Міністры Латвіі, Літвы і Эстоніі апублікавалі заяву, у якой гаворыцца, што яны не жадаюць легітымізаваць ваенную агрэсію Расеі сваім удзелам.
«У апошнія два гады мы сталі сьведкамі таго, як адна дзяржава – удзельніца АБСЭ актыўна і жорстка спрабуе зьнішчыць іншую. <...> АБСЭ першапачаткова была створаная для ўмацаваньня эўрапейскай бясьпекі, перадухіленьня канфліктаў і захаваньня міру. Расея сваімі незаконнымі і жорсткімі дзеяньнямі зноў і зноў даказвае, што яна не зьяўляецца партнэрам Эўропы ў сфэры бясьпекі. На справе сёньня Эўропа мае патрэбу ў бясьпецы ад Расеі і супраць яе, а ня разам зь ёй», — сказана ў заяве.
Міністры таксама заклікалі да неадкладнага спыненьня ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, дэакупацыі тэрыторый Украіны, кампэнсацыі шкоды і пакараньня для ваенных злачынцаў.
Раней міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што будзе байкатаваць паседжаньне міністраў АБСЭ, таксама праз прысутнасьць на ім Лаўрова. На ўзроўні амбасадараў украінская дэлегацыя будзе прысутнічаць.
- Саміт АБСЭ пройдзе ў Скопʼі, Паўночнай Македоніі, з 30 лістапада па 1 сьнежня. Паўночная Македонія пагадзілася адкрыць сваю паветраную прастору для самалёта Лаўрова для ўдзелу ў саміце. Раней улады Паўночнай Македоніі ў рамках санкцыяў за ўварваньне Расеі ва Ўкраіну забаранілі расейскім самалётам уваходзіць у сваю авіяпрастору.