ў 2021 годзе, дзе заявіла, што запіша сябе як «беларуску». Аднак яна прызнаецца, што і гэта не зусім дакладнае вызначэньне.
«Я ня маю беларускіх каранёў. Бліжэй мне акрэсьленьне „тутэйшая“, „грамадзянка Падляшша“, можа, ня строга „беларуска“, а хутчэй „беларуска Падляшша“», — кажа Ніка.
«Мы маем укаранёныя перакананьні, што Падляшша троху горшае»
Празь сьпевы па-падляску дзяўчына хоча зьмяняць стаўленьне да рэгіёну. Пакаленьні ейных бацькоў і дзядоў саромеліся прызнавацца, што яны паходзяць з Падляшша, бо там быў вялікі ўплыў з усходу.
«Мы маем укаранёныя перакананьні, што Падляшша троху горшае, што гэта такая „Польшча Б“. Я б хацела, каб гэтае перакананьне зьнікла, каб людзі ганарыліся гэтым рэгіёнам», — разважае дзяўчына.
Таксама яна хацела б папулярызаваць падляскі дыялект шырэй.
«Я заўважаю трэнд вяртаньня да каранёў. Шмат людзей пачынаюць цікавіцца традыцыйнай музыкай, сваім паходжаньнем. Сьлёнская мова (Сьлёнск — рэгіён на паўднёвым захадзе Польшчы) вельмі папулярная, а падляская ня вельмі», — адзначае Ніка.
Пры гэтым яна заўважае, што ўсё больш людзей пачынаюць карыстацца падляскім дыялектам, ставяць на ім спэктаклі, чытаюць рэп.
«У мяне цяпер шмат знаёмых, якія гавораць паміж сабой „по-своёму“. Цяперашняе пакаленьне зразумела, што гэта дадатковая вартасьць, гэта каштоўнасьць, якую варта захоўваць. Шмат варшавякаў купляюць участкі на Падляшшы», — дадае яна.
Ніка жыве ў Варшаве і кажа, што не сутыкалася з нэгатыўным стаўленьнем да яе празь ейнае паходжаньне.
«Часта з гэтага жартуюць, маўляў, на Падляшшы лятаюць дзіды, няма інтэрнэту. Падляшша вядомае тым, што тут троху менш разьвітая тэрыторыя, але людзі сьмяюцца з гэтага хутчэй пазытыўна. Некаторыя заўважаюць у мяне зацягваньне гукаў. Я стала заўважаць, што ўжываю падляскія словы або канструкцыі, а думала, што яны агульнапольскія», — кажа яна.
Ніка плянуе ў сваёй магістарскай працы спалучыць музыку і штучны інтэлект. Яна мяркуе, што ШІ можа быць карысным у ейнай творчасьці — каб перакладаць падляскія тэксты або каб пісаць па-падляску. На ейную думку, ШІ не заменіць чалавека ў стварэньні музыкі, але можа дапамагчы. У адным з кліпаў каманда выкарыстоўвала ШІ для стварэньня графікі.
На бліжэйшыя гадоў дзесяць дзяўчына бачыць сваёй місіяй пашырэньне падляскага дыялекту і паглыбленьне сьвядомасьці людзей.
«Мне здаецца, што гэта ня зьнікне, гэта вытрывае», — перакананая яна.