Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: палітвязьня, у якога ў калёніі здарыўся інсульт і інфаркт, хочуць прымусова накіраваць у псыхіятрычны шпіталь


Дзьмітры Сончык, каляж «Вясны»
Дзьмітры Сончык, каляж «Вясны»

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», такая сытуацыя склалася з 48-гадовым палітзьняволеным фатографам Дзьмітрыем Сончыкам, у якога ў лістападзе 2021 году ў магілёўскай турме здарыўся інфаркт, а пасьля — інсульт.

Да вызваленьня Дзьмітрыю Сончыку засталося каля чатырох месяцаў.

Былыя вязьні калёніі № 2 расказалі праваабаронцам, што цяпер Дзьмітрыя ўтрымліваюць у мэдчастцы. Нібыта ў яго «назіраюцца праблемы з псыхічным здароўем», таму турэмныя лекары пад выглядам гэтага даюць яму нейкія лекі. «Лекаваньне» пачалося яшчэ да таго, як палітвязьня зьмясьцілі ў мэдчастку. Супрацоўнікі калёніі хочуць этапаваць Дзьмітрыя на абсьледаваньне ў гомельскі псыхіятрычны шпіталь, але ён адмаўляецца.

Таксама вязьні расказалі праваабаронцам, што ў палітвязьня праблемы з карэспандэнцыяй. Былыя зьняволеныя, якія зьвязаліся з праваабаронцамі, вельмі занепакоеныя станам Дзьмітрыя Сончыка пасьля яго «лячэньня» ў мэдчастцы ў калёніі.

  • Вясельнага фатографа зь Менску Дзьмітрыя Сончыка затрымалі людзі ў цывільным на таніраваным бусе 28 чэрвеня 2021 году за камэнтары ў інтэрнэце. Дома правялі ператрус і забралі ўсю тэхніку, якую пасьля канфіскавалі. Да суду фатографа ўтрымлівалі ў жодзінскай турме.
  • 12 кастрычніка 2021 году судзьдзя Дзьмітры Карсюк з суду Цэнтральнага раёну Менску прызначыў Дзьмітрыю 3 гады калёніі. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Дзьмітры Сончык абразіў і выказаў пагрозу жыцьцю чатырох чалавек у камэнтарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020–2021 гадоў. Пацярпелыя — А. Пераходзька з Івацэвіцкага РАУС, начальнік Нясьвіскага РАУС А. Грынкевіч, старшы лейтэнант Нясьвіскага РАУС Р. Праневіч і супрацоўнік ГУБАЗіКу А. Алёкса. На судзе Сончык тлумачыў, што пісаў камэнтары праз эмоцыі, пасьля прагляду відэа зьбіцьця і затрыманьняў, абураны неправамернымі дзеяньнямі супрацоўнікаў, але падкрэсьліў, што не зьбіраўся ажыцьцяўляць пагрозы.
  • Да затрыманьня ў Дзьмітрыя не было праблемаў са здароўем. У зьняволеньні ён перахварэў на COVID. Да разгляду апэляцыі Дзьмітрыя Сончыка этапавалі зь СІЗА-1 у магілёўскую турму. Там, паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго зьбілі, патрабуючы на камэру выбачэньняў і прызнаньня віны. Праз два тыдні пасьля таго, як Дзьмітрыя прывезьлі ў турму № 4, у яго здарыўся інфаркт, а яшчэ праз два тыдні — інсульт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG