Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна, Польшча і краіны Балтыі байкатавалі сустрэчу ў АБСЭ на знак пратэсту супраць удзелу Расеі


Саміт АБСЭ у Скоп’і, 30 лістапада 2023 году
Саміт АБСЭ у Скоп’і, 30 лістапада 2023 году

Група рэгіянальнай бясьпекі АБСЭ адкрыла свой саміт у Скоп’і ў чацьвер 30 лістапада.

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) змагаецца за выжываньне, бо Расея блякуе ключавыя рашэньні, у тым ліку бюджэт групы, піша агенцтва AFP. Дадатковую напружанасьць выклікаў удзел у саміце міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, саміт байкатавалі Ўкраіна, Польшча і краіны Балтыі.

«Расейская агрэсіўная вайна супраць Украіны кідае выклік усім кашоўнасьцям гэтай арганізацыі», — сказаў Буяр Асмані, міністар замежных справаў Паўночнай Македоніі і дзейны старшыня АБСЭ, ува ўступным слове напачатку саміту, яго цытуе AFP.

«Вайна падрывае давер, дыялёг і нашу здольнасьць дзейнічаць», — дадаў ён.

Створаная ў 1975 годзе як форум для дыялёгу паміж усходнім і заходнім блёкамі, АБСЭ зь цяжкасьцю працуе, бо вайна Расеі ва Ўкраіне выклікае напружанасьць.

Раней на гэтым тыдні Ўкраіна, Эстонія, Латвія і Літва заявілі, што будуць байкатаваць штогадовую міністэрскую канфэрэнцыю, а Польшча заявіла, што прысутнасьць Расеі на саміце «непрымальная».

Беларусь бярэ ўдзел у пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў АБСЭ ў Паўночнай Македоніі. Яе прадстаўляе намесьнік міністра замежных спраў Юры Амбразевіч.

Украіна хоча, каб АБСЭ выключыла Расею, як гэта зрабіла Рада Эўропы, папярэдзіўшы, што арганізацыі пагражае «павольная сьмерць», калі Масква застанецца ў яе складзе.

«Мы проста ня можам ігнараваць той факт, што міністар замежных справаў Расеі будзе прысутнічаць за сталом арганізацыі, якая павінна будаваць мір і бясьпеку ў Эўропе», — заявіў журналістам у сераду міністар замежных справаў Польшчы Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, які быў у Скопʼі 29 лістапада на вячэры перад самітам з прадстаўнікамі іншых дзяржаваў АБСЭ, 30 лістапада не прысутнічаў.

Лаўроў прыбыў у Паўночную Македонію ўвечары 29 лістапада і, як чакаецца, выступіць на саміце ў сталіцы краіны пазьней у чацьвер, 30 лістапада.

Позна ў сераду Высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што разумее занепакоенасьць некаторых дзяржаваў, але вітаў рашэньне Паўночнай Македоніі дазволіць Лаўрову прыняць удзел, заявіўшы, што яно адпавядае «агульнай мэце захаваньня шматбаковасьці».

«Гэта будзе добрая нагода для яго (Лаўрова) паслухаць непасрэдна ад удзельнікаў гэтай сустрэчы, чаму Расею асуджаюць і ізалююць», — сказаў ён журналістам.

Пасьля некалькіх месяцаў перамоваў Мальта 27 лістапада пагадзілася ўзяць на сябе старшынства ў арганізацыі налета замест чальца NATO Эстоніі, якую Расея і Беларусь адкрыта адхілілі. Чакаецца, што пастанову зацьвердзяць на двухдзённай сустрэчы міністраў.

29 лістапада Расея абвінаваціла заходнія краіны ў спробах перашкодзіць яе афіцыйным асобам быць на саміце.

«Мы бачым спробы часткі Захаду зрабіць усё магчымае, каб перашкодзіць нашай краіне нармальна ўдзельнічаць у гэтай сустрэчы», — заявіла прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава.

Далей яна абвінаваціла некаторыя краіны, не называючы іх, у тым, што яны ставяць пад пагрозу «само існаваньне арганізацыі толькі дзеля таго, каб задаволіць свае амбіцыі».

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну АБСЭ апублікавала некалькі справаздачаў аб магчымых ваенных злачынствах расейскіх узброеных сілаў і іх злачынствах супраць чалавечнасьці.

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль таксама прысутнічае на сустрэчы, але сказаў, што ня будзе сустракацца з Лаўровым беспасярэдне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG