Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў у Скоп’і прыгразіў Малдове, што яна можа стаць «наступнай ахвярай»


Сяргей Лаўроў у Скопʼі
Сяргей Лаўроў у Скопʼі

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў у выступе на сустрэчы Рады міністраў замежных справаў АБСЭ ў Скопʼі (Паўночная Македонія) абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што яны «дабіваюць шанцы АБСЭ на адраджэньне».

У сваім выступе Лаўроў выказаў думку, што арганізацыя «знаходзіцца на краі прорвы», сказаў, што краіны Захаду «ператвараюць АБСЭ ў прыдатак NATO і Эўразьвязу» і заявіў, што мае сумневы ў неабходнасьці «ажыўленьня» арганізацыі.

Лаўроў паўтарыў тэзісы Крамля аб вайне ва Ўкраіне, а таксама прыгразіў Малдове, заявіўшы, што яна можа стаць «наступнай ахвярай у разьвязанай Захадам гібрыднай вайне супраць Расеі». Усім краінам, у якім дзейнічаюць «заходнія эмісары і фонды», як ён выказаўся, «варта задумацца».

Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў краін Балтыі і Украіны ў знак пратэсту супраць прыезду Лаўрова раней адмовіліся ўдзельнічаць у паседжаньні. Дэлегацыя Ўкраіны і, як паведамляюць, яшчэ шэрагу краін падчас выступу кіраўніка МЗС Расеі пакінула залю, а сам Лаўроў, выступіўшы, пайшоў з залі.

Лаўроў упершыню ўдзельнічае ў такім пасяджэньні з пачатку шырокамаштабнага ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну ў лютым летась. Паўночная Македонія і Грэцыя пагадзіліся адкрыць неба для самалёта расейскай дэлегацыі. Раней улады гэтых краін у рамках санкцыяў за ўварваньне ва Ўкраіну забаранілі расейскім самалётам уваходзіць у сваю паветраную прастору.

Створаная ў 1975 годзе як форум для дыялёгу паміж усходнім і заходнім блёкамі, АБСЭ працуе зь цяжкасьцю, бо вайна Расеі ва Ўкраіне выклікае напружанасьць.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну АБСЭ апублікавала некалькі справаздач аб магчымых ваенных злачынствах расейскіх узброеных сілаў і іх злачынствах супраць чалавечнасьці.

Раней на гэтым тыдні Ўкраіна, Эстонія, Латвія і Літва заявілі, што будуць байкатаваць штогадовую міністэрскую канфэрэнцыю, а Польшча заявіла, што прысутнасьць Расеі на саміце «непрымальная».

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль таксама прысутнічае на сустрэчы, але сказаў, што ня будзе сустракацца з Лаўровым наўпрост.

Беларусь бярэ ўдзел у пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў АБСЭ ў Паўночнай Македоніі. Яе прадстаўляе намесьнік міністра замежных справаў Юры Амбразевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG