Стужка польскай рэжысэркі Агнешкі Голянд расказвае гісторыі сям’і сырыйскіх бежанцаў, самотнай настаўніцы ангельскай мовы з Аўганістану і маладога памежніка, якія сустракаюцца на польска-беларускай мяжы падчас апошняга гуманітарнага крызісу.
«Зялёная мяжа» крытычна ставіцца да адмовы Польшчы прымаць мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі, супрацьпастаўляючы гэта таму, як краіна прыняла больш за мільён уцекачоў, якія ратуюцца ад расейскага ўварваньня ў суседнюю Ўкраіну ў лютым 2022 году.
«Прыкладна ў 2014 годзе ў Эўропе пачаўся мігранцкі крызіс, мы сёньня тут, а сытуацыя працягваецца. Людзі ў лясах, нехта пазбаўляе іх годнасьці, некаторыя гінуць. І справа ня ў тым, што ў нас няма рэсурсаў (...). Але ёсьць тыя, хто ім дапамагае. Гэтую ўзнагароду я прысьвячаю жыхарам Падляшша, актывістам: Падляскай службе хуткай дапамогі, групе Granica», — сказала Агнешка Голянд са сцэны кінафэстывалю.
Раней, у інтэрвію Свабодзе, рэжысэрка расказала, што ў яе фільме, пры ўсёй яе сымпатыі да беларускага народу, глядач бачыць толькі прадстаўнікоў рэжыму.
«Гэта вельмі жорсткія і карумпаваныя памежнікі, сілавікі на мяжы. На жаль, у фільме мы ня бачым добрых беларусаў, пра гэта трэба было б зрабіць іншы фільм». — сказала Голянд.
Мігранты з Блізкага Ўсходу і Афрыкі пачалі сьцякацца да беларуска-польскай мяжы ў 2021 годзе, пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка ў адказ на санкцыі прыгразіў Захаду, што ня будзе стрымліваць плынь уцекачоў. На думку Эўразьвязу, афіцыйны Менск наўмысна стварыў мігранцкі крызіс на мяжы.