На інтэрнэт-аукцыёне выставілі на продаж эскіз-праекты алтарных росьпісаў касьцёлу сьвятых Сымона і Алены ў Менску, выкананыя мастаком Юзафам Тэафілем Смалінскім (1865–1927). Яны пакуль у Нямеччыне.
Каштоўнасьць гэтых эскізаў у тым, што яны яшчэ раз паказваюць Чырвоны касьцёл як помнік мадэрну, а ня толькі нэараманскага стылю, лічыць тэлеграм-канал «Спадчына».
28 лістапада стала вядома, што эскізы выкупілі беларусы замежжа.
Па цэнтры ў нябёсах намаляваны Хрыстос, пад ім — выява Чырвонага касьцёла. Хлопчык з старым — гэта Сымон Вайніловіч і ягоны заступнік сьвяты Сымон. Насупраць укленчаная дзяўчына, гэта Алена Вайніловіч.
Шматлікія партрэты жанчыны ў масіўнай кароне — гэта пошук вобразу сьвятой Алены, маці імпэратара Канстанціна, якая адшукала Магілу Хрыста і Жыватворны Крыж, які трымае ў руках. Сярод падборкі малюнкаў мастака ёсьць «мужчынскі партрэт», які, калі паглядзець на іншыя эскізы, насамрэч партрэт Алены Вайніловіч, як пісаў канал.
Эдвард Вайніловіч — гаспадарчы і палітычны дзяяч, мэмуарыст, фундаваў будаўніцтва Чырвонага касьцёла ў Менску ў 1905–1910 гадах. Касьцёл названы ў памяць ягоных дзяцей Сымона і Алены, якія заўчасна памерлі.
Сьціслая гісторыя Чырвонага касьцёлу:
- 21 лістапада 1910 году — асьвячэньне касьцёла.
- 1932 год — савецкія ўлады закрылі касьцёл, перад гэтым разрабавалі.
- 1941 год — нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі там маліцца.
- 1945 год — у храме разьмясьцілі кінастудыю «Савецкая Беларусь», зрабілі некалькі прыбудоваў.
- 1960-я гады — касьцёл маглі ўзарваць, аднак спыніліся на перабудове пад патрэбы Дома кіно.
- 1986 год — вернікі пачалі дзейнасьць па вяртаньні касьцёла.
- 16 траўня 1990 году — будынак вярнулі каталікам.
- 26 жніўня 2020 году — амапаўцы ўзялі Чырвоны касьцёл у аблогу, зачынілі ўнутры дзясяткі вернікаў на 40 хвілін. Падстава — нібыта там хаваліся пратэстоўцы.
- Ноч 26 верасьня 2022 году — пажар у Чырвоным касьцёле. Улады заявілі пра прыпыненьне працы касьцёла і нікога ўнутр не пусьцілі.
- 6 кастрычніка 2022 году — стала вядома, што ўлады забіраюць у вернікаў Чырвоны касьцёл.
Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам цяпер?
- Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
- Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.