Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разам з ксяндзом Акалатовічам затрымалі жанчыну, якая дапамагала весьці ягоную гаспадарку


Ксёндз Генрых Акалатовіч
Ксёндз Генрых Акалатовіч

Пра гэта паведаміў katolik.life. Паводле інфармацыі выданьня, пробашча касьцёла сьвятога Язэпа ў Валожыне Генрыха (Генадзя) Акалатовіча затрымалі 16 лістапада, а афіцыйнае абвінавачаньне ксяндзу пакуль так і ня выстаўлена. Акрамя таго, выданьню стала вядома, што была затрымана жанчына, якая ўжо каля 20 гадоў дапамагала весьці гаспадарку ў плябаніі (сьвятаровым доме).

Як адзначае katolik.life, паводле ўнесеных у Крымінальны кодэкс зьменаў, чалавеку, якога падазраюць, у прыватнасьці, у здрадзе дзяржаве, шпіянажы, тэрарызьме, абвінавачаньне могуць выстаўляць цягам 20 дзён.

Такім чынам, ксяндзу Генрыху Акалатовічу павінны выставіць абвінавачаньне да 6 сьнежня. А пакуль гэтага не адбылося і сьвятар не атрымаў статусу арыштаванага, для яго адмаўляюцца прымаць цёплыя рэчы і прадукты. Удалося перадаць сьвятару толькі бялізну, сродкі гігіены, ручнік і таблеткі — ён мае сурʼёзныя хваробы.

Адваката, зь якім заключана дамова ў абароне сьвятара, да Акалатовіча пакуль не дапускаюць, да працэсуальных дзеяньняў залучаны дзяжурны адвакат.

24 лістапада курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі пацьвердзіла затрыманьне валожынскага ксяндза, адзначыўшы, што ксёндз Генадзь Акалатовіч «у сувязі з затрыманьнем на гэты момант ня можа выконваць пастырскіх абавязкаў», і дадаўшы, што «абставіны справы высьвятляюцца».

19 лістапада ініцыятыва «Хрысьціянская візія» паведаміла, што Акалатовіча затрымалі сілавікі. Паводле інфармацыі ініцыятывы, ён затрыманы ў крымінальнай справе аб «здрадзе дзяржаве», за што можа пагражаць ад 7 да 15 гадоў турмы. Гэтую інфармацыю не камэнтавалі ні сілавікі, ні чыноўнікі, ні ўлады Каталіцкага касьцёлу Беларусі. Дэталі справы і абставіны затрыманьня невядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG