Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў пра выкарыстаньне ядзернай зброі: трэба намякнуць, што мы гэта канкрэтна можам зрабіць


Дзьмітрый Шаўцоў, 2016 г. Архіўнае фота.
Дзьмітрый Шаўцоў, 2016 г. Архіўнае фота.

У этэры праграмы «Аб’ектыўна» дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрый Шаўцоў заклікаў даць зразумець краінам Захаду, што Беларусь і Расея гатовыя скарыстаць ядзерную зброю.

Шаўцоў узгадаў падзеі пачатку 1960-х, калі тагачасны кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў разьмясьціў савецкія ракеты на Кубе, чым, па словах Шаўцова, «паставіў, па-першае, на мяжу ядзернай вайны ўсё чалавецтва. Але дакладна паказаў усім сваё месца».

«Я ні да чога не заклікаю, — працягваў Шаўцоў. — Я дастаткова просталінейны чалавек, часам пакутую за гэта. Але, тым ня менш, рэчы трэба зваць сваімі імёнамі. Магчыма, усё ж такі варта людзям намякнуць, што мы не проста вам гаворым і папярэджваем, а мы гэта канкрэтна можам зрабіць».

Раней Генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.


Пасьля гэтага міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба ў звароце да Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе заклікаў выдаць ордэр на арышт генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова.

«Я заклікаю Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Дзьмітрыя Шаўцова, які публічна прызнаўся ў злачынстве па незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны. Усе вінаватыя ў крадзяжы ўкраінскіх дзяцей павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — напісаў Дзьмітрый Кулеба ў Twitter.

Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца заявіла, што «надзвычай сур’ёзна ставіцца да дзеяньняў любога з нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа або Чырвонага Паўмесяца, якія супярэчаць гуманітарнай місіі арганізацыі, асноватворным прынцыпам і палітыцы».


Акрамя таго, у Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа адзначылі, што кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа не выступае ад імя IFRC або якога-небудзь іншага кампанэнта руху і ягоныя заявы не адлюстроўваюць пункту гледжаньня ўсёй арганізацыі.

18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.

Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG