Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Кіева пацьвердзілі, што помнік Жызьнеўскаму зьнесьлі па іх распараджэньні


Уручэнне літаратурнай прэміі «Воін сьвятла»: пісьменьнікі Багдан Жолдак, Анатоль Бароўскі каля помніка Міхаілу Жызнеўскаму, Кіеў, 2021
Уручэнне літаратурнай прэміі «Воін сьвятла»: пісьменьнікі Багдан Жолдак, Анатоль Бароўскі каля помніка Міхаілу Жызнеўскаму, Кіеў, 2021

У афіцыйным адказе кіеўскіх уладаў Радыё Свабода адсутнічае інфармацыя аб узгадненьні дэмантажу помніка Міхаілу Жызьнеўскаму зь якімі-небудзь грамадзкімі арганізацыямі, актывістамі ці ўстановамі.

У дэпартамэнце культуры Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі (КГДА) паведамілі Свабодзе, што помнік Герою Ўкраіны, беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму зьнесьлі, бо ён ня меў статусу аб’екту культурнай спадчыны.

«Памятны знак Міхаілу Жызьнеўскаму не знаходзіцца на балянсе і абслугоўваньні камунальных прадпрыемстваў Пячэрскага раёну горада Кіева, на балянсе дэпартамэнту культуры і падпарадкаваных яму ўстаноў», — адзначаецца ў афіцыйным адказе на запыт Свабоды.

Дырэктар дэпартамэнту культуры КГДА Сяргей Анжыяк паведаміў, што «памятны знак» Міхаілу Жызьнеўскаму не набыў ахоўнага статусу аўтаматычна, калі тэрыторыя, на якой ён разьмяшчаўся, была ўключана ў Дзяржаўны рэестар помнікаў як помнік гісторыі мясцовага значэньня.

Паводле яго, помнік Міхаілу Жызьнеўскаму зьнесьлі, бо на гэтым месцы вырашылі зрабіць новы мэмарыял героям-кіеўлянам, якія загінулі ў антытэрарыстычнай апэрацыі з 2014 году на ўсходзе Ўкраіны.

Кіеўская гарадзкая рада заказчыкам выкананьня работ ва ўсталяваньні новага мэмарыяльнага комплексу вызначыла камунальнае прадпрыемства ў пытаньнях будаўніцтва жылых будынкаў «Житлоінвестбуд-УКБ».

«Праектна-каштарысная дакумэнтацыя, распрацаваная ў вызначаным заканадаўствам парадку, прайшла комплексную экспэртызу дзяржаўнага прадпрыемства „Укрдержбудекспертиза“, паводле якой атрымалі пазытыўную экспэртную справаздачу», — адзначаецца ў адказе на запыт Свабоды.

Сяргей Анжыяк дадаў, што да кіеўскіх уладаў ніхто не зьвяртаўся па ўсталяваньне або перанос зьнесенага помніка Міхаілу Жызьнеўскаму. Разам з тым, паводле яго, Камісія ў пытаньнях усталяваньня помнікаў, створаная ў КГДА з красавіка 2014 году, можа разгледзець такі зварот, калі ён будзе зроблены.

Кіраўнік дэпартамэнту культуры КГДА дадаў, што для разгляду такога звароту ініцыятары павінны дадаць шэраг прадугледжаных законам дакумэнтаў, у тым ліку:

  • зварот на імя мэра Кіева;
  • гістарычную або гісторыка-біяграфічную даведку пра асобу, якую хочуць ушанаваць;
  • чарнавы эскіз мэмарыяльнай дошкі або памятнага знаку з улікам архітэктурных асаблівасьцяў тэрыторыі, на якой іх прапануюць усталяваць, і тэкст надпісу, апрацаванага Інстытутам украінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук;
  • пісьмовую згоду сваякоў на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі ці памятнага знаку;
  • ліст-згоду ўласьніка будынку або тэрыторыі, на якіх ініцыююць усталяваць памятны знак ці мэмарыяльную дошку.

Што папярэднічала

На пляцоўцы побач з помнікам Міхаілу Жызьнеўскаму, які быў пастаўлены ў лістападзе 2014 году недалёка ад меркаванага месца ягонай гібелі ў Кіеве, на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага, знаходзіўся таксама і помнік украінскаму пісьменьніку Міколу Вінграноўскаму. Яго таксама дэмантавалі, але пасьля ўзьвядзеньня новага мэмарыялу паставілі побач з ранейшым месцам.

Помнік Міхаілу Жызьнеўскаму дэмантавалі і схавалі ў кустах, дзе яго дапамаглі знайсьці актывістам сёлета ў кастрычніку.

Помнік Міхаілу Жызьнеўскаму дэмантавалі таму, што на гэтым месцы мэр Кіева Віталь Клічко ініцыяваў усталяваньне мэмарыяльнага комплексу героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Раней у Музэі рэвалюцыі Годнасьці Свабодзе паведамілі, што дэмантаж помніка Міхаілу Жызьнеўскаму нібыта ўзгаднялі з грамадзкай арганізацыяй «Сям’я Герояў „Нябеснай сотні“».

Аднак у афіцыйным адказе кіеўскіх уладаў увогуле адсутнічае інфармацыя, што пытаньне дэмантажу ўвогуле абмяркоўвалі зь якімі-небудзь арганізацыямі, актывістамі ці ўстановамі.

Міхаіл Жызьнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 году падчас Эўрамайдану ў Кіеве. У 2017 годзе яго ўшанавалі званьнем Героя Ўкраіны і перад гэтым пасьмяротна далі ўкраінскае грамадзянства. Зорку Героя Ўкраіны тагачасны прэзыдэнт Пятро Парашэнка перадаў бацькам Міхася. Забойца дагэтуль ня знойдзены.

У наступным годзе 26 студзеня будзе адзначацца 35-годзьдзе зь дня нараджэньня Міхаіла Жызьнеўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG